“Дарогамі Перамогі” (+фота)

Культура Общество

У лютым у нашым горадзе адбылася ўрачыстая цырымонія перадачы  міжнароднай эстафеты, якая  праходзіць уздоўж граніц краін СНД і прысвячаецца 70-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, а таксама  выступленне ваеннага аркестра і ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці Смаргонскай пагранічнай групы. Нядаўна Паставы зноў сталі месцам творчай сустрэчы. На гэты раз з калектывам ансамбля органаў пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь, які выступіў з канцэртнай праграмай “Дарогамі Перамогі”.

Мерапрыемства праходзіла ў раённым Доме культуры. На ім прысутнічалі ваеннаслужачыя-пагранічнікі, цывільны персанал часцей Пастаўскага гарнізона, прадстаўнікі раённай ветэранскай арганізацыі, грамадскасць, моладзь горада.

— Прыезд у Паставы, наведванне месцаў дыслакацыі пагранічных падраздзяленняў з’яўляюцца працягам мерапрыемстваў, якія праводзяцца напярэдадні слаўнага юбілею, — адзначыў палкоўнік, намеснік начальніка ўпраўлення ідэалагічнай работы Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Рэспублікі Беларусь Сяргей Касачук. — Сённяшняя сустрэча знамянальная яшчэ і тым, што прысвячаецца Дню яднання народаў Беларусі і Расіі. І гэта глыбока сімвалічна, бо і перамога ў Вялі­кай Айчыннай вайне стала магчымай дзякуючы таму, што Узброеныя Сілы, народы ўсіх рэспублік былога СССР разам паўсталі на барацьбу з фашысцкімі захопнікамі. Здзейснены імі подзвіг — прыклад таго, як трэба любіць Радзіму, абараняць яе тэрытарыяльную цэласнасць, свабоду і незалежнасць. Сустракаючыся з ваеннаслужачымі атрадаў і застаў, жыхарамі населеных пунктаў прыгранічча, прадстаўнікі Дзяржпагранкамітэта, творчы калектыў ансамбля аддаюць даніну павагі нашым дзядам, бацькам, родным і блізкім, якія ўдзельнічалі ў вайне, аддалі свае жыцці за Перамогу.

— Вернасць слаўным традыцыям захоўваюць і прымнажаюць сучасныя вартавыя Дзяржаўнай граніцы, — падкрэсліў палкоўнік, намеснік камандзіра Смаргонскай пагранічнай групы па ідэалагічнай рабоце Дзмітрый Ляшэвіч. —  Воіны-пагранічнікі добрасумленна выконваюць ускладзеныя на іх задачы, раскрываюць шмат злачынстваў, звязаных з кантрабандай, нелегальнай міграцыяй, міжнародным наркагандлем.

Вось і ваеннаслужачыя аддзела пагранічнай службы “Паставы” на ўчастку, які абслугоўваюць, у 2014 годзе затрымалі 8 парушальнікаў Дзяржаўнай граніцы і 72 парушальнікаў пагра­нічнага рэжыму, выявілі 8 выпадкаў адміністрацыйна-мытных правапарушэнняў больш чым на паўмільярда рублёў, некалькі спроб незаконнага перамяшчэння зброі, наркатычных сродкаў, іншыя негатыўныя з’явы.

Прэзідэнт Беларусі, камандаванне Дзяржпагранкамітэта высока цэняць службу вартавых граніцы. Падчас сустрэчы ў Паставах палкоўнік Дзмітрый Ляшэвіч уручыў  медалі “За бездакорную службу” другой і трэцяй ступеняў старшым прапаршчыкам — начальніку інфармацыйнага паста Вячаславу Панкову і інспектару інфармацыйнага паста Вадзіму Лушчыку. Нагрудным знакам органаў пагранічнай службы “За адзнаку” ўзнагароджаны падпалкоўнік, начальнік аддзела пагранічнай службы “Паставы” Алег Зелюкоў. Старшы лейтэнант, начальнік мабільнай пагранічнай заставы Сяргей Казлоў удастоены медаля “70 гадоў вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”.

Затым гаспадарамі сцэны сталі ўдзельнікі ансамбля. У выкананні ўзорна-паказальнага аркестра, вакальнай і танцавальнай груп, салістаў-вакалістаў, якія з’яўляюцца лаўрэатамі міжнародных і рэспубліканскіх фестываляў, прагучалі песні на ваенную тэматыку, сучасныя творы, лепшыя ўзоры класічнай і народнай музыкі, танцавальныя замалёўкі.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.