Кансультацыі на месцы: зручна і карысна


Галоўны прававы інспектар працы Віцебскага абласнога камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў культуры В. У. Барышава (першая злева) дае кансультацыі дырэктару цэнтральнай раённай бібліятэкі Л. Г. Касцень (другая справа), старшыні прафкамітэта І. А. Жукян і члену прафкама Н. А. Балошка.

Па ініцыятыве Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі прававыя інспектары працы пачалі па ўсёй краіне праводзіць бясплатныя юрыдычныя кансультацыі. Плануецца, што адзіным днём прававой дапамогі насельніцтву стане апошні чацвер месяца. У наш раён у лютым прыязджала галоўны прававы інспектар працы Віцебскага абласнога камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Т. Я. Яшчанка. У канцы сакавіка ў Паставах кансультавала грамадзян і юрыдычных асоб яе калега з абласнога камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў культуры Вольга Уладзіміраўна Барышава.

— Кансультацыі грамадзян застаюцца важнейшым кірункам дзейнасці прававых інспектараў працы галіновых прафсаюзаў, — гаварыла старшыня Пастаўскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Іна Аляксееўна Далецкая. — На прыём людзі прыходзяць з рознымі пытаннямі: просяць растлумачыць парадак выплаты дапамог па доглядзе  дзіцяці, кантрактнай формы найму, прадастаўлення жылля маладым спецыялістам, працоўных і сацыяльных водпускаў згодна з іх графікам. Вольга Уладзіміраўна пабывала ў многіх арганізацыях, работнікі якіх з’яўляюцца членамі прафсаюза работнікаў культуры, і правяла маніторынг выканання заканадаўства аб ахове працы, правільнасці заключэння кантрактаў, афармлення працоўных кніжак, кансультавала па іншых пытаннях, звязаных з прымяненнем працоўнага заканадаўства. Таксама правяла аса­бісты прыём грамадзян.

— У калектывы прававыя інспектары працы абласнога камітэта Беларускага прафсаюза прыходзяць не з праверкай, а для маніторынгу, — падкрэсліла В. У. Барышава. — Наша задача — папярэдзіць парушэнні працоўных правоў работнікаў, падказаць кіраўнікам, як правільна афармляць тыя ці іншыя дакументы. Сваю работу накіроўваем на кантроль захавання наймальнікам працоўнага заканадаўства, абарону працоўных і сацыяльна-эканамічных інтарэсаў членаў прафсаюза. Я сустракалася з кіраўнікамі і работнікамі музея, дзіцячай школы мастацтваў імя Тызенгаўза, раённага Дома культуры, цэнтральнай раённай бібліятэкі. Адміністрацыі гэтых арганізацый сумесна са старшынямі прафкамітэтаў распрацоўваюць калектыўныя дагаворы, робяць усё для таго, каб забяспечыць членам калектыву належныя ўмовы працы і адпачынку. Значных парушэнняў не выяўлена, па ўзніклых пытаннях дадзены рэкамендацыі.

— Такія выязныя кансультацыі вельмі карысныя, — гаварыла старшыня прафкама цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы раёна Ірына Жукян. — На месцы можна атрымаць прафесіянальны адказ на канкрэтнае пытанне ад высокакваліфікаванага спецыяліста. Самастойна часам цяжка сарыентавацца ў заканадаўстве, правільна аформіць той ці іншы нарматыўны дакумент.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.