Вызваленне ў рэчах і тварах


2014 і 2015 гады для Беларусі юбілейныя. Летась мы адзначылі 70-годдзе вызвалення рэспублікі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а праз некалькі тыдняў споўніцца 70 гадоў з дня заканчэння Вялікай Айчыннай вайны. Яшчэ да першай юбілейнай даты работнікі раённага краязнаўчага музея аформілі ў сябе выставу “Дзякуй за вызваленне”, якую вырашылі пакінуць і на гэты год.

Выстава карыстаецца папулярнасцю ў наведвальнікаў. На ёй пабывала ўжо шмат вучняў з гарадскіх і сельскіх школ. Прыходзяць таксама родныя ветэранаў вайны, чые фотаздымкі ўвайшлі ў экспазіцыю. Складаецца яна з некалькіх раздзелаў, і паколькі ў 1941—1944 гадах на Пастаўшчыне быў у асноўным партызанскі рух, амаль увесь матэрыял прысвечаны падпольнай і партызанскай барацьбе.

Першы раздзел расказвае пра пачатак вайны, камсамольскае падполле і арганізацыю партызанскага руху. У ім прадстаўлены камсамольскі сцяг, які выратавала наша зямлячка Ганна Пашкевіч, захоўвала ў сябе дома, а потым перадала ў партызанскі атрад “Слава”; фота­здымкі і асабістыя рэчы самых актыўных членаў камсамольскіх груп з вёсак Васіліны і Ліпнікі. Адзін са стэндаў апавядае пра стварэнне першага партызанскага атрада “Смерць фашызму”, арганізатарам якога быў першы сакратар Пастаўскага райкама партыі А. А. Манахаў. Тут жа можна ўбачыць яго асабістыя рэчы: кабуру, гімнасцёрку, дакументы, а таксама трафейныя друкарскую машынку, друкарскі партызанскі станок і тэлеграфны апарат.

Наступныя два раздзелы прысвечаны фарміраванню партызанскіх груп і брыгады імя Варашылава, якая дзейнічала на тэрыторыі цяперашніх Пастаўскага, Мя­дзельскага і Вілейскага раёнаў. Побач з асабістымі дакументамі і рэчамі партызан у ім змешчаны такія цікавыя экспанаты, як прыстасаванне для ручной нарэзкі разьбы пры вырабе ствалоў абрэзаў, самаробныя мінамёт, попельніца і запальнічка. Таксама ў музеі захоўваюцца ўнікальныя малюнкі партызанскага мастака Барыса Айзенберга, які быў начальнікам штаба ў адным з атрадаў брыгады Ракасоўскага і ў вольны час пісаў простым алоўкам партрэты сваіх сяброў-партызан. Некаторыя з іх прадстаўлены ў экспазіцыі.

Асобны куток апавядае пра прыход у раён новай улады і ўстанаўленне акупацыйнага рэжыму, а таксама пра зверствы фашыстаў на Пастаўшчыне. Красамоўным сведчаннем гэтага з’яўляюцца не толькі дакументы і фота­здымкі тых часоў, але і лічбы статыстыкі. У прыватнасці, звесткі пра тое, колькі вораг знішчыў у раёне прадпрыемстваў, школ, бібліятэк, расстраляў і замучыў насельніцтва, спіс вёсак, цалкам або часткова спаленых немцамі, з данымі аб тым, колькі раней у іх было двароў і колькі знішчана, у тым ліку з жыхарамі. Агульную карціну дапаўняе зробленая музейнымі работнікамі інсталяцыя разбуранай і падпаленай сялянскай хаты.

Другая частка экспазіцыі прысвечана вызваленню, калі на Пастаўшчыну прыйшла 145-ая Віцебская стралковая Чырванасцяжная дывізія. У гэтым раздзеле змешчаны карта лініі фронту і руху наступальнай аперацыі “Баграціён” і галерэя партрэтаў вызваліцеляў. У яе цэнтры людзі, якія атрымалі званне Героя Савецкага Саюза, а таксама пахаваны ў скверы па плошчы Леніна, брацкай ма­гіле па вуліцы Чырвонаармейскай у Паставах і ў г.п. Лынтупы. Тут жа асабістыя рэчы Героя Савецкага Саюза В. А. Сідарэнкі і Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР аб прысваенні яму гэтага звання і ўзнагаро­джанні ордэнам Леніна, мундзір, папка і футляр для акуляраў камандзіра 145-ай дывізіі генерал-маёра П. А. Дзібровы, якія перадала музею яго дачка.

Побач — партрэты пастаўчан, якія ваявалі на розных франтах, набліжаючы Перамогу, — удзельнічалі ў баях за Сталінград і Крым, вызвалялі Беларусь, Прыбалтыку, іншыя краіны Еўропы, бралі Берлін. Сімвалам памяці пра іх подзвіг з’яўляецца чорны, нібы абпалены вайной, жалезны гваздзік у вазе, зробленай з гільзы ад артылерыйскага снарада, якія калісьці падарыў музею вядомы ў раёне каваль Юрый Фурс. Гэтыя экспанаты назаўсёды звязваюць нас, нашчадкаў вызваліцеляў, з дзядамі і прадзедамі.

Алена ШАПАВАЛАВА.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.