Саграваў памерлую сястру цяплом свайго цела


Віталь Емяльянавіч Акімаў нарадзіўся ў 1934 годзе ў Курскай вобласці, а праз пяць гадоў сям’я пераехала на пастаяннае месца жыхарства ў Краснадарскі край. Пасяліліся ў вёсцы за сем кіламетраў ад горада Армавір.

У Армавір у пошуках лепшага жыцця прыехалі ўслед за матчыным родным братам, які працаваў старшым бухгалтарам на гарадскім мясакамбінаце. Мае бацькі ўладкаваліся ў калгас жывёлаводамі, — успамінае гады дзяцінства В. Е. Акімаў. — Нас у бацькоў было шасцёра: пяць дачок і я, адзіны сын.

Пачатак вайны Віталь Емяльянавіч памятае выразна. Аб страшнай бядзе даведаўся з гучнагаварыцеля, які быў усталяваны пасярод вёскі. Навіна так усхвалявала хлопчыка, што ён абабег усю вёску, якая налічвала каля трохсот двароў, каб падзяліцца ёю з аднавяскоўцамі. Хваляванні былі недарэмнымі — у першы ж дзень вайны на фронт забралі бацьку, а наперадзе чакалі холад, страх, невядомасць, страта родных людзей.

Падчас акупацыі гітлераўскія войскі дыслацыраваліся ў суседняй вёсцы, якая знаходзілася за тры кіламетры ад той, дзе жыла сям’я Віталя Емяльянавіча. Аднак гітлераўцы наведваліся рэгулярна — збіралі прадуктовы аброк. Акрамя гэтага, пастаянна бамбілі Армавір. Ад ударнай хвалі вылятала шкло з аконных праёмаў, вакол усё палала. У такія хвіліны ўсе дзеці і некаторыя дарослыя хаваліся ў высокай кукурузе. Аднойчы царыца палёў выратавала Віталіка ад вялікай лупцоўкі. А было так. Немцы ў чарговы раз выграблі ў вяскоўцаў прадукты, і раззлаваныя падлеткі сталі кідаць у іх камянямі. На бяду, камень трапіў прама ў вядро з яйкамі. Гітлеравец кінуўся даганяць хлапчука. Зрабіць гэта яму было лёгка, але пасля двух удараў бізуном хлопчык здолеў вырвацца і ўцячы ў кукурузнае поле. Другому хлопчыку пашанцавала менш — яго так выхадзілі бізуном, што рубцы на спіне засталіся на ўсё жыццё.

— Усе прадукты, якія немцы забіралі ў сялян, захоўваліся на спецыяльна абсталяваным складзе, — успамінае В. Е. Акімаў. — Аднойчы наш аднавясковец выкраў частку іх, але знайшліся тыя, хто данёс пра гэта. Мужчыну павесілі на вачах у жыхароў вёскі, глядзець на публічнае пакаранне зганялі ўсіх. У другі раз у час збору прадуктаў забілі двух нямецкіх салдат. Папаўзлі чуткі, што будуць паліць вёску. Мама схавала нас у дзвюх вялікіх скрынях, а сама пабегла хавацца ў кукурузу. Але карная аперацыя нас не закранула, затое немцы расстралялі дваццаць чалавек у суседняй вёсцы. Казалі, у акупантаў  быў спецыяльны «тарыф»: за аднаго забітага нямецкага салдата яны знішчалі дзесяць мірных жыхароў.

Нямецкія салдаты прымушалі падлеткаў мыць сваіх коней. Таго, хто адмаўляўся або рабіў гэта няякасна, білі пугамі, а тых, хто спраўляўся, — частавалі шакаладам. Не раз прыносіла дадому ласунак і старэйшая на два гады за Віталя сястра Аляксандра.

У многіх нашых суайчыннікаў Вялікая Айчынная вайна асацыіруецца з голадам. Са слоў Віталя Емяльянавіча, у іх мясцовасці ён адчуваўся не так моцна: дастаткова было хлеба, наўкол раслі кавуны, дыні, персікі і абрыкосы. Адзінае, чаго не хапала, — цяпла. У адну з зім маці Віталя не змагла назапасіць дроў, і яго малодшая сястра памерла ад пераахаладжэння прама ў яго на руках, а сам ён абмарозіў ногі. Паверыць у страшную страту не мог і не хацеў: цяплом свайго цела саграваў памерлую маленькую Марусю…

Голад зведалі, калі сталі адступаць нямецкія войскі. На абозах яны вывозілі ўсе харчовыя прадукты з магазінаў, забіралі на прымусовыя работы ў Германію моладзь. Толькі з вёскі В. Е. Акімава было сагнана больш за сто чалавек. Але ніякая вайна не можа забіць у чалавеку чалавека: напярэдадні адступлення адзін з гітлераўцаў прынёс маці Віталя Акімава два мяхі з прадуктамі, і на пальцах тлумачыў, што дома яго чакаюць жонка і трое дзяцей.

Запомнілася В. Е. Акімаву і вызваленне. Калі савецкія салдаты адкрылі веку склепа, у якім хавалася каля васьмідзесяці чалавек, і скамандавалі выходзіць, усеагульнай радасці не было межаў.

Бацька Віталя вярнуўся з вайны ў пачатку 46-га. Дома яго сустрэлі жонка і толькі двое дзяцей з пяці: тры малодшыя дачкі памерлі падчас акупацыі (старэйшая — яшчэ да вайны). Іх магілы назаўсёды засталіся каля Армавіра, а сям’я ў 1947 годзе пераехала ў Курскую вобласць.

Разам з жонкай, з якой пазнаёміўся падчас праходжання тэрміновай службы ў Рызе, Віталь Емяльянавіч Акімаў з 1959 года жыве ў Паставах. Паставілі на ногі трох дачок, дачакаліся ўнукаў і праўнукаў. Галоўнае свята для яго — Дзень Перамогі.

Вераніка ФІЛАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.