Нарадзілася трэцяе дзіця? Звяртайцеся па сямейны капітал

Общество

9 снежня 2014 года Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка падпісаў Указ №572 “Аб дадатковых мерах дзяржаўнай падтрымкі сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей”. У адпаведнасці з ім, грама­дзяне Беларусі, якія пастаянна пражываюць у рэспуб­ліцы, пры нара­джэнні або ўсынаўленні (удачарэнні) у перыяд з 1 студзеня 2015 года па 31 снежня 2019 года трэцяга і наступных дзяцей маюць права на атрыманне сямейнага капіталу.

Сямейны капітал — гэта безнаяўныя грашовыя сродкі ў памеры 10 тысяч долараў ЗША, якія можна накіраваць пасля дасягнення дзіцем 18 гадоў на паляпшэнне жыллёвых умоў, атрыманне адукацыі, паслуг у сферы сацыяльнага абслугоўвання, аховы здароўя, фарміраванне накапляльнай пенсіі маці. Пры гэтым грошы могуць быць выкарыстаны датэрмінова на атрыманне платных медыцынскіх паслуг. Сродкі сямейнага капіталу будуць размяшчацца на дэпазітных рахунках грамадзян у ААТ “ААБ Беларусбанк” і, па ацэнцы спецыялістаў, за 18 гадоў павінны “падрасці” да 14-15 тысяч долараў.

Права на зварот па назначэнне сямейнага капіталу можа быць рэалізавана на працягу 6 месяцаў з дня нараджэння або ўсынаўлення трэцяга і наступных дзяцей.

Для рэалізацыі норм заканадаўства раённы выканаўчы камітэт прыняў рашэнне №238 ад 12.03.2015 года аб дэлегаванні ўпраўленню па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама паўнамоцтваў па зборы і падрыхтоўцы дакументаў для назначэння грама­дзянам названага вышэй віду дзяржаўнай падтрымкі. Прыём дакументаў і кансультацыі па зборы і падрыхтоўцы дакументаў для назначэння сямейнага капіталу ажыццяўляюцца ў рабочыя дні з 8.00 да 17.00 (абед з 13.00 да 14.00) па адрасе: г. Паставы, пл. Леніна, 25, каб. 22; тэлефон для даведак 4-18-75.

Алена ШАПАВАЛАВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.