Спартыўны калейдаскоп

Спорт

Мінулагодні пераможца рэспубліканскіх спаборніцтваў па футболе сярод дзяцей і падлеткаў “Скураны мяч” на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба каманда “ПМЦ-Паставы” пачала новы сезон гульнямі на міжнародным турніры памяці Героя Савецкага Саюза А. Матросава. Спаборніцтвы праходзілі ў сучасным вялізным спарткомплексе Акадэміі фізкультуры і спорту г. Вялікія Лукі (Расія) па правілах міні-футбола і сабралі 11 каманд ва ўзросце да 13 гадоў, з якіх трое прыехалі  з Беларусі. Пакуль юныя пастаўчане прыстасаваліся да нязвыклых для сябе ўмоў, яны прайгралі ў дзвюх стартавых гульнях. Аднак у далейшым нашы хлопчыкі, выхаванцы трэнера В. М. Грантоўскага, перамаглі аднагодкаў з Ніжняга Ноўгарада, Вішняга Валачка,  Полацка і ў выніку фінішавалі на 6-ым выніковым месцы, апярэ­дзіўшы моцную каманду ФК “Віцебск”, якая заняла 8-ае месца. Адзін з прызоў лепшага іграка гэтых спаборніцтваў прывёз дамоў пастаўскі абаронца Дзяніс Казлоў. Удзел у гэтым турніры стаў магчымым дзякуючы дапамозе бацькоў юных футбалістаў, якія сабралі грошы на паездку і транспартныя расходы.

* * *

На пляцоўцы ФАКа ў Паставах прайшлі фінальныя гульні першынства Віцебскай вобласці па валейболе сярод юнакоў 1999 года нараджэння. У стартавай гульні сустрэліся асноўныя прэтэндэнты на перамогу — каманды гаспадароў і Віцебска. Да сярэдзі­ны першай партыі сустрэча праходзіла ў роўнай барацьбе, а потым пастаўчане загулялі мацней, бо саперніку цяжка было стрымаць іх капітана, навучэнца рэспубліканскага вучылішча алімпійскага рэзерву Аляксея Лабуця. Наша каманда выйграла важны паядынак з лікам 3:0 (25:18, 25:20, 25:21), а на наступны дзень на сапраўдным куражы ў трох партыях перайграла выхаванцаў Шумілінскай ДЮСШ. Пастаўчане дабіліся перамогі і ў заключным матчы з лікам 3:1 над аднагодкамі з Верхнядзвінска і сталі чэмпіёнамі вобласці. Пад кіраўніцтвам трэнера Г. Г. Савосіна прыгожы Кубак і залатыя медалі заваявалі Арцём Бандарэнка, Дзяніс Радзевіч, Аляксей Лабуць, Аляксей Рапалаў, Вадзім Кароткін, Аляксандр Каспер, Андрэй Казлоўскі, Ігар Скур’ят, Максім Іваноў, Антон Клянцэвіч, Герман Вайцякян, Пётр Марцінкевіч. Адразу шасцёра пастаўчан увайшлі ў склад зборнай вобласці па валейболе. Яна згуляе ў рэспубліканскім фінале, які пройдзе ў Брэсце.

* * *

У перыяд  футбольнага міжсезоння галоўны трэнер дубля ФК “Віцебск” С. М.  Ясінскі ўключыў у сваю каманду для падрыхтоўкі да сезона ўжо 8 сваіх былых пастаўскіх выхаванцаў. У чарговым кантрольным матчы з магілёўскім “Тарпеда”, які віцябчане выйгралі з лікам 4:0, у варотах за каманду абласнога цэнтра дэбютаваў Андрэй Чашун, таксама трэнеры ўпершыню праверылі ў справе і 15-гадовага  паўабаронцу атакуючага плана Аляксандра Булычова. У іншых гульнях за віцябчан згулялі і нядрэнна сябе праявілі на полі пастаўскія футбалісты Іван Бяльчонак, Аляксандр Александровіч, Іван Беразун, Павел Ясінскі, Мікіта Кастамараў і Сяргей Волкаў. Хто з іх будзе заяўлены гуляць за дубліруючы склад ФК “Віцебск” у гульнях чэмпіянату Беларусі па футболе ў вышэйшай лізе, стане вядома ў бліжэйшыя дні.

Уладзімір ШЫК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.