Выдатны пачатак

Спорт

Нядаўна ў дзяржаўным прафтэхкаледжы сельскагаспадарчай вытворчасці  ўшаноўвалі валейбольную каманду, якая стала чэмпіёнам вобласці і заняла другое месца ў рэспубліцы, удзельнікаў іншых спартыўных стартаў.

Спаборніцтвы па валейболе праходзілі ў рамках абласной і рэспубліканскай спартакіяд навучэнцаў прафесіянальна-тэхнічных вучылішчаў. Спачатку пастаўчане ўпэўнена перамаглі сваіх аднагодкаў на занальных спаборніцтвах, а затым як неаднаразовыя пераможцы і прызёры такіх турніраў адразу трапілі ў фінал абласной спартакіяды. Ім супрацьстаяла  каманда з Оршы. У барацьбе за першае месца аршанцы паказалі сваю найлепшую  гульню, але ў  дзвюх партыях саступілі.

Такім чынам валейбалісты з Пастаў, як і ў папярэднія гады, у рангу чэмпіёнаў  заваявалі права  адстойваць гонар Віцебскай вобласці на рэспубліканскай спартакіядзе. Разам са спартсменамі з Мінска, Мінскай і Магілёўскай абласцей яны трапілі ў другую падгрупу і, дабіў­шыся ўпэўненых перамог над сапернікамі, у фінале сустрэліся з камандай з Гродна, якая стала мацнейшай у першай падгрупе.

— Акрыленыя выхадам у фінал, нашы юнакі імкнуліся даказаць, што іх поспех невыпадковы, — адзначыў кіраўнік фізвыхавання прафтэхкаледжа Ю. Б. Трафімаў. — Яны гулялі ў сілу сваіх магчымасцей, але гро­дзенцы дзейнічалі больш зладжана і рашуча і заслужана перамаглі. Нягледзячы на гэта, самых добрых слоў заслугоўваюць  Ігар Гінько, Валерый Казека, Раман Фурс, Дзяніс Радзевіч, Аляксей Рапалаў, Сяргей Давідзюк, Мікіта Саўчук і Яўгеній Ходараў. Яны сталі ўладальнікамі сярэбраных медалёў і дыпломаў другой ступені Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Навучэнцы каледжа запісалі ў табліцу круглагадовай спартакіяды ўстаноў прафтэхадукацыі Віцебшчыны сваю першую перамогу. Хочацца пажадаць ім удалых выступленняў і ў іншых відах спорту.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.