Часу хапае на ўсё

Общество

Каля дома №13 па завулку 17 Верасня ў райцэнтры заўсёды пануе ідэальны парадак. З ранняй вясны і да позняй восені ў гародчыку буяюць кветкі розных гатункаў, цягнуцца ўгору разнастайныя кусты і дрэвы. Вось і сёлета аднымі з першых тут распусціліся першацветы: крокусы, нарцысы, сцылы, пралескі.

Гаспадыня дома — Валянціна Андрэеўна Карытка. У Беларусь з Бранскай вобласці разам з мужам пераехала ў 1969 годзе. Спачатку жылі ў Рагачове, а пятнаццаць гадоў таму ўслед за малодшай дачкой і зяцем перабраліся ў Паставы. Дагледжаная тэрыторыя вакол дома — цалкам заслуга Валянціны Андрэеўны. Любоў да парадку яшчэ ў дзяцінстве ёй прывіла мама. Успамінае, як разам з сёстрамі рэгулярна мялі вуліцу ўздоўж дома і агарода. Захапленне кветкамі, мяркуючы па ўсім, таксама перадалося па спадчыне:

— Мой дзядуля вельмі любіў кветкі, першым у вёсцы каля свайго дома пасадзіў герань. Маму яны таксама прываблівалі, шмат насення кветак яна выпісвала па пошце, — расказвае В. А. Карытка. — Спачатку і я набывала расліны, абменьвалася з сябрамі. Цяпер у мяне іх так шмат, што раздаю знаёмым, суседзям, аддаю ў аддзел па добраўпарадкаванні і азеляненні жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

Сапраўды, чаго тут толькі няма! Перад домам у цэнтры дагледжанага газона вялізным шарам расце ядловец. Некалькі галінак расліны Валянціна Андрэеўна калісьці прывезла з культурна-дэндралагічнага комплексу вёскі Мосар. Побач красуюцца туі, раскашуюць кветкі. Але гэта толькі вярхушка айсберга. Сапраўдны батанічны сад размяшчаецца за домам. Тут суседнічаюць вінаград, маліннік, чаромха, вяйгела, лаванда, айва японская, фундук, грэцкі арэх, каліна… Пералічыць усе кусты і дрэвы проста немагчыма, не кажучы ўжо пра гатункі кветак. Каб зразумець, наколькі Валянціна Карытка захоплена развядзеннем кветак, дрэў і кустоў, дастаткова зайсці на яе старонку ў сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі». Тут можна знайсці каля трохсот здымкаў, на якіх зафіксавана тое, што вырашчана яе клапатлівымі рукамі. Кажа, што сфатаграфавала і загрузіла ў інтэрнэт гэтую прыгажосць для таго, каб доўгімі зімовымі вечарамі любавацца на тое, што так дорага сэрцу.

На жаль, не ўсе могуць ацаніць, колькі сіл, працы і клопату ўкладвае ў любімую справу Валянціна Андрэеўна: некалькі гадоў таму нехта выкапаў з коранем дзве вялікія туі. Жанчына здзіўляецца такому варварскаму ўчынку: гэтыя дрэвы разводзяцца вельмі лёгка, дастаткова было проста папрасіць падзяліцца ўпадабанай раслінай.

З усіх відаў работ на зямлі В. А. Карытка давярае малодшаму пакаленню (пакуль дабудоўваюць уласны дом па суседстве, дачка, зяць і трое ўнукаў часова жывуць у яе) толькі праполку, якая ажыццяўляецца пад пільным кантролем. І гэта нягледзячы на тое, што клопатаў у Валянціны Андрэеўны хоць адбаўляй: ужо на працягу шасці гадоў яна даглядае ляжачую маці. Ксеніі Кузьмінічне Свінуховай 91 год, яна ветэран Вялікай Айчыннай вайны. Пасля смерці цёткі Валянціна Карытка ўзяла да сябе і стрыечнага брата, які пасля інсульту застаўся недзея­здольным. А нядаўна такая ж хвароба падкасіла і мужа. Усе трое маюць патрэбу ў пастаянным доглядзе. Але ў Валянціны Андрэеўны сіл хапае на ўсё. Сапраўды, той, хто хоча нешта рабіць, шукае магчымасці, хто не хоча — апраўданні.

Вераніка ФІЛАНОВІЧ. Фота аўтара і  В. А. Карытка.

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.