Пастаўчане сенсацыйна — першыя

Спорт

Масавым атрымаўся асабіста-камандны турнір па шахматах сярод сельскіх раёнаў, які прайшоў у Докшыцах і прысвячаўся 70-годдзю Вялікай Перамогі. З ліку мацнейшых сярод яго ўдзельнікаў адсутнічалі толькі браслаўчане.

Наш раён меў магчымасць падаць заяўку на ўдзел дзвюх каманд, але мы вырашылі заявіць адну, мацнейшую. У выніку гонар Пастаўшчыны абаранялі Аляксандр Мурзо (ПМЦ), Аляксандр Таразевіч (райгаз), Віктар Шастакоў (ФК “Атлант”), Аляксандр Сямёнаў (ЦБП №230 філіяла №216 “ААТ “Беларусбанк”) і аўтар гэтых радкоў (Андронаўская БШ).

З першага тура лідарства захапілі пастаўчане, але пасля трэцяга страчаныя пазіцыі адваявалі каманды з Лепеля і Ушач. Такі расклад ніяк не задавальняў моцную каманду з Глыбоцкага раёна, якая лічылася яўным фаварытам. І адставанне ў адно ачко глыбачане ліквідавалі лёгка. Прымусіла панервавацца каманда ветэранаў з Шу­міліна, якая таксама ўзяла свае ачкі. Не хацелі быць статыстамі і гаспадары, а іх лідар — кандыдат у майстры спорту Рэспублікі Беларусь Антон Дрокін — перад пятым турам меў стопрацэнтны вынік.

Усё вырашылі апошнія туры. І менавіта гульнявая дысцыпліна дапамагла пастаўчанам перамагчы. Каманда з Глыбокага заняла другое месца, з Лепеля — трэцяе. Прыемна, што ў васьмёрку мацнейшых увайшлі адразу тры шахматысты нашага раёна. Моцна і роўна на працягу ўсяго турніру згуляў Аляксандр Сямёнаў, які ў выніковай табліцы падзяліў 1-3-яе месцы. Давялося падлічваць шахматны каэфіцыент, што і вывела А. Сямёнава на другі радок у турнірнай табліцы. Пятым быў А. Мурзо, аўтар гэтых радкоў паказаў сёмы вынік. У асабістым заліку сярод ветэранаў наш В. Шастакоў заняў трэцяе месца сярод дванаццаці ўдзельнікаў.

Наперадзе пастаўскіх шахматыстаў чакаюць новыя сур’ёзныя спаборніцтвы. Галоўныя з іх — V Міжнародны турнір “Браслаўскія зарніцы” па хуткіх шахматах, які запланаваны на 7 чэрвеня.

Ю. КАТОВІЧ,  капітан каманды.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.