Ад сям’і да Радзімы


Выхавальнік Т. А. Кузькіна падчас заняткаў з дзецьмі ў нацыянальным кутку.

Памятаеце папулярную ў савецкія часы песню “С чего начинается Родина” на словы Міхаіла Матусоўскага? Яе можна назваць своеасаблівай мадэллю патрыятычнага выхавання чалавека, аснова якога закладваецца ў дзяцінстве з фарміравання любові  да сваіх блізкіх і таго месца, дзе нарадзіўся і вырас. А потым гэта становіцца асновай для фарміравання любові і павагі да краіны ў цэлым. Менавіта так будуецца працэс выхавання ў любым дзіцячым садку. У адным з іх, пад нумарам 5 у Паставах, мне нядаўна давялося пабываць.

У “Рамонку” (такую назву носіць садок) маленькіх беларусаў пачынаюць выхоўваць з першых дзён іх прыходу сюды. У кожнай групе ствараюць умовы, каб дзіця зразумела, што яно жыве ў Беларусі і з’яўляецца прадстаўніком беларускага этнасу. Па словах намесніка загадчыцы садка па асноўнай дзейнасці Святланы Фадзееўны Карпавай, адной з самых распаўсюджаных форм работы з дашколь­нікамі з’яўляюцца альбомы для разглядвання дзець­мі. Так, у групах ранняга ўзросту маюцца альбомы “Мой горад” з каляровымі фотаздымкамі архітэктурных помнікаў, прадпрыемстваў, плошчаў і паркаў Пастаў, “Я — беларус”, “Беларускія народныя казкі”. Дзецям ад 3 да 6 гадоў даецца больш складаны матэрыял для засваення. Для іх створаны нацыянальныя куткі, змест якіх залежыць ад узросту хлопчыкаў і дзяўчынак. У малодшых групах, акрамя названых вышэй альбомаў, там размешчаны гліняныя і саламяныя цацкі. У сярэдніх дзеці пачынаюць вывучаць сімволіку Беларусі — флаг, герб краіны і свайго горада, помнікі архітэктуры і да т.п. А ў старэйшых разгорнута сюжэтна-ролевая гульня “Турагенцтва”. Дзякуючы ёй дашкаляты могуць завочна падарожнічаць па краінах свету і па Беларусі ў прыватнасці, трапіць у любы яе горад, у тым ліку здзейсніць мноства экскурсій па Паставах.

Ёсць у садку і свой этна­графічны куток “Беларуская хата”. Пры вывучэнні дзецьмі традыцый беларускага народа ён дапамагае ўбачыць, як раней быў арганізаваны побыт нашых продкаў. У этнаграфічным кутку праводзяцца экскурсіі і заняткі, у ім можна пагуляць у рухомую беларускую народную гульню. “Беларуская хата” стваралася сіламі педагогаў і бацькоў — апошнія прыносілі розныя рэчы, посуд, дапамагалі зрабіць стол у старадаўнім стылі. Знаёмству з вялікай і малой радзімай садзейнічаюць таксама стэнд “Мой горад Паставы” і беларускі куток з нацыянальнай сімволікай.

Некалькі разоў у год у “Рамонку” ладзяцца тэматычныя тыдні “Мой родны горад”, “Сталіца Мінск”, “Мой родны кут”. На працягу іх падчас заняткаў дзеці вывучаюць усё, што звязана з той або іншай тэматыкай.

— Заняткі на тыдні мы стараемся праводзіць на беларускай мове і ўвогуле ўвесь тыдзень размаўляць па-беларуску. А кожную пятніцу робім дзень роднай мовы, хоць праграмай прадугледжана адна гадзі­на яе развіцця ў тыдзень, пачынаючы з сярэдняй групы, — расказвала С. Ф. Карпава. — Як дзеці ўспрымаюць беларускае слова? Спачатку з цяжкасцю, але паступова прывыкаюць і самі вітаюцца па-беларуску, жадаюць адно аднаму “Смачна есці” замест “Прыемнага апетыту”, ведаюць, як гучаць назвы многіх страў на беларускай мове.

Традыцыйнымі ў садку з’яўляюцца фальклорныя святы: дажынкі, Багач, Дзяды, Каляды, Масленіца, Саракі, Вялікдзень. Да іх педагогі разам з дзецьмі абавязкова афармляюць залу ў стылі беларускай хаткі — з ручнікамі, абрусамі з нацыянальным арнаментам, тканымі дыванамі, атрыбутамі народнага побыту. Напярэдадні свята выхавальнікі расказваюць малышам пра яго гісторыю і значэнне, развучваюць абрадавыя дыялогі і прыгаворы, беларускія народныя танцы, гульні-карагоды, нескладаныя абрадавыя песні, знаёмяць з прыказкамі, прымаўкамі, народнымі прыкметамі.

З пералічанага бачна, якую вялікую работу праводзяць педагогі па патрыятычным выхаванні дашкольнікаў. І кожны ўносіць у яе свой уклад. Напрыклад, С. В. Дзятлік распрацавала серыю канспектаў па азнаямленні дзяцей з родным горадам, якія выкарыстоў­ваюць у рабоце астатнія выхавальнікі садка. Н. Б. Котлер з мінулага года працуе над тэмай азнаямлення дашкольнікаў з гісторыяй ваенных падзей і подзвігам абаронцаў Айчыны — робіць падборку матэрыялаў пра вуліцы Пастаў, названыя ў гонар герояў Вялікай Айчыннай вайны, мульт­фільмаў на ваенную тэматыку, розныя мультымедыйныя прэзентацыі для дзяцей. Увогуле, да юбілейнай даты ў “Рамонку” рыхтуюць цэлы шэраг мерапрыемстваў. Сярод іх экскурсіі па горадзе і ў раённы края­знаўчы музей, дзень адмаўлення ад ваеннай цацкі, конкурс чытальнікаў “Мы за мір”, спартыўна-музычнае свята. А 8 мая дзеці і выхавальнікі па традыцыі адправяцца ўскладаць кветкі да помніка на брацкай магіле савецкіх воінаў па вуліцы Чырвонаармейскай.

Алена ШАПАВАЛАВА. Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.