“Лідзіравала” жыллёвае пытанне

Местная власть

15 красавіка асабісты прыём грама­дзян у райвыканкаме правёў Старшыня Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь Пётр Пятровіч Міклашэвіч. Прыезд кіраўніка вышэйшага дзяржаўнага органа судовага кантролю ў наш горад знайшоў нямала жадаючых тра­піць да яго на аўдыенцыю.

На прыём прыйшлі 10 чалавек. Спектр пытанняў і праблем, якія іх хвалююць, быў даволі шырокі — ад спагнання грошай з даўжніка і прэтэнзій да індывідуальнага прадпрымальніка па рамонце аргтэхнікі да абскарджання прыгавору суда, вынесенага па адной крымінальнай справе. Але самым вострым і папулярным аказалася жыл­лёвае пытанне, у тым ліку па прыватызацыі жылля.

Так, адна з жыхарак райцэнтра была катэгарычна не згодная з сумай ацэнкі сваёй кватэры: яна падалася грамадзянцы вельмі высокай. Прагледзеўшы прынесеныя наведвальні­цай дакументы, П. П. Міклашэвіч не знайшоў у іх неадпаведнасці закону і адказаў, што жанчына можа звярнуцца ў Рэспубліканскі камітэт па маёмасці, каб яго спецыялісты правялі сваю ацэнку жылога памяшкання. Пры гэтым папярэдзіў: адведзены дзяржавай час на прыватызацыю хутка завершыцца і трэба паспяшацца з падачай у райвыканкам паўторнай заявы на яе. Да таго ж з улікам інфляцыі і дэвальвацыі апошняя вызначаная сума ацэнкі кватэры можа істотна падрасці.

Былога жыхара чарнобыльскай зоны, які пасля аварыі на рэактары пераехаў у Паставы, таксама непакоіў высокі ацэначны кошт кватэры. Яе мужчына атрымаў як перасяленец і зараз вырашыў аформіць ва ўласнасць. У сувязі з чым пытаўся, ці існуюць якія льготы па прыватызацыі для “чарнобыльцаў”. Рабіць гэта давядзецца на агульных умовах, расчараваў наведвальніка Старшыня Канстытуцыйнага Суда краіны, паколькі пасля пераезду на Пастаўшчыну яму была выплачана грашовая кампенсацыя за пакінуты дом у зоне.

Жанчына-пенсіянерка прыйшла на прыём з просьбай дапамагчы вярнуць права ўласнасці на дом у горадзе, які ў першай палове мінулага стагоддзя купіў яе бацька і ў якім пэўны час пражывала ўся яго сям’я. Пасля смерці бацькі маці не аформіла будынак на сябе, і ў 1950 годзе ён быў пераведзены ў дзяржаўны жылы фонд. Па пытанні вяртання маёмасці наведвальні­ца звярталася ў розныя органы, у тым ліку 10 гадоў назад — у Канстытуцыйны Суд, які даў пісьмовае растлумачэнне, чаму яна не можа прэтэндаваць на спадчыну.

— З таго часу юрыдычна нічога не змянілася, — адказаў П. П. Міклашэвіч. — Перадаць Вам дом раённыя ўлады не маюць права. Гэта магчыма ў тым выпадку, калі ў судовым парадку будзе прызнана Ваша права ўласнасці на жылое памяшканне.

Яшчэ аднаго жыхара райцэнтра ў сувязі з неабходнасцю прыватызацыі жылля цікавіла, ці можна разлічваць на кампенсацыю банкаўскага ўклада, які “згарэў” у 1991 годзе. Як адзначыў Пётр Пятровіч, з такім пытаннем у Канстытуцыйны Суд звяртаецца шмат грамадзян. І ўсім ім даецца адзін адказ: кампенсаваць страты, якія адбыліся ў выніку развалу Савецкага Саюза, у дзяржавы няма сродкаў.

Увогуле, рэдкіх або вельмі складаных пытанняў на прыёме не было. З аналагічнымі зваротамі П. П. Міклашэвічу даводзіцца мець справу амаль штодня. Таму ўсе наведвальнікі ў Паставах атрымалі кампетэнтныя адказы і растлумачэнні.

Алена ШАПАВАЛАВА. Фота аўтара.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.