Ацэнка дадзена, задачы акрэслены


Пад старшынствам кіраўніка раёна В. С. Гутарава 17 красавіка адбылося адкрытае пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта, на якім абмеркавана пытанне “Аб ходзе выканання Праграмы дэмаграфічнай бяспекі Віцебскай вобласці на 2011—2015 гады”. У рабоце пася­джэння прынялі ўдзел намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны А. А. Румак, першы намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама М. Р. Кашапаў, намеснік начальніка ўпраўлення аховы здароўя аблвыканкама М. М. Каспяровіч.

Заслухана інфармацыя галоўнага ўрача ўстановы аховы здароўя “Пастаўская цэнтральная раённая бальніца” У. М. Чакавага. Агучаны лічбы 2014 года і іх параўнанне да 2011-га, калі Праграма пачала дзейнічаць: у 2014 годзе ў раёне паказчык нараджальнасці склаў 11,5 праміле (115% да ўзроўню 2011 года), агульная смяротнасць — 18,6 праміле (-11,8%), смяротнасць у працаздольным узросце — 5,7 на 1 тысячу працуючых (-13,6%), дзіцячая смяротнасць — 2,33 праміле (у 2,3 раза ніжэй), цяжар першаснай інваліднасці ў працаздольным узросце — 45,9% (67,1%), удзельная вага родаў без ускладненняў — 40,4% (-27,6%). За 2014 год у раёне нарадзі­лася 429 дзяцей (+45), а агульная смяротнасць знізілася да 2011 года на 116 чалавек. Узровень натуральнага прыросту насельніцтва ў 2014 годзе склаў мінус 7,1, што з’яўляецца найлепшым паказчыкам за апошнія 10 гадоў.

У. М. Чакавы высокакампетэнтна, з выкарыстаннем слайдаў далажыў прысутным таксама пра напрамкі работы медыцынскіх устаноў раёна, умацаванне іх матэрыяльна-тэхнічнай базы, укараненне новых тэхналогій, фарміраванне ў насельніцтва матывацыі да здаровага ладу жыцця і пра іншыя аспекты дзейнасці медыкаў, агучыў пытанні, якія патрабуюць вырашэння.

Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама П. Л. Курто гаварыў аб занятасці насельніцтва, стварэнні ўмоў, якія забяспечваюць захаванасць жыцця і здароўя людзей, зніжэнні траўматызму, сацыяльнай падтрымцы сем’яў, у якіх выхоўваюцца дзеці, і пажылых людзей.

Загадчыца наркалагічнага аддзялення цэнтральнай раённай бальніцы Ж. П. Папова завастрыла ўвагу на тым, што алкагалізацыя насельніцтва адмоўна адбіваецца на дэмаграфічнай сітуацыі ў раёне, і спынілася на мерах, якія прымаюцца па прафілактыцы п’янства, лячэнні ад алкагалізму і вяртанні залежных людзей да паўнавартаснага жыцця.

У абмеркаванні пытання прынялі ўдзел таксама начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях А. І. Кісель, старшы дзяржаўтаінспектар Дзяржаўтаінспекцыі А. І. Цымбалюк, старшыня раённай арганізацыі рэспубліканскага дзяржаўнага грамадскага аб’яднання “Беларускае рэспубліканскае таварыства выратавання на вадзе” А. Г. Іўко.

Рысу пад размовай падвёў намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны А. А. Румак, які станоўча ацаніў работу пастаўчан па выкананні Праграмы дэмаграфічнай бяспекі Віцебскай вобласці на 2011—2015 гады і пажадаў новых поспехаў у яе далейшым ажыццяўленні.

Па абмеркаваным пытанні прынята разгорнутае рашэнне, у якім пастаўлены канкрэтныя задачы перад цэнтральнай раённай бальніцай, раённым цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі, упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, аддзелам адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, раённым камітэтам грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”, рэдакцыямі раённай газеты і тэлебачання “Паставы-ТБ”, РАУС, УП ЖКГ, таварыствам выратавання на вадзе, РАНС, старшынямі сельскіх Саветаў, кіраўнікамі арганізацый і прадпрыемстваў.

Фаіна КАСАТКІНА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.