“Забыць немагчыма, успамінаць балюча”

Общество

Н. М. Седзюкевіч (справа) і Д. І. Пякарская (злева) віншуюць юбіляра са святам.

Дзевяносты дзень нараджэння Дзмітрыя Міхайлавіча Смулько з вёскі Мядзелка выпаў на будны дзень. Тым не менш яны з жонкай чакалі гасцей. Стала добрай традыцыяй, што да ветэрана Вялікай Айчыннай вайны часта наведваюцца прадстаўнікі мясцовай улады, сацыяльнай службы. А на гэты раз такая важкая нагода. У дом да імянінніка завіталі выконваючая абавязкі старшыні Варапаеўскага сельвыканкама Н. М. Седзюкевіч і дырэктар раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Д. І. Пякарская. Яны ўручылі падарункі і юбілейны медаль да 70-годдзя Перамогі.

Увага расчуліла юбіляра. Калі ў размове вярнуліся ў міну-лае, ветэран успамінаць яго без слёз не мог. Нара­дзіўся ў Міёрскім раёне. У сям’і было чацвёра дзяцей. З маленства разам з бацькамі працавалі ў полі, даглядалі жывёлу. Калі Беларусь была вызвалена, прызвалі на фронт.

Д. М. Смулько (першы злева) з баявымі таварышамі з Украіны і Расіі.

— Забыць перажытае немагчыма, а ўспамінаць балюча, — гаварыў Дзмітрый Міхайлавіч. — Перамогу сустрэў у Чэха­славакіі. Якімі ж цяжкімі былі франтавыя дарогі! Як складана было ваяваць у Карпатах: ні акапацца чым, ні захінуцца ад куль. Я быў наводчыкам.

У студзені 1945-га Дзмітрый Смулько ўступіў у камсамол. Да сённяшняга дня захоўвае камсамольскі білет. А свой дваццаты дзень нараджэння сустракаў на полі бою. Радаваўся хлебным сухарам, якія былі асноўным прадуктам харчавання, шчыра верыў у перамогу і з усіх сіл набліжаў яе.

— Цяжкіх раненняў не меў, — успамінаў ветэран. — Аднаго разу блізка разарваўся снарад, і я на некаторы час аглох. Другі раз асколак трапіў у нагу, але моцна не пашкодзіў, і я праз некалькі дзён зноў быў у страі. Гляджу па тэлевізары пра падзеі ва Украіне — і жах ахоплівае: чаму людзі не цэняць мір? Мне давялося ісці плячо ў плячо з рускімі, украінцамі. Мы былі адным цэлым, у нас была агульная мэта — перамога. Таму цяпер вельмі балюча перажываю сітуацыю ў суседняй краіне. Цаню Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку, дзякуючы якому ў нас стабільная абстаноўка, забяспечанасць, няма пакінутых старых, пасільная падтрымка аказваецца маладым сем’­ям. Хіба нам хто так дапамагаў? Пасля вайны я працаваў у школе-інтэрнаце спачатку ў Міёрскім раёне, а пазней перавялі ў Варапаева, вёў урокі працы. Маю шматлікія граматы і Падзякі.

Дзмітрый Міхайлавіч з першай жонкай выхавалі двух сыноў. А калі аўдавеў, сышоўся з Валянцінай Васільеўнай Рыхліцкай з Мядзелкі, якая таксама засталася ўдавой. Разам яны ўжо дваццаць два гады. Дзмітрый Міхайлавіч замяніў унукам і праўнукам Валянціны Васільеўны роднага дзядулю. І яны палюбілі яго ўсім сэрцам. Вось і ў юбілейны дзень нараджэння раз-пораз званіў тэлефон, і імяніннік прымаў ад іх віншаванні.

— Наша старасць забяспечаная, — гаварылі гаспадары. — Атрымліваем пенсію, за намі замацаваны сацыяльны работнік Ірачка. Яна для нас як дачка. Усё зробіць, аб чым ні папросім, пагаворыць з намі, раскажа навіны. Дзякуй ёй за дабрыню.

Валянціна Васільеўна таксама заслужаны чалавек. Ніколі не цуралася ніякай працы. Рупілася дома, першай была ў саўгасе, адна з лепшых звеннявых у раёне па вырошчванні льну. Узнагароджана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. За жыццё выпрабаванняў хапіла. Найбольшая страта — заўчасная смерць сына. Гэта рана нават з гадамі не рубцуецца. Радуюць унукі, якія не забываюць бабулю з дзядулем. Часта адведваюць нявестка з Мягун, дачка з Мінска. Вось і ў юбілей Дзмітрыя Міхайлавіча яна была побач з дарагімі ёй людзьмі.

Гады і перажытае забіраюць сілы. Дзмітрый Міхайлавіч і Валянціна Васільеўна рэгулярна падмацоўваюць здароўе ў бальніцы. На гэты раз дырэктар раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзіяна Іванаўна Пякарская прапанавала падлячыцца ў ваенным шпіталі. Каб дабрацца туды, ветэрану будзе выдзелены цэнтрам транспарт.

— Наперадзе важны юбілей — 70-годдзе Вялікай Перамогі, — гаварыў Д. М. Смулько. — Трэба трымацца, каб адсвяткаваць гэту дату.

Анна АНІШКЕВІЧ.

Фота аўтара і з сямейнага альбома Д. М. Смулько.