Парадавалі юныя плыўцы

Спорт

Лізавета Кліпа з бацькамі і сястрой.

21 сакавіка ў абласным цэнтры ў басейне “Маладосць” прайшлі спаборніцтвы па плаванні сярод юных спартсменаў Віцебскай дзяржаўнай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву, у якіх прынялі ўдзел і 5 выхаванцаў Пастаўскага фізкультурна-спартыўнага клуба. Усяго ў трох групах стартавала 125 вучняў другога, трэцяга і чацвёртага класаў. Да спаборніцтваў іх рыхтавалі 15 трэнераў, у тым ліку пастаўчанін Аляксандр Бучнеў. Усе яго выхаванцы паказалі добрыя вынікі.

У першай групе на дыстанцыі 50 метраў вольным стылем другое месца заняў Андрэй Собаль. На трэцяе месца ў гэтым відзе спаборніцтваў выйшла  Лізавета Кліпа, якая ў сваім багажы мае ўжо 3 залатыя, 1 сярэбраны і 1 бронзавы медалі, заваяваныя на папярэдніх спаборніцтвах, у тым ліку з удзелам юных спартсменаў Расійскай Федэрацыі. Шостай на 50-метровай дыстанцыі батэрфляем была Дар’я Дубовік, якая разам з прызёрамі ўзнагароджана граматай аргані­затараў спаборніцтваў. Парадавалі і Ілья Сіманька, Раман Галазубец.

— Умовы для заняткаў плаваннем у нашым басейне некалькі адрозныя ад стандартных, — расказваў трэнер Аляксандр Бучнеў. — Тым не менш гэта не перашкаджае юным спартсменам удасканальваць сваё майстэрства, нараўне спаборнічаць з выхаванцамі спецыялізаваных школ. У гэтым заслуга не толькі рабят, але і іх бацькоў, якія ўсяляк падтрымлі­ваюць захопленасць дзяцей. Дарэчы, кіраўніцтвам фізкультурна-спартыўнага клуба прынята рашэнне аб адкрыцці на базе ФАКа па вуліцы Савецкай некалькіх платных груп па навучанні дзяцей і падлеткаў плаванню. Заняткі будуць праходзіць з верасня 2015 года.

Тэкст і фота  Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.