Дамы-прывіды ў гарадскім інтэр’еры

Общество

Адразу ўдакладнім: размова пра пабудовы, у якіх даўно ніхто не жыве і якія з гадамі трухнеюць і развальваюцца. Яны не толькі псуюць агульную карціну горада, але і ўяўляюць сабой пэўную небяспеку: як правіла, сюды сцякаюцца асобы сумніўных паводзін, пакідаючы пасля сябе брудны след.

Такія дамы ёсць у многіх населеных пунктах. Пра гарадскія на вуліцы Партызанскай у рэдакцыю паведамілі яе жыхары. “Няўжо нельга іх пазносіць?” — пыталіся людзі.

Пытанне адрасавалі начальніку аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Мікалаю Канстанцінавічу Доўманту. Вось што ён паведаміў: “Да нядаўняга часу ў горадзе такіх дамоў налічвалася каля дваццаці. Работа па іх зносе праводзіцца на падставе Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 23.02.2012 года №100 “Аб мерах па ўдасканаленні ўліку і скарачэнні колькасці пустуючых і трухлявых дамоў у сельскай мясцовасці”. Ужо знойдзены ўласнікі такіх дамоў па вуліцах Паркавай, 17 Верасня, П. Марозава, Гагарына, Заводскай. Што датычыць Партызанскай, дык тут ёсць пэўныя складанасці. Скажам, домаўладанне №23 у БТІ зарэгістравана на правах агульнай долевай уласнасці за 4 грамадзянамі, адшукаць якіх пакуль не ўдалося. Але мы гэтым пытаннем займаемся”.

Як і ў кожным іншым аналагічным выпадку, згодна з вышэй памянёным указам, запыты аб уласніках або спадчынніках накіраваны ў БТІ, Глыбоцкі занальны архіў, натарыяльную кантору, РАУС, Энергазбыт, падатковую інспекцыю, ЗАГС. Удасца іх знайсці, і яны зоймуцца сваёй нерухомасцю — добра. Не зоймуцца — пасля выканання пэўных працэдур яна можа трапіць у рэгістр пустуючых дамоў. Для гэтага неабходна, каб па стане на 1 студзеня бягучага года дадзены дом не выкарыстоўваўся для пражывання больш за тры гады запар. У месячны тэрмін пасля ўключэння ў рэгістр накіроўваецца іск у суд аб прызнанні безгаспадарным і перадачы ва ўласнасць райвыканкаму, спыненні права на зямлю. Такі ж лёс “свеціць” занядбаным дамам і ў выпадку, калі ўласнікі або спадчыннікі не будуць знойдзены. Дарэчы, за апошнія два гады знесены чатыры такія дамы ў Паставах і 60 — у сельскай мясцовасці.

У раёне праходзіць месячнік па добраўпарадкаванні, і пастаўчане актыўна наводзяць парадак каля сваіх сядзіб і на прылеглых тэрыторыях. Аднак, мяркуючы па той жа Партызанскай, у многіх жыхароў вуліцы трывала “засела” пазіцыя “мая хата з краю”, маўляў, каму гэта трэба — тыя няхай і турбуюцца аб навя­дзенні парадку.

Але ж у адпаведнасці з Правіламі добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў, зацверджаных пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь №1087 ад 28 лістапада 2012 года і рашэння Пастаўскага райвыканкама №282 ад 21 сакавіка 2014 года, індывідуальныя домаўладальнікі і арандатары домаўладанняў абавязаны забяспечваць чысціню і парадак, абкошваць пустазелле, прыбіраць апалае лісце на сваім участку, а таксама наводзіць парадак на прылеглай тэрыторыі да сярэдзіны праезнай часткі вуліцы па ўсёй даўжыні зямельнага ўчастка, а на незабудаванай прылеглай тэрыторыі — на адлегласці 15 метраў ад граніц участка, прымаць меры па правядзенні свое­часовага правядзення рамонту, пафарбоўкі агаро­джаў прысядзібных участкаў, фасадаў дамоў, дымаходаў, афармляць і ўтрымліваць у належным стане кветнікі, газоны, клумбы, дрэвы і кусты ў адпаведнасці з сезонам года.

Не стала правілам пераймаць вопыт дбайных гаспадароў, якіх на Партызанскай шмат. Некаторыя, наадварот, спаборнічаюць, хто больш смецця выкіне на нічыю тэрыторыю. Сметнікі можна ўбачыць як каля дамоў-прывідаў, так і ўздоўж вуліцы (у пачатку яе) і ў пачатку аднайменнага завулка (на здымках). Смеццезборнікам некалькі гадоў служыць і фундамент пад новабудоўлю, якая вышэй за падмурак так і не вырасла.

Пералік можна працягваць далей. Але ж хацелася б праз які час напісаць пра адваротнае, а менавіта — пра станоўчае. Калі ў справе з дамамі-прывідамі хуткага рашэння быць не можа (выкананне абавязковых працэдур патрабуе пэўнага часу (каля паўгода) і фінансавых сродкаў), дык арганізаваць суботнік па навядзенні парадку ці проста кожнаму выйсці і прыбраць каля свайго дома і на прылеглай тэрыторыі можна неадкладна.

Галіна ПІШЧ.

Фота У. Калібатава.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.