Усе разам і кожны асобна

Местная власть Общество

Даўно нежылы паўразбураны дом “патанае” ў высачэзным сухім мінулагоднім пустазеллі. Азёрны бераг густа паплямлены пустымі пластыкавымі і шклянымі бутэлькамі, рознымі абгорткамі, іншым смеццем. Кучы смецця за агароджай вясковых могілак. Механічная майстэрня сельгаспрадпрыемства завалена розным металічным хламам. Прыфермская тэрыторыя ў шмацці поліэтыленавай плёнкі, якой былі ўкрыты сянажныя траншэі, з рэшткамі згнілага корму, кучамі гною…

Гэта не карцінкі з жыцця далёкіх продкаў, а сённяшняя ява, вынесеная на абмеркаванне з мэтай прыняцця радыкальных мер. Шматлікія слайды з такімі адлюстраваннямі дэманстраваліся 7 красавіка на расшыраным пасяджэнні раённага штаба па правядзенні месячніка па добраўпарадкаванні, аб’яўленага ў раёне з 23 сакавіка па 30 красавіка. Іх падрыхтавалі прадстаўнікі землеўпарадкавальнай, экалагічнай, пажарнай службаў раёна. А каментарыі па кожным давалі: начальнік землеўпарадкавальнай і геадэзічнай службы раёна А. В. Іванькова, начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя В. І. Казак, начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях А. І. Кісель, а загадчыца аддзела эпідэміялогіі РЦГіЭ Л. М. Сафронава праінфармавала пра выяўленыя парушэнні санітарнага ўтрымання некаторых аб’ектаў.

На пасяджэнне штаба запрашаўся шэраг кіраўнікоў прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў, старшыні ўсіх сельскіх Саветаў. Былі заслуханы тлумачэнні многіх з іх. Адзначалася, што калі ў горадзе даволі шырока вядзецца добраўпарадкаванне, то ў сельскай мясцовасці — непачаты край работы. “Перыяд угавораў закончыўся, — адзначыў кіраўнік раёна В. С. Гутараў. — Мы вымушаны прымаць жорсткія меры да тых, хто не выконвае распараджэнне райвыканкама. На 25% пазбаўлены даплаты за папярэдні месяц усе супрацоўнікі землеўпарадкавальнай раённай службы, тры старшыні сельскіх Саветаў паніжаны ў класнасці. Будуць працягвацца рэйды, праверкі, маніторынгі і падвяргацца штрафным санкцыям тыя юрыдычныя і фізічныя асобы, якія не клапоцяцца пра навядзенне парадку. Не пазней як да 20 красавіка парадак трэба навесці ва ўсіх населеных пунктах”.

Размова на пасяджэнні штаба была доўгай, прадметнай і патрабавальнай. Старшыня райвыканкама перад усімі службамі паставіў канкрэтныя задачы, у тым ліку і прыцягнуць да добраўпарадкавання ўсё насельніцтва. Найпершымі памочнікамі старшынь сельскіх Саветаў у гэтай справе павінны стаць кіраўнікі прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў, размешчаных на іх тэрыторыі, дэпутаты і старэйшыны вёсак.

Фаіна КАСАТКІНА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.