“Цяпер я ведаю, што такое шчасце”


“Отворите окно, отворите —

Так хочу я на небо смотреть!

Синий «ost» от груди оторвите,

Не могу это больше терпеть…”

Лынтупчанка Фяціння Іванаўна Філімонава пачынае чытаць уласны верш і не можа стрымаць слёз. Гэтыя радкі яна яшчэ дзяўчынай склала ў бараку фашысцкага працоўнага лагера, куды ў 16-гадовым узросце была вывезена на прымусовыя работы. Успамінаючы той час, пажылая жанчына часта закрывае твар абедзвюма рукамі, нібы хаваючыся ад успамінаў. Але яны — жудасныя і падрабязныя — не адступаюць.

Не губляла веры ў Бога  і дабрыню

Яна нарадзілася ў вёсцы Мірклішкі Камайскага сельсавета, якая пэўны час уваходзіла ў склад Гадуцішскага раёна. Бацькі былі вялікімі працаўнікамі: мелі 12 гектараў зямлі, якая і карміла сям’ю з чатырма малымі дзецьмі. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, Фяцінні было 14, двум малодшым братам не споўнілася і дзесяці гадоў. Старэйшы пайшоў у партызаны, за што родным давялося паплаціцца. Калі ворагі даведаліся пра гэты факт, забралі дзяўчынку і яе тату ў турму ў літоўскім Швянчонісе. “Скалечыць не скалечылі, але асабліва і не шкадавалі”, — успамінала допыты 88-гадовая жанчына. — Яны аказаліся толькі пачаткам таго невыноснага фізічнага і душэўнага болю, які давялося вынесці…”

Бацька так і прасядзеў у турме да заканчэння вайны, а вось Фяцінню разам з іншымі маладымі дзяўчатамі вясной 1943 года пагрузілі ў таварняк і павезлі на прымусовыя работы ў Германію: спачатку ў Дахау, потым — у Мюнхен.

Працавала ў асноўным на будоўлях, у тым ліку і бомбасховішча. Месцы пражывання даводзілася мяняць даволі часта.

—            Памятаю, прывезлі, кінулі ў голыя бетонныя сцены, дзе ні вокнаў, ні дзвярэй, — успамінала мая суразмоўца. — Саломы шпурнулі, нібы жывёле, — спіце. Потым сякія-такія ўмовы ўсё ж стварылі. Але лягчэй ад гэтага не стала. Працавалі цяжка, заўсёды паўгалодныя.

Аднойчы Фяціння вярнулася з будаўнічых работ, а барака няма — разбамбілі. Авіяцыйныя налёты англічан і амерыканцаў на нямецкія гарады былі ў той час прывычнай з’явай.

— Мне проста пашчасціла, што ў той момант адсутнічала ў памяшканні, — працягвала жанчына аповед. — Там знахо­дзілася нямала маіх знаёмых. У іх ліку была цэлая сям’я: бацька, маці, бабуля і чацвёра дзяцей. Загінулі ўсе.

Пакуты прымусовай працы для маладой дзяўчыны скончыліся 30 красавіка 1945 года. І тут, калі, здавалася, усё самае страшнае засталося ў мінулым, прыйшла яшчэ адна бяда: Фяцінню падкасіла малярыя. Давялося легчы ў польскую бальніцу.

— У маладосці пабачыла многа зла і жорсткасці, але ніколі не пераставала верыць у Бога і чалавечую дабрыню, — прызнавалася. — І недарэмна. У ключавыя моманты, калі ад жыцця да смерці быў адзін крок, на маім шляху трапляліся людзі, якія літаральна вярталі з таго свету. І кожнаму я дагэтуль удзячна.

Жанчына прызнавалася: у яе было нямала магчымасцей застацца ў Германіі, суседніх з ёй краінах, але, як ніколі ў жыцці, хацелася дадому, да мамы…

Самы надзейны “тыл”— сям’я

Новае жыццё на малой радзіме пачалося ў лістападзе 1945 года. З часам выйшла замуж, працавала ў калгасе: спачатку кладаўшчыцай, потым касірам у канторы. Напрыканцы 1950-ых гадоў адправілася з мужам на заработкі ў Карэлію. Там на лесараспрацоўках адпрацавалі каля шасці гадоў. Нарадзіліся два сыны — Уладзімір і Васілій (сёння адзін жыве ў Лынтупах, другі — у пасёлку Дружны пад Мінскам).

Калі вярнуліся дадому, муж уладкаваўся на працу ў лясніцтва, яна — на швейную фабрыку ў літоўскім Швянчонісе. За сваю сумленную працу мае шмат падзяк, узнагарод.

Муж памёр 13 гадоў назад, мала не дажыўшы да залатога вяселля. З таго часу Фяціння Іванаўна жыве адна. Дзеці гатовыя забраць яе да сябе, але тая заўсёды адмаўляецца: калі здароўе дазваляе быць адной, навошта штосьці мяняць?

Дзеці і іх сем’і ў доме маці частыя госці. Яны не толькі радуюць сваёй прысутнасцю, але і ва ўсім дапамагаюць. Хата Фяцінні Філімонавай выключна дагледжаная: сцены ярка пафарбаваны, у двары чысціня. А колькі тут арыгінальных вырабаў! Вось ля студні застыў драўляны бусел з жабкай у чырвонай дзюбе, вось самаробны павук “сплёў” з дроту павуцінне, побач з ім размясціўся вуж з карагі і пластмасавых бутэлек. Гэта і многае іншае — справа рук сына Васілія, які па-сапраўднаму захоплены творчасцю з падручных матэрыялаў і не ўпускае магчымасці заняцца ёй ці не ў кожны прыезд да маці.

У гасцях у былога вязня бываюць і мясцовыя школьнікі. Фяціння Іванаўна — жывая гісторыя. Сёлета яна адзіная на Лынтупшчыне атрымала юбілейны медаль “70 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.” Ні ветэранаў, ні ўдзельнікаў вайны, ні іншых вязняў фашысцкіх канцлагераў, турмаў, гета і іншых месцаў прымусовага ўтрымання на тэрыторыі сельсавета, на жаль, не засталося.

Фяціння Філімонава на жыццё не скардзіцца. Наадварот, неаднойчы паўтарала пра ўвагу, клопат дзяржавы пра нямногіх жывых сведкаў тых жудасных падзей.

— Я ніколі так добра не жыла, як цяпер, — на вачах Фяцінні Іванаўны зноў наварочваюцца слёзы, толькі ў адрозненне ад тых, што былі ў пачатку размовы, яны ўжо ад радасці. — Цяпер ведаю, што такое шчасце — гэта мір, дабрабыт, увага дзяцей і блізкіх. Адно толькі вельмі непакоіць: праўнукаў не магу дачакацца… Але хіба семдзесят гадоў назад я магла б паверыць у тое, што некалі буду на гэта наракаць?

Іна СНЯЖКОВА. Фота аўтара.



1 комментарий по теме ““Цяпер я ведаю, што такое шчасце”

  1. Шчасця далейшага Вам, мілая жанчына! А якія кранальныя радкі верша, сапраўдная паэзія!

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.