І лекамі, і словам


Пастаўчанка Анастасія Цяслёнак працуе фельчарам Вярэнькаўскага ФАПа са жніўня мінулага года. За непрацяглы час яе адносіны да работы ў сельскай мясцовасці змяніліся кардынальна. Раней, выхо­дзячы чуць свет з дома, каб паспець на рэйсавы аўтобус, малады спецыяліст ледзь не плакала і марыла толькі пра адно — каб закончыўся тэрмін адпрацоўкі. Цяпер жа яна захоплена расказвае пра сваю працу, якая стала прыносіць ёй вялікае задавальненне.

Насця нарадзілася ў Мар’інай Горцы, але ў дзяцінстве пераехалі з маці жыць у Паставы. Спачатку вучылася ў СШ № 2, потым — у СШ №3. Калі прыйшоў час выбіраць будучую прафесію, па прыкладзе бабулі, якая працавала на фельчарска-акушэрскім пункце, абрала медыцыну.

У 2012 годзе Анастасія паступі­ла ў Полацкі медыцынскі каледж. Вучоба аказалася няпростай, але стараннасць, уседлівасць, цярплівасць далі плён — скончыла ўстанову адукацыі з высокімі адзнакамі. Была магчымасць уладкавацца на працу ў вялікім горадзе, ды сэрца паклікала ў Паставы — тут жывуць не толькі маці, сябры, але і каханы чалавек. Ды і ў цэнтральнай раённай бальніцы Насця адчувала сябе камфортна, бо тут праходзі­ла пераддыпломную практыку.

Размеркаванне атрымала не ў райцэнтр, а на Вярэнькаўскі ФАП. Рабіць першыя крокі ў прафесію аказалася няпроста як фізічна, так і маральна.

— На шчасце, мяне вельмі падтрымала кіраўніцтва раённай бальніцы і калегі, якія ўвагай, парадамі дадалі ўпэўненасці ў сваіх сілах, — успамінала Анастасія. —  За гэта я асабліва ўдзячна галоўнаму ўрачу ЦРБ У. М. Чакаваму, старэйшай медсястры Н. М. Кіёнак, загадчыцы арганізацыйна-метадычнага кабінета Д. І. Яраш, а таксама фельчару Груздаўскага ФАПа І. І. Антаневіч, якая дапамагла разабрацца з дакументацыяй, зрабіць першыя справаздачы. У многім дзякуючы гэтым людзям палюбіла тое, што раблю. Нядаўна захварэла сама, пайшла на бальнічны — і неаднойчы лавіла сябе на думцы: я сумую па вяскоўцах, да якіх прывыкла, перажываю, як яны сябе адчуваюць.

Маладая фельчар абслугоўвае 14 вёсак з насельніцтвам 350 чалавек. Да абеду звычайна прымае людзей, адпускае медыкаменты (на ФАПе ёй дапамагае санітарка Тэрэса Іванаўна Казакевіч), у другой палове дня робіць абходы хворых, інвалідаў, адзінока пражываючых людзей, нядобранадзейных сем’яў, дзяцей да 1 года. Цяпер, калі здала на правы і села за руль уласнага аўтамабіля, рабіць гэта стала істотна прасцей. Ды і вечарамі не трэба “лавіць” спадарожныя машыны, каб дабрацца з Вярэнек да Пастаў (адлегласць ад вёскі да райцэнтра каля 18 кіламетраў).

Трэцяя частка людзей, якія пражываюць на ўчастку, — пен­сіянеры. Насця ўпэўнена: ім патрэбны не толькі лекі, але і шчырыя ўсмешкі, абнадзейлівыя словы, якія аздараўліваюць душу і “рэаніміруюць” настрой. Не сумняваюся, што з гэтым фельчар спраўляецца выдатна.

Анастасія любіць Паставы і не шкадуе, што ў свой час не засталася працаваць у Полацку.

— Большая частка маіх сяброў пасля заканчэння кале­джа вярнуліся працаваць у раённыя цэнтры і сельскую мясцовасць, — працягвала Насця. — Калі гавару з імі па тэлефоне, перапісваюся ў інтэрнэце, асаблівых скаргаў на жыццё, умовы працы не чую. Усе выдатна разумеюць: зняць кватэру ў горадзе і забяспечыць сябе хаця б неабходным маладому спецыялісту вельмі няпроста. Безумоўна, ёсць і тыя, хто пасля атрымання дыплома жыве за кошт бацькоў. Але навошта тады вучыцца? Не, мне хочацца самастойнасці. І дома, на Пастаўшчыне, яе дасягнуць істотна прасцей.

Іна СНЯЖКОВА. Фота аўтара.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.