А зараз — і тры сыны


Старэйшай дачушцы Шорцаў Іры ішоў адзінаццаты год, малодшай, Олі, — сёмы, калі мама паведаміла, што збіраецца нарадзіць ім браціка або сястрычку. Іра запратэставала: “Сястрычка ёсць, брацік не патрэбны”. Оля ўзрадавалася: “Будзе забава!” Тата песціў на­дзею на з’яўленне доўгачаканага сыночка. А сама мама проста цвёрда ведала, што нізашто не загубіць парастак новага жыцця.

Нарадзілася дзяўчынка, якую назвалі Аняй. У той дзень, калі маму з ёй прывезлі дадому, сястрычкі прыбеглі са школы шчасліва-ўзрушаныя, каб як найхутчэй убачыць жывую прыгожую ляльку. А ўбачылі — і расчараваліся: маленькая, тварык зморшчаны, жаўтлявы. Ды яшчэ плакса… І татавы спадзяванні на сына не спраўдзіліся. Вядома ж, засмуціўся, але выгляду не паказваў. А ў выніку Аня стала для яго самай любімай дачушкай. Напэўна, таму, што завяршыў сваю вайсковую службу і мог прысвяціць ёй намнога больш часу, чым старэйшым дзяўчынкам.

Маме ж Анечка ой як далася ў знакі.

— Да гэтага я не ведала, што такое гадаваць дзяцей, — з гумарам успамінае ўжо даўнія свае клопаты Алена Міхайлаўна Шорац. — Іра і Оля былі спакойнымі — елі, спалі, гулялі. Здаралася, што і хварэлі, але з імі я не мела такіх клопатаў, як з Аняй. Яна — гіперактыўная. Ні сосак, ні пустышак не прызнавала — толькі маміна малако. Прачыналася праз кожную га­дзіну. Але ж нездарма я працавала ў рэанімацыі — да бяссонных начэй прывыкла, таму і вытрымлівала, хоць прыходзілася вельмі цяжка. Да таго ж у мяне ўжо былі памочніцы. Іра і Оля вучыліся ў розныя змены, і я магла, пакінуўшы малую на каторую з іх, адлучыцца з дома ў магазін ці па якіх іншых неадкладных справах.

Алена Міхайлаўна працавала (і зараз працуе) медсястрой, Уладзімір Уладзіміравіч служыў прапаршчыкам. Вялікага дастатку сям’я не мела. Але і не гаравала. Атрымалі трохпакаёвую кватэру, абставілі ўсім неабходным. А якія абновы спраўляла маці для сваіх дачушак! Вязала і шыла сукенкі, спаднічкі, кофты, камізэлькі, касцюмчыкі. Яны заўсёды выдзяляліся сярод сваіх равеснікаў мамінымі эксклюзіўнымі рэчамі і ганарыліся імі.

Забягаючы наперад, скажу, што дочкі Шорцаў даўно выраслі, набылі прафесіі, маюць свае сем’і. Ніхто не скажа пра іх дрэннага слова. Наадварот, многае і многае заслугоў­вае пахвалы. Дык як жа выхоўвалі бацькі сваіх дзяўчынак?

— Метад у нас быў адзін — прывучалі да працы, парадку, адказнасці, — расказвала маці. — Дзяўчынкі па чарзе “дзяжурылі” на кухні. Я толькі гатавала стравы, а памыць посуд, навесці парадак на кухні і ў  пакоях — іх клопат. І гатаваць вучыліся, і грошы ашчаджаць. Разам з намі працавалі на градках і ў полі, вырошчваючы ўра­джай агародніны. Таму, калі спачатку Оля, а пазней і Аня паступалі пасля дзевяці класаў на вучобу ў каледж, мы з бацькам не дужа хваляваліся за іх, бо былі ўпэўнены, што падрыхтавалі да самастойнасці. Дзеці ж як губка: што бачаць у сям’і, тое і ўбіраюць у сябе. Ніякія пралікі ў выхаванні не варта спісваць ні на школу, ні на акружэнне. Усё закладваецца ў сям’і. У гэтым я пераканана на сто працэнтаў.

