Спартыўны калейдаскоп

Спорт

На пляцоўцы ФАКа ў райцэнтры зноў кіпелі футбольныя жарсці, калі спачатку там свой турнір па міні-футболе разыгралі па праграме раённай круглагадовай спартакіяды  4 мацнейшыя  гарадскія каманды. Па прычыне адсутнасці леташніх пераможцаў дружыны ПМЦ званне чэмпіёнаў дасталася камандзе райаддзела міліцыі, 2-ое месца заваявалі прадстаўнікі прафтэхкаледжа, якія апярэдзілі каманды райаддзела МНС і райкамунгаса. А затым такі турнір прайшоў у групе сельскіх калектываў фізкультуры, там па лепшай розніцы мячоў першынствавалі футба­лісты з гарпасёлка Варапаева, якія апярэдзілі каманды Ярэўскага і Навасёлкаўскага сельсаветаў.

* * *

Двух леташніх выпускнікоў футбольнай акадэміі «ПМЦ», паў­абаронцаў атакуючага плана Ілью Кухарчыка і Аляксандра Александровіча ўключылі ў склад маладзёжнай зборнай Беларусі (U-19) на вучэбна-трэніровачны збор у Чарнагорыі. Яны згулялі ў матчы супраць аднагодкаў-чарнагорцаў, у якім маладыя беларусы атрымалі валявую перамогу з лікам 2:1. А вось мінулагодніх пераможцаў рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў па футболе “Скураны мяч”, каманду “ПМЦ” (Паставы), якую трэніруе Васіль Грантоўскі, Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі запрасіў на прадстаўнічы міжнародны турнір з удзелам 12 каманд, прысвечаны 70-годдзю Вялікай Перамогі. Спаборніцтвы пройдуць на працягу тыдня ў Брэсце і пачнуцца 28 красавіка.

* * *

На пляцоўцы ФАКа адбыўся адкладзены важны матч раённай спартакіяды па валейболе сярод мужчын. У напружаным паядынку каманда Пастаўскага райаддзела па надзвычайных сітуацыях у дзвюх партыях перамагла аднаго з  фаварытаў — валейбалістаў райаддзела міліцыі, дарэчы, мацнейшых на Віцебшчыне, і незалежна ад вынікаў астатніх сустрэч стала пераможцай спаборніцтваў. У гэтым годзе ўпершыню такі турнір валейбалістаў праходзіць па кругавой сістэме. Таксама парадавала і каманда Пастаўскага прафтэхкаледжа, якая паспяхова згуляла ў Магілёве ў фінале рэспубліканскай спартакіяды ўстаноў прафтэх­адукацыі, дзе заняла ганаровае 2-ое месца. З гэтай навучальнай установы за наш пастаўскі “Атлант-Д” у чэмпіянаце Беларусі ў дывізіёне “В” вышэйшай лігі гулялі ў мінулым сезоне  Ігар Гінько, Валерый Казека, Мікіта Саўчук, Раман Фурс, Дзяніс Радзевіч.

* * *

У Беларусі стартаваў чарговы футбольны сезон, а  20-гадовы былы выхаванец футбольнай акадэміі «ПМЦ» Аляксандр Кучараў першым з аднагодкаў змог прабіцца ў асноўны склад славутага мінскага “Дынама”, з якім падпісаў прафесійны кантракт.  Сёлета можа адбыцца дэбют гэтага таленавітага і перспектыўнага іграка на такім высокім узроўні. А вось яшчэ адзін былы нападаючы ПМЦ Васіль Журневіч ужо загуляны за асноўны склад каманды вышэйшай лігі “Нёман” (Гродна). Прадоўжыць прафесійную кар’еру ў ФК “Віцебск” таксама 18-гадовы пастаўскі варатар Андрэй Чашун, якога залічылі ў дубліруючы склад каманды абласнога цэнтра.

Уладзімір ШЫК.

З  надзеяй на перамогу

9-10 красавіка ў Паставах адбыўся другі тур рэспубліканскай дзіцяча-юнацкай валейбольнай лігі сярод юнакоў 2002-2003 гадоў нараджэння. Усяго ў спаборніцтвах прымаюць удзел чатыры каманды. Валейбалісты з Барысава прыехаць не змаглі, камандзе залічаны тэхнічныя паражэнні.

Першая гульня прынесла выхаванцам Пастаўскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы перамогу з лікам 2:0 над камандай з Мінска. У другой сустрэчы валейбалісты гродзенскай спецыялізаванай школы алімпійскага рэзерву абыгралі мінчан 3:0, а ў заключнай гульні саступілі пастаўчанам з лікам 1:2.

Па выніках двух тураў наша каманда, якая не прайграла ніводнай гульні, дзеліць з валейбалістамі з Гродна першае месца. У абедзвюх каманд па 14 ачкоў. Каманды з Мінска і Барысава на трэцім і чацвёртым месцах адпаведна. Трэці, заключны, тур пройдзе 24-26 красавіка ў Барысаве, дзе пастаўскія валейбалісты маюць усе шанцы стаць пераможцамі неафіцыйнага першынства Беларусі па валейболе.

Вераніка ФІЛАНОВІЧ.

Разыгралі Кубак па міні-футболе

У пачатку красавіка на ФАКу адбыліся спаборніцтвы па міні-футболе на Кубак Пастаўскага раёна. Барацьбу на спартыўнай пляцоўцы вялі чатыры каманды, гульні праводзіліся па кругавой сістэме.

Па выніках спаборніцтваў уладальнікам Кубка раёна стала каманда «ІП-2015» (капітан — Уладзімір Карага). У яе актыве 9 ачкоў, рознасць мячоў 13:3. Другое месца з шасцю ачкамі і рознасцю мячоў 19:5 заняла каманда «ПМЦ-97» (капітан — Арцём Цітовіч). На трэцім месцы каманда Пастаўскага прафтэхкаледжа сельскагаспадарчай вытворчасці (капітан — Раман Мядзведзеў), на чацвёртым — каманда жыллёва-камунальнай гаспадаркі (капітан — Дзмітрый Рысеў).

Каманды, якія занялі прызавыя месцы, узнагароджаны дыпломамі дзяржаўнага аб’яднання «Фізічная культура, спорт і турызм Пастаўскага раёна». А каманда-пераможца атрымала яшчэ і Кубак.

В. Грантоўскі, галоўны суддзя спаборніцтваў.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.