Не спяшаюцца да родных сядзіб

Общество

На адной з вуліц аграгарадка Дунілавічы.

Пасля таго, як у апошнія дні сакавіка спецыялісты і начальнік землеўпарадкавальнай службы райвыканкама А. В. Іванькова  наведалі шэраг населеных пунктаў, у адрас старшынь Юнькаўскага, Валкоўскага і Дунілавіцкага сельскіх выканаўчых камітэтаў былі накіраваны  прадпісанні з указаннем канкрэтных тэрмінаў ухілення выяўленых парушэнняў па навядзенні парадку на зямлі і добраўпарадкаванні тэрыторый населеных пунктаў.

— Пералік парушэнняў атрымаўся даволі ўнушальным, і яны характэрныя для большасці вёсак, дзе нядаўна пабывалі, — адзначыла Алена Вітальеўна. — Асабліва непрыгляднымі паўстаюць закінутыя, нярэдка паўразбураныя, без акон і дзвярэй дамы. У канцы 1990-ых — пачатку 2000-ых гадоў у раёне была праведзена вялікая работа па іх зносе. Вялася яна ў адпаведнасці з Указам кіраўніка дзяржавы “Аб мерах па ўпарадкаванні ўліку і скарачэнні колькасці пустуючых і трухлявых дамоў з сельскагаспадарчымі і іншымі пабудовамі ў сельскай мясцовасці”. У лютым 2012 года  быў падпісаны яшчэ адзін Указ Прэзідэнта, №100, у якім побач з існуючымі былі вызначаны дадатковыя меры па ўдасканаленні ўліку і скарачэнні колькасці такіх дамоў.

На вялікі жаль, вёскі старэюць, дамы застаюцца пустымі, а многія дзеці не спяшаюцца да бацькоўскіх сядзіб. Вось і зарастаюць калісьці ўрадлівыя землі пустазеллем, дамы і іншыя пабудовы не адпавядаюць санітарным і тэхнічным патрабаванням, разбураюцца, вакол іх ствараецца  пажаранебяспечная абстаноўка. Менавіта такімі выглядаюць тэрыторыі дамоў №16 (в. Шурпікі), №№ 5, 7 і 9 (в. Будзева), №11 (в. Міськія) і іншых шэрага населеных пунктаў Юнькаўскага, а таксама Дунілавіцкага і Валкоўскага  сельсаветаў.

Сметнік паблізу могілак у Манька­вічах

Ва Указе кіраўніка дзяржавы №100 вызначаны крытэрыі аднясення пабудоў да пустуючых і трухлявых. Ёсць і інструменты ўздзеяння на нядбайных  гаспадароў, якія грэбуюць агульнапрынятымі нормамі і правіламі выкарыстання зямель і ўтрымання тэрыторый у належным парадку. Іх можна прыцягваць да адміністрацыйнай адказнасці. Акрамя таго, у  выпадку адсутнасці ўласнікаў  пустуючыя домаўладанні могуць быць уключаны ў рэгістр такіх пабудоў  і па рашэнні суда перадавацца  ва ўласнасць Савета.

Але меры ўздзеяння на парушальнікаў пакуль выкарыстоўваюцца недастаткова. А тым часам колькасць “нічыіх” дамоў расце.

Увогуле, як  адзначыла А. В. Іванькова, у многіх населеных пунктах раёна работы па навядзенні чысціні і парадку  яшчэ шырока не разгорнуты. І не толькі ў аддаленых і маланаселеных, але і на цэнтральных сядзібах сельгаспрадпрыемстваў. Каб пераканацца ў гэтым, дастаткова прайсціся па вуліцах Асяненкі і Прыазёрнай у аграгарадку Дунілавічы. Ні ў адной з вёсак вышэйназваных Саветаў не ўдалося ўбачыць нагляднай інфармацыі  пра тое, што ў раёне з 23 сакавіка па 30 красавіка праходзіць месячнік па добраўпарадкаванні. А поле дзейнасці вялікае. У многіх месцах яшчэ засталіся не прыбранымі рэшткі смецця, сабранага ў мінулым годзе. Багата яго вакол і непадалёк могілак вёсак Захараўшчына, Пятрагі,  Манькавічы і іншых. У Захараўшчыне, напрыклад, стан апошняга прыстанішча вяскоўцаў увогуле нездавальняючы: паламана агароджа, у некаторых месцах яна наогул адсутнічае. Смецце скідана непадалёк рэчкі.

Матэрыял да друку падрыхтаваў Пётр КУРЫЛОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.