Заўсёды на сувязі


Ні адзін сучасны чалавек не можа абысціся без паслуг сувязі. Для нас ужо стала звыклым карыстанне тэлефонам, факсам, інтэрнэтам. За тым, каб усе гэтыя даброты былі даступныя жыхарам раёна кругласутачна, у раённым вузле электрасувязі пазменна сочаць чатыры дзяжурныя электрамеханікі. І ўсе яны — жанчыны.

На працоўным месцы ў дзяжурнага электрамеха­ніка два тэлефоны, два камп’ютары са спецыяльна ўстаноўленай праграмай, якая фіксуе ўсю інфармацыю пра аб’екты сувязі (зараз іх у раёне 43), і журналы, дзе запісваюцца ўсе выклікі і рамонтныя работы. На сцяне міргаюць зялёнымі лямпачкамі (у стане безаварыйнай сітуацыі) пажарна-ахоўныя шлей­фы. За шклом — пульт відэаназірання. На ім адлюстроў­ваюцца значныя для вузла сувязі аб’екты горада і раёна. Каб усачыць за ўсёй інфармацыяй, патрэбны вялікая канцэнтрацыя ўвагі і веданне тэхнікі.

— Тры нашы дзяжурныя электрамеханікі маюць сярэднеспецыяльную адукацыю, яшчэ адзін — вышэйшую. Яе якасць і ўменне прымяніць свае веды на практыцы Галіна Антонаўна Альфер, Ірына Еўстаф’еўна Розынка, Святлана Аляксееўна Андрушка (на фота) і Ірына Барысаўна Амбразевіч пацвярджалі неаднаразова — за час работы ўзнагароджваліся: хтосьці — граматай абласнога кіраўніцтва «Белтэлекама», нехта адзначаны як лепшы спецыяліст падраздзялення, і яго фота змешчана на Дошку гонару прадпрыемства, — расказваў пра сваіх падапечных начальнік станцыйнага ўчастка Канстанцін Віктаравіч Кукель. — Усе чацвёра маюць вялікі стаж работы. Кожная ў галіне працуе больш за 30 гадоў, непасрэдна ў раённым вузле электрасувязі — ад шасці да трыццаці аднаго года. Самы вялікі стаж работы ў РВЭС у І. Б. Амбразевіч, для яе гэта адзінае месца  за ўвесь працоўны шлях.

Асноўныя задачы дзяжурных электрамеханікаў — кантроль за наяўнасцю сеткі і станам ахоўна-пажарнай сігналізацыі на аб’­ектах электрасувязі. Гэта днём. А ўначы жанчыны фактычна робяць усё, пачынаючы ад прыняцця рашэнняў, завяршаючы ўключэннем генератара пры экстранным адключэнні электраэнергіі. У аварыйных сітуацыях ім нярэдка даводзіцца ўзаемадзейнічаць з ратавальнікамі, міліцыянерамі, электрыкамі і ахоўнікамі. Сачыць за спраўнасцю каналаў сувязі, якія ў РВЭС арандуюць банкі, воінскія часці і сілавыя структуры, — таксама задача электрамеханікаў. У выхадныя дні, вячэрні і начны час яны замест дыспетчара прымаюць заяўкі ў бюро рамонту.

Вядома, аварыі і іншыя надзвычайныя сітуацыі здараюцца не на кожнай змене. Але бываюць і такія дзяжурствы, калі ў літаральным сэнсе слова няма калі прысесці. Нялёгка вытрымаць і графік: дзяжурства доўжыцца дванаццаць гадзін. Такі рытм не кожнаму пад сілу, але жанчыны кажуць, што ўжо даўно прызвычаіліся і не бачаць сябе на іншым месцы работы.

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.