Адзначаны найлепшыя работнікі УП ЖКГ (+фота)


Сваё прафесійнае свята — Дзень работнікаў бытавога абслугоўвання насельніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі — калектыў УП “Жыллёва-камунальная гаспадарка Пастаўскага раёна”, які налічвае 720 чалавек, па традыцыі адзначыў у раённым Доме культуры па вуліцы Станкевіча. На ўрачыстасці прысутнічалі прадстаўнікі ўсіх падраздзяленняў самай разгалінаванай і запатрабаванай у раёне службы. Іх віталі начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама М. К. Доўмант і дырэктар УП ЖКГ І. Г. Глушонак.

А пачалося свята з прагляду відэа­фільма, падрыхтаванага работнікамі прадпрыемства. І хаця доўжыўся ён усяго 15 хвілін, прысутныя ў зале змаглі ўбачыць, чым  займаецца калектыў, якія выконвае работы, над чым працуе сёлета. Гэта стала  вельмі карысным і пазнавальным, пацвердзіла тое, што работнікі камунальнай гаспадаркі надзейна служаць людзям, забяспечваюць жыццядзейнасць горада і раёна ў цэлым.

Затым адбылося знаёмства з тымі, хто ўносіць найбольшы ўклад у набыткі калектыву, клапоціцца пра дабрабыт жыхароў горада і сельскай мясцовасці. Ганаровыя граматы райвыканкама і Падзякі старшыні раённага выканаўчага камітэта атрымалі начальнік вытворча-тэхнічнага аддзела Вольга Шыцько, электрагазазваршчыкі Аляксандр Ігнатовіч і Анатолій Канавальчык, слесар Казімір Лаўрыновіч, аператар Леанід Максімовіч, прыбіральшчыца тэрыторыі Святлана Бароўка.

12 чалавек узнагароджаны Ганаровымі граматамі УП ЖКГ.  У іх ліку слесар Андрэй Колца, машыніст кацельні Сяргей Цяляк, вадзіцель Генадзій Рамановіч, апаратчык Алёна Пачкоўская і іншыя.

Урачыстай атрымалася цырымонія ўшаноўвання пераможцаў спаборніцтва ў намінацыі “Лепшы па прафесіі”. Такога высокага звання ўдастоены слесар Леанід Бучэль, вадзіцель Юрый Стоцік, электраманцёр Уладзімір Грыбко, страхар Юрый Янковіч, электрагазазваршчык Уладзімір Кажарновіч.

З нагрудным знакам галіновага міністэрства Рэспублікі Беларусь “Ганаровы работнік жыллёва-камунальнай гаспадаркі” вярнуўся са сталіцы краіны напярэдадні свята намеснік дырэктара УП ЖКГ па жыллёва-эксплуатацыйнай службе Аляксандр Раманенкаў. Ганаровымі граматамі ўпраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі аблвыканкама адзначана праца вадзіцеля пагрузчыка Аляксандра Дунца, сталяра Данііла Бурлакова, вальшчыка лесу Часлава Тананы, пашпартысткі Наталлі Кабайла.

Але не працай адзінай жыве калектыў. Па выніках мінулага года  УП ЖКГ прызнана адным з пераможцаў абласнога конкурсу на лепшы стан ідэалагічнай работы. А на свяце  ўручаны дыпломы рэспубліканскай і Віцебскай абласной арганізацый Беларускага прафсаюза работнікаў мясцовай прамысловасці і камунальна-бытавых прадпрыемстваў ­удзельніку мужчынскай валейбольнай каманды Віталію Варанцу, якая заняла трэцяе месца ў рэспубліцы, і капітану каманды па шахматах Сцяпану Дзяшуку, якая выйшла на трэцяе месца ў вобласці.

Арганізатары кветкамі віталі  запрошаных на свята ветэранаў працы. А затым свой музычны падарунак прысутным паднесла народная эстрадная група “25 плюс-мінус” раённага Дома культуры.

 

 

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.