У Паставах з’явілася “Жемчужина”


Пастаўчанін Сяргей Грыбаў cкончыў Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт, дзе атрымаў спецыяльнасць інжынера-будаўніка. Сёння ён жыве і працуе ў Мінску, але нярэдка бывае і на радзіме. Прычым не толькі дзеля таго, каб праведаць родных і сяброў, адпачыць ад сталічнай  мітусні, але і развіваць прадпрымальніцкую справу. Нядаўна Сяргей адкрыў у нашым райцэнтры цырульню “Жемчужина”.

Яе афіцыйнае адкрыццё адбылося ў сярэ­дзіне сакавіка. А ўжо праз некалькі дзён пасля гэтай падзеі ў памяшканні цырульні па вуліцы 17 Верасня быў арганізаваны семінар. Яго правялі госці з Мінска — стыліст вядомых тэле- і фотапраектаў Беларусі Юлія Кузьмянкова і мастак, выкладчыца аўтарскіх курсаў у Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь і школах іміджу, наша зямлячка Вольга Грыбава.

Падчас майстар-класа прысутныя даведаліся, якія колеры ім пасуюць у адзенні, якія тоны лепш выбіраць у касметыцы, як падкрэсліваць вартасці фігуры з дапамогай адзення, што такое імідж і якія яго галоўныя складальнікі, як з пяці рэчаў зрабіць шэсць модных камплектаў… Былі прадугледжаны захапляльныя практычныя заданні. На “дэсерт” выкладчыцы абмеркавалі каларыт знешнасці кожнай з прысутных.

— Cемінар доўжыўся больш за тры гадзіны, але час праляцеў  незаўважна, — падзялілася ўражаннямі пастаўчанка Ларыса Раманава. — Была прыемна здзіўлена кампетэнтнасцю дзяўчат, іх уменнем даступна і цікава падносіць інфармацыю. Акрамя таго, пасля заканчэння мерапрыемства яны цярпліва адказвалі на нашы шматлікія пытанні. Цяпер выкарыстоўваю атрыманыя парады і бачу, як яны “працуюць” на справе. Шкада, што семінары такога ўзроўню ў Паставах ла­дзяцца нячаста. А хацелася б!  Якая жанчына не хоча выглядаць стыльна і прыгожа?

Як запэўніў Сяргей Грыбаў, правядзенне такіх “модных” семінараў плануецца ў “Жемчужине” і надалей. Іх наведванне, у адрозненне ад аналагічных у Мінску, будзе мець сімвалічную плату. Сачыце за аб’я­вамі!

Новая цырульня светлая, прасторная, з сучасным інтэр’ерам. Пакуль тут працуюць два спецыялісты: вопытны, улюбёны ў сваю справу цырульнік пятага разраду Юлія Дарафейчык (яна ж з’яўляецца і адміністратарам “Жемчужины”) і нядаўняя выпускніца адукацыйнага цэнтра “SMART” Любоў Кадушкевіч, якая хутка ўдасканальвае майстэрства пад настаўніцтвам вопытнага спецыяліста. Яны плануюць і далей наведваць семінары, курсы павышэння кваліфікацыі, каб працаваць з кліентамі на яшчэ больш высокім узроўні.

Сёння ў цырульні прапануюць розныя віды паслуг — мужчынскую, жаночую і дзіцячую стрыжкі, пафарбоўку, хімічную завіўку і ламініраванне валасоў; усе віды прычосак; пафарбоўку і карэкцыю веек і броваў. Выкарыстоўваецца якасная замежная касметыка.

Ці проста маладому чалавеку было адкрыць новую справу?

—            Мітусні хапіла, але калі ты верыш у сваю ідэю, то ўсё абавязкова атрымаецца, — упэўнены Сяргей Грыбаў. — Мы пастараемся працаваць не па шаблоне, а ўкараняючы шмат навацый, — працягваў малады прадпрымальнік. — Ну і, вядома ж, рэкламуючы свае паслугі. А ў гэтым па-за канкурэнцыяй “сарафаннае ра­дыё”. Таму наша галоўная задача — цяпер і заўсёды працаваць максімальна якасна, улічваючы ўсе патрабаванні кліентаў.

Іна СНЯЖКОВА. Фота аўтара.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.