Для Іры, Ані і Олі Шорац мама і тата, дзядулі і бабулі ва ўсім былі прыкладам і шмат чаму навучылі. У самастойнае жыццё кожная ўступала з багатым багажом сямейных каштоўнасцей і традыцый, верай у свае сілы і здольнасці.

Усе тры вучыліся на бюджэце. Іра закончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры, магістратуру і аспірантуру, з’яўлялася стыпендыяткай Прэзідэнцкага фонду для асабліва адоранай і таленавітай моладзі. Зараз працуе навуковым супрацоўнікам музея Максіма Багдановіча. Год назад выйшла замуж за вядомага журналіста Аляксандра Мацяса, якога мы часта бачым на тэлеканале “АНТ”.

Оля (зараз яна Іванова) закончыла спачатку Полацкае музычнае вучылішча, а затым завочна Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка па спецыяльнасці “Музыка і псіхалогія”. Выкладае ў Пастаўскай школе мастацтваў. Зараз у дэкрэтным водпуску па доглядзе дачушкі Насці, якой у жніўні гэтага года споўніцца тры годзікі. Муж Коля — ваеннаслужачы, а дома — майстар на ўсе рукі. Нядаўна купілі кватэру, якую з любоўю абуладкоўваюць сваімі сіламі.

Аня — прыроджаная танцорка, таму зусім заканамерна, што вучыцца паступіла ў Віцебскі каледж мастацтваў. Спасцігала харэаграфію сама і паралельна вучыла гэтаму дзетак у школе. У скла­дзе папулярнага танцавальнага калектыву “Лявоніха” выступала ў Даўгаўпілсе, Растове-на-Доне, Польшчы, у Палацы Незалежнасці ў Мінску. Але, на жаль, аднымі танцамі, вобразна кажучы, на хлеб з маслам не заўсёды заробіш. І Аня пераарыентавалася. Хобі засталося, а прафесію змяніла. Сёлета завочна заканчвае Віцебскі тэхналагічны ўніверсітэт (“Фінансы і крэдыт”). Напрыканцы сакавіка паспяхова здала дзяржэкзамен, у чэрвені абараняе дыплом. Працуе ў адным з віцебскіх банкаў. Муж Аляксей — індывідуальны прадпрымальнік. Завяршаюць будаўніцтва ўласнага дома.

Ну як не радавацца бацькам за сваіх дачок? А я цікаўлюся ў Алены Міхайлаўны тым, як зараджалася іх з Уладзімірам сям’я, якой летась споўнілася ўжо 35 гадоў.

— Пазнаёміліся мы на танцах у маі 1979-га, калі я яшчэ вучылася ў Полацкім медвучылішчы, а ў Паставы прыехала на практыку, — расказвала А. М. Шорац. — А ў верасні ўжо згулялі вяселле. Спачатку жылі з яго бацькамі, затым атрымалі невялічкую кватэру. А ўсяго чатыры разы пераязджалі з кватэры на кватэру, бо яны былі пад бронню і з вяртаннем гаспадароў іх даводзілася вызваляць. Усё як ва ўсіх — працавалі, гадавалі дзяцей, саступалі адно аднаму.

А самае галоўнае — кахалі. Таму і захавалася ­сям’я, добрае выхаванне атрымалі дзеці. Нават цяпер суседзі адзначаюць: “Вось дык дружная сям’я! Алена і Валодзя ва ўсіх справах разам”.

Мінулы год выдаўся для Шорцаў багатым на падзеі. Дзве з іх радасныя — вяселлі дачок Ані і Іры. Астатнія — маркотныя: Ула­дзімір перанёс інфаркт, адзін за другім памерлі спачатку бацька Алены, за ім — Уладзіміра. Але якія б выпрабаванні ні выпадалі, Алена Міхайлаўна і Уладзімір Уладзіміравіч могуць разлічваць не толькі на сябе, але і на сваіх дачок, а таксама на зяцёў, якія сталі для іх сынамі. Дрэва жыцця сям’і Шорац разгалінавалася, і несумненна, што з гадамі яго крона бу­дзе станавіцца ўсё пышнейшай, прырастаючы галінамі ўнукаў, а затым і праўнукаў. Бо карані роду — моцныя, трывалыя, жыццястойкія.

Фаіна КАСАТКІНА. Фота з архіва сям’і Шорац.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.