Галоўнае — захаваць тэхналагічныя патрабаванні

Сельское хозяйство

Камітэт па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама правёў у Паставах семінар-нараду з кіраўнікамі і аграномамі льнозаводаў Віцебскай вобласці. Яго работай кіраваў намеснік старшыні камітэта І. І. Фёдараў.

Перад удзельнікамі семінара-нарады, тэарэтычная частка якога праходзіла ў зале пасяджэнняў раённага выканаўчага камітэта,  выступіў і расказаў аб сацыяльна-эканамічным развіцці Пастаўшчыны кіраўнік раённай вертыкалі В. С. Гутараў.

Намеснік генеральнага дырэктара рэспубліканскага аб’яднання  “Белаграсэрвіс” М. К. Карпук, дырэктар ААТ “Ві­цебсклён” Т. А. Ярома, іншыя адказныя службовыя асобы і спецыялісты  Інстытута льну Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, абласной інспекцыі па ахове раслін і іншых службаў, дзейнасць якіх звязана з  ільнаводчай галіной, прааналізавалі вынікі работы льноперапрацоўчых прадпрыемстваў Віцебшчыны, стан і перспектывы развіцця галіны ў 2015 годзе.

Асаблівая ўвага падчас вучобы была звернута на гатоўнасць матэрыяльна-тэхнічнай базы льнозаводаў да правядзення веснавых палявых работ, захаванне тэхналагічных патрабаванняў па вырошчванні льну-даўгунцу ва ўмовах Віцебскай вобласці, падрыхтоўку сельскагаспадарчай тэхнікі да якаснай апрацоўкі глебы і сяўбы, ахову раслін ад шкоднікаў, хвароб і пустазелля.

Практычная частка вучобы адбылася на базе Пастаўскага льнозавода. Дырэктар П. І. Скурко і яго намеснік А. В. Пяткевіч азнаёмілі ўдзельнікаў семінара з матэрыяльнай базай прадпрыемства, гатоўнасцю тэхнікі да сяўбы,  сыравінным дваром і асноўнай вытворчасцю.

Загадчык лабараторыі вырошчвання і ўборкі льну навукова-практычнага цэнтра Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па механізацыі сельскай гаспадаркі С. Ф. Лойка расказаў аб асноўных патрабаваннях да падрыхтоўкі тэхнікі, арганізацыі яе работы і рэгуліроўкі ў перыяд веснавых палявых работ, адказаў на пытанні прысутных.

Падводзячы вынікі работы семінара-нарады, намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама І. І. Фёдараў падкрэсліў, што галоўнымі задачамі  для кіраўнікоў і спецыялістаў з’яўляюцца дасягненне параметраў комплекснага бізнес-плана развіцця льнаводчай галіны ў 2015 годзе, забеспячэнне заводаў якаснай ільнотрастой у аб’ёмах пад поўную тэхналагічную патрэбнасць. Для гэтага ў першую чаргу, у  адпаведнасці з галіновым рэгламентам, трэба няўхільна выконваць усе тэхналагічныя патрабаванні па вырошчванні льну-даўгунцу, правесці сяўбу ў самыя сціслыя тэрміны.

Пётр КУРЫЛОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.