У гасцях у Ніла Гілевіча


У пачатку сакавіка ў Мінск прыехаў з Пастаў мой сябар Пракаповіч Ігар Міхайлавіч, настаўнік геаграфіі і астраноміі Пастаўскай гімназіі, аўтар 22 краязнаўчых кніг, 8 зборнікаў паэзіі, член Саюза пісьменнікаў Беларусі  і Вучонага савета беларускага геаграфічнага таварыства, пераможца Віцебскага абласнога конкурсу «Настаўнік года-95», рэспубліканскага конкурсу Таварыства беларускай школы «Беларускі настаўнік года-2009», лаўрэат  звання  «Чалавек  года  Віцебшчыны-2009». І, паверце, гэтых тытулаў, нягледзячы на свае 54 гады, ён заслугоўвае. Сціплы і спакойны знешне, Ігар вельмі рухавы і пладавіты ўнутры. Упэўненасць, працавітасць гэтага чалавека выклікае добрую зайздрасць. Прычым сваім прыкладам ён падштурхоўвае  іншых да актыўнай грамадскай пазіцыі. Дзякуючы яму на Пастаўшчыне кіпіць краязнаўчае, літаратурнае і культурнае жыццё, прасякнутае беларускасцю, нацыянальнымі традыцыямі і мясцовым каларытам. Са сваімі вучнямі і сябрамі ён прайшоў уздоўж і ўпоперак прыгожае, багатае на гістарычную спадчыну і цікавых людзей Паазер’е. Усё гэта потым рэалізоўваецца ў тэкстах ягоных змястоўных навуковых  прац і кніжак.

Вось і мяне ён падштурхнуў напісаць кніжку пра маю вёску Хрыстова, якой я прысвяціў шмат вершаў. Мясцовае Таварыства беларускай мовы вельмі аператыўна выдала кніжку, за што ўдзячны землякам. Ігар падчас цяперашняга прыезду ў Мінск прывёз некалькі экзэмпляраў. Кніжка прыстойна выглядае. Вядома ж, штосьці важнае, як гэта заўжды бывае, упушчана, здымкаў якасных не было, але, можа, некалі ўдасца выдаць перапрацаванае выданне.

Ігар Пракаповіч прыехаў у Мінск са сваёй вучаніцай Ладай Шайтар, якую прывёз на навуковую канферэнцыю па геаграфіі. Дзяўчына неаднаразова заваёўвала прызавыя месцы. І на гэты раз заняла пачэснае трэцяе месца. Настаўнік з гордасцю называе яе ўнікальным чалавекам. Яна і спявае, і танцуе — не пералічыш так проста ўсіх яе здольнасцей.

Мне ўдалося зрабіць падарунак даравітым землякам — арганізаваць сустрэчу з класікам беларускай літаратуры Нілам Гілевічам. Некалькі вячэрніх гадзін з сапраўдным беларусам, цікавым субяседнікам, чалавекам энцыклапедычных ведаў, думаецца, запомняцца ім на ўсё жыццё. Запомніцца сустрэча і Нілу Сымонавічу, які быў уражаны бліжэйшым знаёмствам з Ігарам Пракаповічам, з захапленнем гаварыў у пазнейшай тэлефоннай размове пра яго і яго новую краязнаўчую кніжку «Спорскі край (Вёска Вялікія Споры і яе ваколіцы)”, выдадзеную ТБМ. Дарэчы, у свой час Ніл Гілевіч шмат пахадзіў па Пастаўшчыне з незабыўным Генадзем Бураўкіным. І цяпер таксама ўважліва сочыць за падзеямі, якія адбываюцца там.

Цёпла на душы ад гэтай сустрэчы. Ладзе Шайтар Ніл Сымонавіч выказаў шмат  карысных   пажаданняў, асабліва настойліва прасіў добра ведаць родную мову. І мы з Ігарам Міхайлавічам пачулі многа разумнага і пазнавальнага. На развітанне ён перадаў сардэчны паклон Пастаўшчыне і яе жыхарам.

Янусь МАЛЕЦ, г. Мінск.

 



1 комментарий по теме “У гасцях у Ніла Гілевіча

  1. Дзякуй, дарагія людзі, за публікацыю! Здароўя ўсім і творчых здабыткаў! З павагай — Янусь.

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.