З клопатам пра здароўе


 

На “прамой тэлефоннай лініі”, якую праводзіў галоўны ўрач УАЗ “Пастаўская ЦРБ” Уладзімір Мікалаевіч Чакавы, прысутнічалі таксама галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна Святлана Анатольеўна Рассеева, галоўны ўрач АДРАЦ “Ветразь” Уладзімір Мікалаевіч Нікіфараў і загадчыца Пастаўскай цэнтральнай раённай аптэкі Жанна Анатольеўна Лагвіненка. Паступіла каля дваццаці пытанняў. Адказы на некаторыя з іх былі дадзены адразу персанальна кожнаму, хто звяртаўся, на астатнія друкуем у справаздачы.

— Чаму медыкі настойліва рэкамендуюць штогод рабіць прышчэпкі супраць грыпу?

— Гэта звязана з тым, што пасля вакцынацыі або перанесенага грыпу ў арганізме фарміруюцца ахоўныя антыцелы. Аднак яны захоўваюцца крыху больш за паўгода, а затым разбураюцца. Калі ў наступным годзе прыходзіць новы вірус грыпу, ён зноў застае нашу імунную сістэму знянацку, і мы зноў хварэем. Вось таму вакцынацыю супраць грыпу медыкі рэкамендуюць праводзіць штогод.

— Ці трэба даследаваць мяса хатняй жывёлы на трыхінелёз?

— Абавязкова трэба. Трыхінелёз — небяспечнае для чалавека захворванне, таму з мэтай захавання здароўя неабходна даследаваць мяса свіней. Гэта можна зрабіць у лабараторыі вет­санэкспертызы, якая знаходзіцца на рынку райспажыўтаварыства і працуе штодзень з 8.00 да 16.00; тэлефон 4-24-93.

— Якія патрабаванні трэба выканаць, каб адкрыць магазін па рэалізацыі тавараў для дзяцей?

— Адразу трэба звярнуцца ў аддзел эканомікі райвыканкама. Затым у раённым цэнтры гігіены і эпідэміялогіі атрымаць заключэнне і акт санітарна-гігіенічнай экспертызы на памяшканне магазіна, зацвердзіць асартымент тавараў, якія збіраецеся рэалізоўваць.

— Ці абавязкова перад уступленнем у шлюб абследавацца на ВІЧ і дзе можна прайсці такое абследаванне?

— Для стварэння здаровай сям’і перад уступленнем у шлюб маладыя людзі павінны ведаць усё пра сваё здароўе. Перавагі такога тэсціравання наступныя: ранняя дыягностыка і своечасовае лячэнне могуць знізіць верагоднасць далейшай перадачы віруса пры цяжарнасці ад маці будучаму дзіцяці; людзі, якім дыягназ ВІЧ-інфекцыі ўстанаўліваецца на ранніх стадыях, лепш паддаюцца лячэнню і больш жывуць; калі дыягназ ВІЧ устанаўліваецца на позняй стадыі, часцей развіваюцца ўскладненні і існуе пагроза заўчаснай смерці.

Абследаванне можна прайсці ў райпаліклініцы ў працэдурным кабінеце, у тым ліку і ананімна.

— У магазіне “Родны кут” па вуліцы Савецкай часам рэалізуюцца няякасныя харчовыя прадукты, а таксама прадукты са скончаным тэрмінам годнасці…

— Сапраўды, у гэтым магазіне мелі месца факты рэалізацыі харчовых прадуктаў са скончаным тэрмінам годнасці. За выяўленыя парушэнні ў мінулым го­дзе да адміністрацыйнай адказнасці двойчы прыцягвалася загадчыца магазіна, а таксама быў накладзены штраф на філіял “Каапгандаль №2 Пастаўскага райспажыўтаварыства”. У 2015 годзе да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты загадчыца магазіна і філіял “Каапгандаль №2”. Кіраўніцтву філіяла накіравана прадпісанне аб ухіленні парушэнняў.

— Што рабіць пакупніку, калі ён купіў у магазіне прадукт са скончаным тэрмінам годнасці?

— Неабходна звярнуцца ў адміністрацыю магазіна для замены няякаснага прадукту або вяртання грошай. Таксама можна звярнуцца ў раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі з прадастаўленнем набытага тавару і чэка для правядзення расследавання і прыняцця адпаведных мер.

— Ці можна купіць пуцёўку на 10 дзён для дзяцей дашкольнага ўзросту ў АДРАЦ “Ветразь”, пакуль бацькі адпачываюць за мяжой?

— Купіць пуцёўку можна, але толькі для дзяцей, якія дасягнулі шасцігадовага ўзросту.

— На якія паслугі ў АДРАЦ “Ветразь” можна разлічваць жыхарам нашага і іншых раёнаў?

— У цэнтры даволі разнастайны спектр паслуг: гэта электра-, святло- і цяплолячэнне, лячэнне ультрагукам, магніта-, фіта-, механатэрапія і інгаляцыйная тэрапія, масаж і г. д. Неабходную інфармацыю можна атрымаць па тэлефонах: 5-79-05 (галоўны бухгалтар), 5-79-21 (эканаміст), 5-79-02 (прыёмная галоўнага ўрача).

— Чаму ў варапаеўскай аптэцы пэўны час не адпускалі псіхатропныя прэпараты?

— У аптэцы праводзіліся рамонтныя работы. Згодна з існуючымі патрабаваннямі, цяпер тут ёсць асобнае памяшканне для захоўвання гэтых рэчываў. Яно абсталявана ахоўнай сігналізацыяй. Памянёныя вышэй прэпараты з 1 сакавіка ўжо адпускаюцца пацыентам па рэцэптах урача.

— Як аптэкі раёна спраўляюцца з віруснай атакай?

— Як і кожны год, сёлета да сезонных захворванняў пачалі рыхтавацца загадзя — у лістападзе-снежні. Былі закуплены супрацьвірусныя, гарачкапаніжальныя, болесуцішальныя і імунастымулюючыя прэпараты. Усё гэта ў дастатковай колькасці ёсць у кожнай аптэцы.

Да друку падрыхтавала Галіна ПІШЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.