У Паставах закладзены сквер 70-годдзя Вялікай Перамогі (+фота)

Местная власть Общество

 

Старшыня райвыканкама Віктар Сяргеевіч Гутараў з групай удзельнікаў акцыі.

10 красавіка па ініцыятыве Пастаўскага раённага аб’яднання прафсаюзаў, грамадскіх аб’­яднанняў “Белая Русь” і “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” прайшла акцыя па пасадцы дрэў у гонар 70-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

Сквер 70-годдзя Вялікай Перамогі вырашана было закласці ў мікрараёне пятага гарадка, побач з  ваенным шпіталем органаў пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь і новымі шматпавярховымі дамамі па вуліцы Касманаўтаў, прылеглая да якіх тэрыторыя патрабуе добраўпарадкавання. У акцыі ўдзельнічалі прадстаўнікі   грамадскіх аб’­яднанняў органаў дзяржаўнага кіравання, устаноў культуры, адукацыі, медыцыны, гандлю, прамысловасці, камунальнай, газавай гаспадаркі і іншых сфер вытворчай і сацыяльнай сфер райцэнтра — ўсяго больш за 50 чалавек.

Добраахвотнікаў у рабочым адзенні віталі намеснік старшыні райвыканкама Ю. М. Кісялёў і старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў І. А. Далецкая. Юрый Мікалаевіч, у прыватнасці,  адзначыў, што на Пастаўшчыне вядзецца актыўная падрыхтоўка да 70-годдзя Вялікай Перамогі. Прайшло ўручэнне юбілейных медалёў. Арганізавана выплата матэрыльнай дапамогі ветэранам і іншым  катэгорыям грамадзян, якія пацярпелі ад наступстваў вайны. Прыводзяцца ў належны стан помнікі і іншыя месцы пахавання воінаў і мірных жыхароў.  Шэраг мерапрыемстваў праходзіць ва ўстановах культуры, школах раёна. Усе яны, у тым ліку і пасадка дрэў, прысвячаюцца воінам-вызваліцелям, дзякуючы подзвігу якіх Беларусь вось ужо сем дзесяцігоддзяў з’яўляецца мірнай і незалежнай краінай.

Напярэдадні пасадкі  на месцы будучай алеі пашчыравалі сямікласнікі СШ №4. З дапамогай работнікаў лясгаса была праведзена планіроўка тэрыторыі, выкапаны ямкі, устаноўлены калкі для падвязвання дрэўцаў. З Полаўскага, Груздаўскага і Камайскага лясніцтваў завезлі пасадачны матэрыял.

— Гэты ганаровы заказ мы выканалі з вялікім задавальненнем, бо закладка алеі ў Паставах стала працягам “Тыдня лесу-2015”, які праводзіўся ў Беларусі з 28 сакавіка па 4 красавіка і таксама прысвячаўся юбілею Вялікай Перамогі, — падкрэсліў  намеснік дырэктара лясгаса па ідэалагічнай рабоце А. М. Іванькоў.

З задавальненнем працавалі і ўдзельнікі акцыі. Яны пасадзілі больш за 150 ліп, клёнаў, бяроз і такім чынам унеслі свой асабісты ўклад у прымнажэнне зялёнага багацця новай жылой забудовы. Работы па  добраўпарадкаванні  тэрыторыі тут будуць працягвацца  і ў далейшым.

У той дзень удзельнікі акцыі пасадзілі дзясяткі дрэўцаў і ў мікрараёне вуліцы Юбілейнай.

У закладцы алеі прыняў ­удзел старшыня раённага выканаўчага камітэта В. С. Гутараў. Ён выказаў пажаданне, каб гэта акцыя стала шырокамаштабнай, а добраўпарадкаванне двароў, вуліц і іншых тэрыторый — паўсядзённай справай кожнага жыхара раёна.

— Усё, што нас акружае, — гэта не толькі дар прыроды, але і вынік нялёгкай працы чалавека, — сказаў Віктар Сяргеевіч. —  Мы павінны рабіць усё магчымае, каб у гарадской і сельскай мясцовасцях было больш зялёных насаджэнняў, добра­ўпарадкаваных тэрыторый, памятных месцаў, бо ўсё гэта самым непасрэдным чынам уплывае на здароўе, працаздольнасць, настрой людзей.

Папрацаваўшы, удзельнікі закладкі алеі пачаставаліся гарачым чаем і салодкай выпечкай. Паклапацілася пра гэта кіраўніцтва ваеннага шпіталя органаў пагранічнай службы і раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Белая Русь”.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.