Да дыпломаў атрымалі медалі

Культура Личности

Ліза Глазава (злева) і Лера Патрушава з узнагародамі.

27—29 сакавіка ў Санкт-Пецярбургу праходзіў Х Міжнародны імя І. І. Калініна дзіцячы конкурс-фестываль выканаўцаў на народных інструментах і вакалістаў “Завіруха”, які прысвячаўся 70-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Сярод больш чым 250 яго ўдзельнікаў з Расіі, Беларусі і Латвіі былі і чатыры выхаванкі Пастаўскай дзіцячай школы мастацтваў імя А. Тызенгаўза — цымбалісткі Маша Міхайлава, Саша Палкіна, Ліза Глазава і Лера Патрушава. Усе яны сталі лаўрэатамі музычнага спаборніцтва, арганізаванага Урадам Ленінградскай вобласці, Камітэтам па культуры і Саюзам канцэртных дзеячаў Расіі пры ўдзеле Дзяржаўнага аркестра рускіх народных інструментаў “Завіруха”.

Калі Марыя і Аляксандра ўжо закончылі Пастаўскую ДШМ і зараз з’яўляюцца навучэнкамі адпаведна другога і першага курсаў Віцебскага дзяржаўнага музычнага кале­джа імя І. Салярцінскага, дык Ліза і Лера яшчэ вучацца ў школе мастацтваў у сёмым і другім класах. Педагогам абедзвюх з’яўляецца вядомы ў раёне музыкант, удзельніца заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь фальклорнага ансамбля “Паазер’е” Г. Э. Барысюк. Галіна Эдуардаўна ў свой час была настаўніцай і Марыі з Аляксандрай, прывіўшы ім любоў да цымбалаў. Таму на конкурсе разам з канцэртмайстрам К. Б. Мейшутовіч яна аднолькава перажывала як за цяперашніх, так і за былых вучаніц.

А пахвалявацца прыйшлося, бо канкурэнцыя сярод удзельнікаў была нежартоўнай, а журы — суперпрафесійным: заслужаныя дзеячы мастацтваў, прафесары, кіраўнікі вядучых музычных устаноў і калектываў Расіі. Яны кожную няправільна ўзятую нотку адным вухам пачуюць. Ды нашым дзяўчынкам не прывыкаць да сур’ёзных музычных спаборніцтваў, яны не раз станавіліся лаўрэатамі рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў і фестываляў. Нават другакласніца Лера мае вопыт удзе­лу ў іх. Таму і ў Санкт-Пецярбургу выступілі ўпэўнена, паказаўшы, на што здольныя.

Журы “Завірухі” высока ацаніла прафесіяналізм пастаўчанак. Лізе Глазавай і Леры Патрушавай яно прысудзіла другія месцы ў старэйшай і малодшай узроставых катэгорыях у намінацыі “Шматструнныя бязгрыфныя інструменты”. Саша Пал­кіна ў сваёй групе стала пераможцай у гэтай жа намінацыі, а Маша Міхайлава заняла трэцяе месца. Разам з дыпломамі лаўрэатаў дзяўчынкі атрымалі сертыфікаты аб удзеле ў конкурсе-фестывалі і памятныя медалі.

Алена ШАПАВАЛАВА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.