Ад знешніх фактараў, створаных уласнаручна


Ігар быў адзіным сынам у маці, і яму споўнілася ўсяго 22. Такая жыццёвая пара — нібыта май у прыродзе: квітней і поўніся сіламі. Сілы былі, а вось дакладная мэта ў жыцці адсутнічала, хаця і даволі запатрабаваную рабочую спецыяльнасць набыў, і ў арміі адслужыў. Праца на вытворчасці не прываблівала — то зарплата не задавальняла, то начальнік аказваўся дужа прыдзірлівым, то яшчэ якая прычына знаходзілася для звальнення. А вось маці высільвалася, каб адзіны сыночак, якога выхоўвала без бацькі, меў усё тое, што і яго равеснікі з багацейшых сем’яў. І з трывогай заўважала, што Ігар усё глыбей гразне ў п’янстве. Яе просьбаў адумацца сын “не чуў”, а слёз роспачы “не бачыў”.

Аднаго разу, прыйшоўшы з работы, жанчына ледзь не абамлела: сын ляжаў у ложку без прыкмет жыцця. Хуткая дапамога, рэанімацыя, адчай маці… У той раз медыкам удалося вырваць яго з учэпістых абдымкаў смерці.

Здавалася б, не проста званочак празвінеў для маладога чалавека, а ўдарыў набат: “Спыніся! Жыццё адно, і прыносіць яго ў ахвяру алкаголю — злачынна не толькі перад сабой, але і перад маці, і перад усім грамадствам”. Не пачуў і набата — ачуняўшы пасля бальніцы, неўзабаве ўзяўся за старое. Фінал не прымусіў сябе доўга чакаць і аказаўся трагічным — малады чалавек памёр дома ад чарговага алкагольнага атручэння.

Гэта сумная гісторыя ўспомнілася мне, калі на адной з нарад пры старшыні райвыканкама абмяркоўвалася пытанне аб прычынах смерці грамадзян на тэрыторыі раёна ў мінулым годзе, а потым прадаставілася магчымасць азнаёміцца з інфармацыйнай запіскай пракуратуры раёна па гэтым жа пытанні. Дык вось, у 2014 годзе на Пастаўшчыне ў выніку злачынстваў, самагубстваў, дарожна-транспартных здарэнняў, няшчасных выпадкаў, атручэння алкаголем, гвалтоўнай смерці (усё гэта лічыцца знешнімі фактарамі) загінула 48 грамадзян. 64 працэнты з іх перад смерцю знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення. Асноўнымі прычынамі гібелі грамадзян з’яўляюцца абставіны некрымінальнага характару. 17 чалавек (15 мужчын і 2 жанчыны) завяршылі жыццё самагубствам, палезшы ў пятлю.

Самая распаўсюджаная прычына гэтага — злоўжыванне алкаголем. Напрыклад, 40-гадовы жыхар райцэнтра Л. па месцы работы быў не на благім рахунку. А вось дома дазваляў сабе расслабіцца — злоўжываў спіртнымі напіткамі. Напіўшыся, учыняў сямейныя скандалы, з-за чаго жонка збіралася падаваць на развод. Пасля чарговага скандалу моцна п’яны вечарам пайшоў з дома… і павесіўся, “вырашыўшы” такім чынам свае сямейныя праблемы.

Сельскаму механізатару Р. толькі перакуліла за трыццаць. У працы сябе не шкадаваў. Але і ў гарэлку ўлягаў, не ведаючы меры. Вось і ў той летні вечар прыйшоў дадому пасля 22 гадзін зусім п’яны і адразу ж лёг спаць. Як аказалася, вечным сном — не прайшло і гадзіны, як яго сэрца спынілася. Пры судовым медыцынскім даследаванні трупа ў мачы і крыві было выяўлена адпаведна 7,2 і 6,6 працэнта этылавага спірту — паказчыкі, несумяшчальныя з жыццём.

Пяць жыхароў раёна загінулі летась у выніку пажараў, трое з іх перад смерцю знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення. Яму было 35, ёй — 31. Знялі ў Паставах дом і сталі жыць разам. Абое злоўжывалі алкагольнымі напіткамі і з’яўляліся заядлымі курыльшчыкамі. Пасля чарговай выпіўкі заснулі ў ложку з незатушанай цыгарэтай. Іх жыцці абарваліся ад вострага атручэння вокісам вугляроду.

А колькі такіх п’яных курцоў выратавана дзякуючы пільнасці і нераўнадушнасці старонніх людзей! Пяць чалавек летась утапіліся, усе яны знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення моцнай ступені.

Такія факты можна прыводзіць і прыводзіць. Але ці прымусяць яны задумацца тых, хто стаіць на краі пагібелі? Пакуль медыкі, праваахоўныя органы, грамадскасць усё мацней і мацней б’юць трывогу з прычыны алкагалізацыі часткі насельніцтва, самі прыхільнікі Бахуса наперакор усім законам прыроды і грамадства ўласнаручна губяць сваё жыццё і калечаць лёсы блізкіх ім лю­дзей. Прайдзіце па могілках — колькі там помнікаў дачасна адышоўшым у вечнасць. Так, многіх звялі са свету страшныя невылечныя хваробы. Але ж тыя людзі шукалі паратунку ад іх — лячыліся, цярпелі аперацыі, верылі да апошняга. А алкагалізм хіба не хвароба? Дык чаму б не прызнаць гэта і не звярнуцца па паратунак? Тым больш што цяперашнія медыцынскія тэхналогіі сапраўды эфектыўныя, а ў Пастаўскай цэнтральнай раённай бальніцы з 2 студзеня бягучага года адкрылася наркалагічнае ад­дзяленне (адзінае пры цэнтральных раённых бальніцах вобласці), і ў ім прымяняюцца найноўшыя тэхналогіі, каб вырваць чалавека з алкагольнай залежнасці. Але найперш ён сам павінен мець матывацыю да гэтага.

Фаіна КАСАТКІНА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.