Работы вядуць у комплексе

Сельское хозяйство

Галоўны аграном Вера Мукель (справа) і аграном-аграхімік Алена Касцюк з перадавым механізатарам-сейбітам Русланам Шымко.

Вясной 2014 года на сяўбе, унясенні мінеральных угнаенняў і падрыхтоўцы глебы найвышэйшай выпрацоўкі дабіліся механізатары ААТ “Навасёлкі-Лучай”. Пераможцамі раённага спаборніцтва ва ўсіх трох намінацыях сталі Юрый Татарчук, Руслан Шымко, Яніс Вішнеўскі, Мікалай Шынкевіч, Андрэй Жалейка і Сяргей Гіль. Ці ўдасца сёлета паўтарыць мінулагодні поспех?

Пра гэта гутарылі з Русланам Шымко, які ў дзень наведвання гаспадаркі сеяў ячмень ва ўрочышчы Бяздонніца, што ў Лучайскім сельгасаддзяленні. Летась  на трактары “МТЗ-3022” з  АПП-6П ён заправіў у глебу насенне яравых амаль на 800 гектарах. Работай задаволены, бо, нягледзячы на пэўныя цяжкасці, у гаспадарцы знаходзяць сродкі для рамонту тэхнікі, набыцця паліва, угнаенняў, гербіцыдаў. А нядаўна па лізінгу купілі адразу чатыры трактары “МТЗ” розных мадэляў, якія актыўна выкарыстоўваюцца на веснавых палявых работах.

— Сяўба вядзецца толькі пратручаным насеннем, па ўгноенай, добра апрацаванай глебе. Мы не ведаем прастояў з-за адсутнасці паліва, непадрыхтаванасці глебы, — расказваў механізатар. —  А калі яшчэ і поле шырокае, прасторнае, добрае надвор’е, то і выпрацоўка адпаведная. За дзень можна засеяць да паўсотні і больш гектараў.

Акрамя Руслана Шымко, на трактары “Джон Дзір” з яшчэ адным шыроказахопным пасяўным агрэгатам “Амазоне” працуе Юрый Татарчук. У Аляксандра Федаронка МТЗ-1221 і сеялка “Лемкен”. А вось для Анатолія Счаснага сёлетняя сяўба першая, і выехаў ён у поле на новым трактары айчыннай вытворчасці з новай сеялкай “СЗУ-4,2”.

Сёлета адным з першых вывеў у поле сеяльны агрэгат Аляксандр Федаронак.

У гаспадарцы перакананы, што такой колькасці сеяльных агрэгатаў  дастаткова, каб пасеяць зерневыя і зернебабовыя, іншыя культуры з захаваннем усіх тэхналагічных патрабаванняў, у лепшыя агратэхнічныя тэрміны. Так і атрымліваецца. На ўчарашні дзень з планавых 1050 гектараў  яравой пшаніцай і ячменем засеяна ўжо амаль 500 гектараў.  Яшчэ 900 гектараў зойме кукуруза, 160 — яравы рапс, на 70 гектарах будзе пасаджана бульба.

Каб механізатары-сейбіты працавалі ўвесь светлавы дзень, у гаспадарцы шмат тэхнікі за­дзейнічана на падрыхтоўцы глебы. Цяпер гэта галоўны клопат  механізатараў Анатолія Хоміча, Віктара Дулінца, Віктара Рогава, Казіміра Вінніка, Мар’яна Кісяля, Святаслава Зарэцкага, Андрэя Жалейкі, Сяргея Гіля і іншых.

Сёлета ў сельгаспрадпрыемстве лепшая забяспечанасць мінеральнымі ўгнаеннямі. Дзякуючы ўласным сродкам і банкаўскаму крэдыту калійных назапасілі 106% да патрэбнай колькасці, азотных — 60, больш ёсць і фосфарных. Угнаенні ўносяць ашчадна, з улікам урадлівасці глебы, папярэднікаў і іншых фактараў. Меха­нізатары Віктар Маркоўскі, Леанід Пугачэўскі, Мікалай Шынкевіч і іншыя падкармілі  азотам больш за 2200 гектараў азімых зерневых і рапсу, амаль 600 гектараў шматгадовых траў. Больш чым на 900 гектарах пад яравую сяўбу ўнесены калійныя ўгнаенні.

ААТ “Навасёлкі-Лучай” — адна з гаспадарак, дзе круглы год займаюцца вывазкай арганічных угнаенняў. Тыя, што былі складзіраваны зімой, цяпер трапляюць у глебу. Тысячы тон арганікі  пагрузілі і ўнеслі пад будучы ўраджай кукурузы і іншых культур механізатары Вячаслаў Сымановіч, Іван Варабей, Валерый Мацур, Алег Чумакоў.

У мінулым годзе ў ААТ “Навасёлкі-Лучай” на вялікай плошчы давялося перасяваць азімыя, што не лепшым чынам паўплывала на ўраджай. Не абышлося без гібелі пасеваў і гэтай зімой. Амаль  на 120 гектарах перасеялі  рапс. На вымачках зерневых падсеялі яравую пшаніцу.

Сёння на веснавых палявых работах ва ўсіх сельгасаддзяленнях занята каля 30 механізатараў.  Каб весці работы ў комплексе, не ствараць затрымак на сяўбе, амаль кожны дзень уносяцца пэўныя карэктывы ў рабочыя планы. Неабходнасць такіх падыходаў разумеюць і самі механізатары. Некаторыя з іх, напрыклад, выдатна працавалі на ўнясенні мінеральных ўгнаенняў, а цяпер не горш шчыруюць на падрыхтоўцы глебы ці наадварот.

— Кожная вясна мае свае асаблівасці, — расказвала галоўны аграном Вера  Мукель, якую разам з аграномам-агратэхнікам Аленай Касцюк сустрэлі ў полі. —  Сёлета пакуль няма сапраўднага цяпла. Што датычыць у цэлым падрыхтоўкі, то, здаецца, зрабілі ўсё магчымае, каб арганізавана правесці ўвесь комплекс веснавых палявых работ.  На ўраджай з адказнасцю працуюць дзясяткі людзей. З Жодзінскага навукова-практычнага цэнтра Нацыянальнай акадэміі навук па земляробстве завезлі некалькі партый  суперэліты зерневых, насенне зернебабовых  і ранняй кукурузы. Удасканальваем работу на кармавым полі. Пачалі хімпраполку зерневых.

Тэкст і фота

Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.