Калійных — 100%

Сельское хозяйство

Каля 150 вагонаў з калійнымі і азотнымі ўгнаеннямі  дастаўлена ў сакавіку на чыгуначную станцыю Паставы ў адрас райаграсэрвісу і шэрага сельгас­прадпрыемстваў раёна.

Вельмі напружана давялося папрацаваць вадзіцелям і механізатарам гаспадарак. А найбольшая нагрузка лягла на машыніста пагрузчыка райаграсэрвісу Часлава Феліксавіча Фярковіча, які практычна адзін пагрузіў увесь хлорысты калій.

— Нямногім больш як за ты­дзень колькасць калійных угнаенняў павялічылася на 6280 тон і з улікам ранейшых запасаў склала 101 працэнт да патрэбнага, — адзначыла намеснік начальніка райсельгасхарчу па раслінаводстве А. Д. Юрынёнак. — Па гэтым паказчыку мы выйшлі на першае месца ў вобласці. Дзякуючы ААТ “Навасёлкі-Лучай”, “Хацілы-агра”, “Кураполле-агра” і філіялу “Нафтазаводмантаж-агра” ў сярэднім па раёне да 41% узрасла забяспечанасць азотнымі ўгнаеннямі. Горш з фосфарнымі, але ў цэлым у параўнанні з мінулагодняй веснавой сяўбой сёлета глеба атрымае больш пажыўных рэчываў. А гэта адна з гарантый таго, што і ўра­джай зерневых і кармавых культур павінен быць вышэйшы.

Да яго фарміравання, як сведчаць аператыўныя даныя дыспетчарскай службы ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, у раёне ўжо прыступілі. У ААТ “Навасёлкі-Лучай”, “Янавіца-агра”, “Ярэва-агра”, “Кураполле-агра”, “Камайскі-агра”, СП “Дунілавічы-агра”, філіяле “Нафтазаводмантаж-агра” і некаторых іншых уносяць калійныя ўгнаенні пад шматгадовыя травы, яравую сяўбу, на лугавых угоддзях. У гаспадарках вядзецца падкормка азімых зерневых, рапсу і траў азотнымі ўгнаеннямі.

Пётр КУРЫЛОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.