Раскрылі сябе ў творчасці. У Лынтупах прайшоў конкурс сацработнікаў (+фота)

Культура Общество

Сёлета ў нашым раёне ўпершыню праводзіцца рэгіянальны конкурс прафесійнага майстэрства на званне “Лепшы сацыяльны работнік”. Па задуме арганізатараў, ён будзе складацца з трох адборачных тураў у розных рэгіёнах Пастаўшчыны. Першы ўжо адбыўся ў Лынтупах — мерапрыемства прайшло 20 сакавіка ў мясцовым Доме культуры.

Падтрымаць зямлячак-канкурсантак сабралася цэлая за­ла гледачоў. Гучнымі апладысментамі яны віталі на сцэне ўдзельніц: Люцыю Руткоўскую, Ганну Жукаву, Юргіту Халецкайце, Вольгу Відзіневіч, Людмілу Лукашэвіч, Ірыну Матыевіч, Наталлю Шымковіч, Галіну Герасіменка і Алену Міклашэвіч. Усе яны працуюць сацыяльнымі работніцамі ў філіяле “Лынтупы” Пастаўскага ТЦСАН. Адны служаць на карысць пажылых людзей ужо шмат гадоў, некаторыя зусім нядаўна пачалі шлях у гэту няпростую прафесію. Але ўсіх  аб’­ядноўваюць адданасць сваёй справе, імкненне да ўдасканалення работы, а таксама наяўнасць рознабаковых талентаў, што і пацвердзіў конкурс.

Жанчыны рыхтаваліся да яго больш за месяц. Нямала вольнага часу занялі рэпетыцыі і адточванне творчых нумароў.  Падрыхтоўчай работай кіравала загадчыца філіяла “Лынтупы” Алена Валасевіч, якая была арганізатарам і вядучай мерапрыемства.

Журы ўзначаліў начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама П. Л. Курто.

—            Як добра, што дзякуючы ініцыятыве Пастаўскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ў нас з’явілася магчымасць убачыць сацыяльных работніц з іншага боку, раскрыць іх творчы патэнцыял, а заадно і падарыць мясцовым жыхарам свята, — прывітаў прысутных Пётр Леанідавіч. — Такія мерапрыемствы таксама пройдуць у Варапаеўскім і Валкоўскім сельсаветах, а пераможцы рэгіянальных спаборніцтваў напрыканцы года выступяць на сцэне раённага Дома культуры ў Паставах. Упэўнены, што кожны этап атрымаецца яркім і незабыўным як для выступоўцаў, так і для гледачоў.

Канкурсантак (а ўсе яны на сцэне выступалі ўпершыню) чакалі чатыры выпрабаванні. Падчас першага, які называўся “Маё прызванне — сацыяльная работа”, яны ў прозе і вершамі расказалі пра сябе і сваю дзейнасць. Далей чакаў своеасаблівы экзамен на веданне прафесійнай тэрміналогіі — сацыяльныя работніцы выканалі тэст з пяці заданняў. Яркім аказаўся трэці этап — “Нашы працоўныя будні”, да якога лынтупчанкі падышлі вельмі крэатыўна. Гучалі прыпеўкі, жартоўна перакладзеныя песні… Падтрымаць калег на  сцэну выйшлі і работнікі аддзялення тэрміновага сацыяльнага абслугоўвання, якія сталі ўдзель­нікамі адной са сцэнак.

Найбольш удзельніцы здзівілі гледачоў падчас заключнага выпрабавання пад назвай “Палёт фантазій”. “Сучасная мода — гэта не толькі шыкоўныя тканіны, — гаварыла вядучая. — Калі модны Алімп скараецца выбраным, то паспрабаваць свае сілы ў галіне экалагічнага дызайну можа кожны”. І канкурсанткі пацвердзілі гэта, выйшаўшы на сцэну ў незвычайных уборах, пашытых з…газет, упаковачнай паперы, цэлафанавых пакетаў і нават поліэтыленавых мяхоў. Здзівілі б любога куцюр’е! Можна толькі здагадвацца, колькі ім спатрэбілася часу, каб удыхнуць жыццё ў падручны матэрыял…

Журы падводзіла вынікі, а гледачоў забаўлялі госці з Лынтупскага аддзялення кругласутачнага знаходжання, якія пераўвасобіліся ў вядомых новых рускіх бабак Матрону і Цвяточка. Падчас усёй праграмы радавалі песнямі лынтупчане Вячаслаў Мураўёў і Юлія Валасевіч. Музычныя падарункі падрыхтаваў і гурт “Актыўнае пакаленне”. Ён створаны Аленай Валасевіч некалькі месяцаў назад і аб’ядноў­вае творчых людзей маладога душой узросту. Сёння ў складзе калектыву — лынтупчанкі Ганна Бондар, Валянціна Сасноўская, Тэрэса Мальч, Ірына Александровіч і Вольга Мажута, а таксама жыхарка вёскі Рагонішкі Алена Мудрая. Алена Аляксандраўна не сумняваецца, што хутка ў гурце з’явяцца новыя артысткі — ёсць нямала ахвотных.

Вынікі мерапрыемства падвялі Пётр Леанідавіч Курто і дырэктар Пастаўскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоў­вання насельніцтва Дзіяна Іванаўна Пякарская. Званне лепшага сацыяльнага работніка філіяла было прысуджана Людміле Лукашэвіч. Асобна ўзнагароджаны пераможцы конкурсу “Палёт фантазій” — Вольга Відзіневіч, Алена Міклашэвіч і Люцыя Руткоўская, якія занялі адпаведна трэцяе, другое і першае месцы.

Усе канкурсанткі атрымалі за ўдзел граматы, а пераможцы — яшчэ і падарункі.

—            Такое ж мерапрыемства думаю правесці і сярод пенсіянераў, — па­дзялілася планамі Алена Аляксандраўна Валасевіч. — У пасёлку нямала актыўных, творчых людзей паважанага ўзросту, якія, упэўнена, падтрымаюць маю ініцыятыву. Таксама ёсць ідэя правесці ў канцы красавіка на адкрытай пляцоўцы рэтра-вечарынку — праца над яе сцэнарыем ужо пачалася. Конкурс сацыяльных работнікаў пацвердзіў: лынтупчане лёгкія на пад’ём, варта з імі толькі папрацаваць, накіраваць іх творчасць у патрэбнае рэчышча. Дзякуй усім, хто адгукнуўся, дапамог у арганізацыі мерапрыемства: удзельніцам, якія сумленна і адказна аднесліся да падрыхтоўкі, нашым валанцёрам, калегам з аддзялення кругласутачнага знаходжання, кіраўніцтву раённай сацыяльнай службы і дырэктару Лынтупскага Дома культуры Чаславе Іосіфаўне Які­мовіч за прадастаўленую магчымасць выступіць на галоўнай сцэне пасёлка. Такая падтрымка натхняе на новыя справы.

 

Іна СНЯЖКОВА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.