Паспеў “наслядзіць”


У свой час мне даводзілася паляваць на дзіка. Гэта жывёла была шырока распаўсюджана ў лясах нашай краіны. Яе шчыльнасць складала ад 5 да 15 асобін на 1000 гектараў лясных угоддзяў. Як мне расказалі інжынер-паляўніцтвазнаўца Пастаўскага лясгаса Д. А. Рокель і паляўніцтвазнаўца раённай арганізацыі Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў I. Д. Курыловіч, у нашым раёне ў 2012 го­дзе іх налічвалася 300—375 галоў. Але ў сувязі з пагрозай афрыканскай чумы, пераносчыкамі якой з’яўляюцца дзікі, амаль усе яны ў мінулым годзе былі знішчаны. Сустракаюцца толькі асобныя жывёліны ў Лынтупскім лясгасе і на тэрыторыі Ярэўскай паляўнічай дачы.

Сітуацыя са знішчэннем папуляцыі дзіка няпростая і патрабуе ўзважаных мер. Так лічаць у Міністэрстве прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі. Спецыялісты выказваюць думку, што змяншэнне колькасці дзікоў мае як станоўчыя, так і адмоўныя наступствы. Поўнае знішчэнне дзікоў парушыць біялагічную раўнавагу ў навакольным асяроддзі. У той жа час ёсць надзея, што гэта мера прафілактычная і папуляцыя дзіка стопрацэнтна не бу­дзе знішчана. Дзікі могуць прыйсці з тэрыторыі Літвы, бо ім візы не патрэбны, з той жа Гадуцішскай паляўнічай дачы. Гэта дужая жывёла можа за два дні перамясціцца з лясоў Яраслаўскай вобласці ў нашы. Дзік — жывёла мнагаплодная, сваю папуляцыю можа аднавіць за паўтара-два гады.Таму нашы паляўнічыя не губляюць надзеі, трэба толькі пачакаць, што гэты рэсурс бу­дзе адноўлены, як толькі адпадзе пагроза АЧС.

Што ж сабой уяўляе дзік? Даўжыня цела дарослай асобіны складае 130—140 сантыметраў, вага — 100—150 кілаграмаў, некаторыя вепрукі дасягаюць і 300-кілаграмовай вагі. Насяляюць яны яловыя і ялова-ліставыя лясы, алешнікі, ускраіны верхавых і ні­зінных балот, маладыя загушчаныя насаджэнні елкі і сасны. У месцах іх пражывання заўсёды ёсць купальні, напоўненыя вадой, у якіх яны прымаюць гразевыя «ванны» для абароны ад машкары. Пасля купання чэшуцца аб сосны, з якіх прыліпае на скуру смала, каб адпудзіць іншых лясных паразітаў. Да такіх дрэў яны ходзяць год ад году і пакідаюць пратаптаныя сцежкі. Кормяцца як расліннай, так і жывёльнай ежай. Любяць жалуды, карэнне чароту, ягады і грыбы, чарвякоў, птушыныя яйкі і птушанят, мышэй. У цяжкі год не адмовяцца ад падлы. Вялікую шкоду наносяць пасевам, лычамі ўзворваюць бульбяныя барозны.

Дзік лічыцца ўсёеднай жывёлінай, але перавагу аддае лёгкадаступнай і смачнай ежы, якую звычайна здабывае на прысядзібных участках, чым наносіць іх  гаспадарам непапраўную шкоду. Цечка ў самак пачынаецца ў лістападзе і заканчваецца ў пачатку студзеня. Пасля гэтага самцы жывуць асобна. Парасяты нараджаюцца ў сакавіку—красавіку, вывадак складае ад 4 да 7 галоў, зрэдку — да 12-ці. Да двухтыднёвага ўзросту жывуць у логаве, зробленым самкай у глухім месцы з травы, бур’яну, ламачча, і харчуюцца яе малаком. Хутка мацнеюць і разам з маці пакідаюць логава, пачынаюць хадзіць у пошуках ежы. З трохмесячнага ўзросту поўнасцю пераходзяць на падножны корм, утварыўшы невялікі статак.

Паляванне на дзіка ў нашым рэгіёне папулярнае, але дазволена толькі па ліцэнзіях.

У свой час мне давялося працаваць у былым калгасе імя Калініна, паўночную частку земляў якога агінае лясны масіў Гадуцішскай паляўнічай дачы, багатай на дзічыну. Запомніўся такі выпадак. Недалёка ад вёскі Мольдзевічы ва ўрочышчы Гейбаўскія горы на мяжы з Літвой стаяў хутар. Прозвішча яго гаспадара, пажылога халасцяка, я не памятаю, але ўзгадваю, што называлі тую мясціну “Хутар літоўца”. Раніцай чалавек пайшоў у хлеў і ўбачыў каля сваёй свінкі ляснога «кавалера» — вялізнага вепрука-секача. Гаспадар імгненна прыкрыў дзверы на замок, а сам пабег да знаёмага паляўнічага Таразевіча. Вярнуўшыся, убачылі, што дзверы хлява сарваны і адкінуты метраў на дзесяць убок, а дзік збег.

На гэтым гісторыя не скончылася. Вясной хатняя свінка прынесла шэсць парасят незвычайнай афарбоўкі. Парасяты ў хляве доўга ўседзець не маглі — то на калгаснае бульбяное поле збягуць, то па двары швэндаюцца. Пад восень частка іх увогуле знікла — спадчыннасць пацягнула ў недалёкую лясную стыхію. Гаспадар не вельмі перажываў з-за гэтага, бо выдаткаў па вырошчванні “дзікуноў” не панёс, хатняй жыўнасці было мноства. А вось папуляцыя дзікоў у прыродзе павялічылася.

Г. ЗЯМЧОНАК,

г. Паставы.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.