Размова была строгай


31 сакавіка ў вёсцы Палессе прайшло расшыранае выязное пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама і савета аддзела прафілактыкі і аховы правапарадку, якое правёў намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Ю. М. Кісялёў. Разам з кіраўнікамі Лынтупскага сельвыканкама, ААТ “Яна­віца-агра”, прадстаўнікамі раённых аддзелаў адукацыі і ўнутраных спраў, медыцынскімі работнікамі ўдзел у рабоце пасяджэння прынялі журналісты райгазеты “Пастаўскі край” і тэлебачання “Паставы-ТБ”.

Лынтупскі сельсавет быў выбраны месцам правядзення пасяджэння невыпадкова. На яго тэрыторыі пражывае шэраг ­сем’яў, якія маюць непаўналетніх дзяцей і знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Прафілактычная работа з імі належнага эфекту не дае: справы ў ячэйках грамадства не паляпшаюцца. Адна з такіх — ­сям’я грамадзянкі П. з Апідамаў (прозвішча цалкам не называем па этычных меркаваннях, каб яшчэ больш не траўміраваць псіхіку дзяцей), да якой члены камісіі завіталі дамоў перад пачаткам пасяджэння.

Жанчына мае чацвярых малалетніх дзяцей 2009, 2010, 2012 і 2014 гадоў нараджэння, якіх выхоўвае разам са сваім сужыцелем — біялагічным бацькам малых. Праўда, выхоўвае — гучна сказана. Дзеці недагледжаныя, маюць неахайны знешні выгляд, перыядычна ў іх выяўляюць педыкулёз. Жыве сям’я ў антысані­тарных умовах: у доме і каля яго брудна, нібы на сметніку. Сам дом і гаспадарчыя пабудовы знаходзяцца ў аварыйным стане. У прыватнасці, у хаце правісла столь і ў любы момант можа абрушыцца на галовы малых. Дарэчы, трагедыі ў гэтай сям’і ўжо здараліся: некалькі гадоў назад па недаглядзе жанчыны ўтапіліся двое яе старэйшых дзетак. Кіраўніцтва ААТ “Янавіца-агра” прапаноўвала сям’і пераехаць у 3-пакаёвую кватэру ў Палессі, але П. і сужыцель адмовіліся. Абое яны злоўжываюць алкаголем. Існуе шматдзетная сям’я на дапамогу дзяржавы на дзяцей і зарплату галавы сямейства, які працуе жывёлаводам у ААТ “Янавіца-агра”. Але на рабоце яго бачаць нячаста з-за пастаянных прагулаў. У доме маецца мінімальны запас паліва і прадуктаў, часам яны наогул адсут­нічаюць. Вось і ў дзень нашага візіту ў халадзільніку стаялі толькі два слоікі з малаком.

Сям’я знаходзіцца на пастаянным кантролі ў сельскім Савеце і школе. Бацькоў не раз папярэджвалі, што, калі яны не навядуць парадак у хаце і на прыдамавой тэрыторыі, а таксама не ўладкуюцца на работу, — забяруць дзяцей. Тыя абяцалі выправіцца, і пасля папярэджванняў сітуацыя сапраўды паляпшалася. Але ненадоўга. Да таго ж у сярэдзіне сакавіка гэтага года П. здзейсніла злачынства: у нецвярозым стане разам з сяброўкай і яе мужам збіла і абрабавала пажылога суседа, і цяпер на яе заве­дзена крымінальная справа. Гэты факт стаў апошняй кропляй, якая перапоўніла чашу цярпення членаў камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама. На пасяджэнні яны прынялі рашэнне забраць дзяцей у П. і змясціць іх у Пастаўскі сацыяльна-педагагічны цэнтр, а самага меншага хлопчыка — у Віцебскі дом дзіцяці.

Аналагічная сітуацыя склалася яшчэ ў адной сям’і з Апідамаў. Муж і жонка С. не працуюць, абое злоўжываюць алкаголем, на глебе п’янства нярэдка ўзнікаюць скандалы. Пражывае сям’я — бацькі і малалетні сын — у доме маці С. У хаце брудна, у аварыйным стане знаходзяцца печка і электраправодка, хлопчык вымушаны спаць на вузкім ложку разам з бабуляй. А між тым у С. ёсць уласны дом у Кавалях. Толькі перабірацца туды яны не спяшаюцца, бо жывуць на пенсію старой. На камісіі іх у апошні раз папярэдзілі: калі ў бліжэйшы час не вырашаць пытанне з працаўладкаваннем і пераездам у Кавалі, дзіця забяруць у СПЦ.

На пасяджэнні былі разгле­джаны і іншыя грамадзяне, якія сябруюць з Бахусам і парушаюць працоўную дысцыпліну або наогул не жадаюць працаваць. Усе яны знаходзяцца на кантролі ў райвыканкаме, сельскім Савеце, РАУС, школе. І ўсіх іх пераканаўча прасілі нармалізаваць сітуацыю: кінуць піць, уладкавацца на работу і перастаць яе прагульваць, інакш будуць прыняты больш жорсткія меры. Ці дапаможа гэта нешта змяніць, пакажа час.

Алена ШАПАВАЛАВА. Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.