П’юць бацькі — пакутуюць дзеці


8 красавіка на базе Камайскага сельсавета адбылося выязное пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама і савета грамадскага пункта аховы правапарадку сельвыканкама. У яго рабоце ўдзельнічалі многія зацікаўленыя службы: прадстаўнікі раённага аддзела ўнутраных спраў, суда, устаноў аховы здароўя, адукацыі, ААТ “Камайскі-агра” і іншыя. Кіравалі ходам пасяджэння намеснік старшыні райвыканкама Ю. М. Кісялёў і старшыня Камайскага сельскага Савета Г. Ч. Урбанайць.

Яно адбылося ў час правядзення ў раёне рэспубліканскай прафілактычнай акцыі “Дом без насілля”, мэты якой — мінімізаваць цяжкія наступствы бытавога гвалту, прыцягнуць увагу грамадскасці да гэтай праблемы, дапамагчы нядобранадзейным сем’ям разабрацца ў складанай жыццёвай сітуацыі.

Першай на камісіі якраз была разгледжана пара, ва ўзаемаадносінах якой даўно існуе разлад. Маладыя людзі разам не жывуць. Жанчына выхоўвае траіх дзяцей, у тым ліку і ад былога сужыцеля, які працуе ў мясцовай сельгасгаспадарцы. Той на працягу года ўжо 3 разы прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці, але сяброўства з алкаголем спыняць не збіраецца. Нярэдка наведваецца да былой сужыцелькі, і кожная такая сустрэча заканчваецца скандалам. Даходзіла і да рукапрыкладства.  Ад такіх бурных высвятленняў адносін у першую чаргу пакутуюць дзеці. Нагле­дзеўшыся гвалтоўных сцэн у дзяцінстве, яны і самі становяцца крыніцамі агрэсіі ў больш дарослым узросце. Як змагацца з такімі сітуацыямі, як не дапусціць далейшай дэградацыі бацькоў? Прадстаўнікі раённых службаў гатовыя пайсці насустрач: аказаць псіхалагічную дапамогу, паспрыяць лячэнню ад алкагольнай залежнасці, дамовіцца аб праца­ўладкаванні. Але самі грамадзяне не жадаюць выпраўляцца. Іх выклікаюць на такія пасяджэнні рэгулярна, але зрухаў у паводзінах не назіраецца. Вось і атрымліваецца, што адзінай мерай, якая можа хоць неяк паўплываць на лад жыцця асацыяльных грамадзян, з’яўляецца накіраванне ў лячэбна-працоўны прафілакторый.

Вялікая ўвага надавалася і абавязаным асобам, якім патрэбна кампенсаваць расходы дзяржавы на ўтрыманне прымусова забраных з сям’і дзяцей. На Камайшчыне пражываюць ажно 7 такіх асоб. Запазычанасць гора-бацькоў перад дзяржавай складае ад 2 да 36 мільёнаў рублёў, прычым амаль ва ўсіх з кожным месяцам яна павялічваецца. На пасяджэнні прынята рашэнне забяспечыць штодзённы ўзмоцнены кантроль за абавязанымі асобамі, вызначыць аб’ём дадатковых работ, які дазволіць павялічыць адлічэнні ў бюджэт. Перад некаторымі з іх пастаўлена задача ў самы кароткі тэрмін навесці парадак у дамах і на прылеглых тэрыторыях.

Усяго было запланавана заслухаць 11 чалавек. Тых, хто не прыйшоў у той дзень па выкліку ў памяшканне сельскага Савета, наведалі дома, каб, да таго ж, і праверыць умовы пражывання дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.

2 камісіі заехалі ў Камаі, Муляры, Мягуны, Іёдаўцы, Лявонавічы, Койры, Крукі. Намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Марына Паўлаўна Нагановіч у цэлым засталася задаволеная ўбачаным. Асабліва парадавала шматдзетная маці з вёскі Крукі.

—            У яе адрас заўсёды было шмат нараканняў, — гаварыла Марына Паўлаўна. — Жанчына са сваім сужыцелем абкалясілі ўвесь раён, пажылі ў розных сельсаветах і ў кожным заўсёды знахо­дзіліся пад пільным наглядам адпаведных службаў. Поўная антысанітарыя, адсутнасць элементарных умоў пражывання, прадуктаў харчавання — такая карці­на раней паўставала перад правяраючымі. Цяпер сітуацыя змянілася. Мы прыехалі без папярэджання і ўбачылі, што ў доме парадак, устаноўлены пажарны апавяшчальнік, у халадзільніку ёсць ежа. Чацвёра маленькіх дзяцей (цяпер маці цяжарная пятым) чыстыя, дагледжаныя. Слядоў злоўжывання алкаголем няма. Канчатковыя высновы рабіць рана, але прыемна бачыць, што чалавек мяняецца ў лепшы бок, пераасэнсоўвае свае ранейшыя паводзіны.

—            Вельмі важна выявіць сямейную нядобранадзейнасць на раннім этапе, прыняць усе меры, каб сітуацыя не выйшла з-пад кантролю, — працягвала Марына Паўлаўна Нагановіч. — Таму такія пасяджэнні і рэйды вельмі дзейсныя. Нядаўна мы правялі іх у Палессі, зараз — на Камайшчыне. Наступным стане Дунілавіцкі сельсавет. На працягу года плануем пабываць у кожным сельсавеце. Станоўчыя прыклады даказваюць: настойлівасцю зрушыць справу з месцаможна. Будзем плённа працаваць у гэтым кірунку і надалей.

Іна СНЯЖКОВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.