Хроніка здарэнняў


Пагарэў на опіі

У адзін з сакавіцкіх дзён у сябе дома з доказамі злачынства быў затрыманы 35-гадовы непрацуючы жыхар вуліцы Пушкіна ў райцэнтры. Ён незаконна, без мэты збыту вырабіў з макавай саломкі экстракцыйны опій. Але ўжыць яго не паспеў. Падчас агляду месца здарэння міліцыянеры канфіскавалі наркотык, а грамадзяніна прыцягнулі да крымінальнай адказнасці.

За распаўсюджванне парнаграфіі

Да 4 гадоў пазбаўлення волі “свеціць” 52-гадоваму жыхару Пастаў. Устаноўлена, што ў перыяд з кастрычніка па снежань 2014 года ён па месцы свайго жыхарства з дапамогай ноўтбука і мадэма размясціў на ўласнай электроннай старонцы на сайце “ВКонтакте” сеткі інтэрнэт 6 відэаролікаў парнаграфічнага зместу, якія знахо­дзіліся ў агульным доступе для прагляду. Цяпер мужчыну чакае суд за распаў­сюджванне парнаграфіі.

Збіў міліцыянера

9 сакавіка 36-гадовы жыхар вёскі Дварчаны, знаходзячыся ў нецвярозым стане, прычыніў цялесныя пашкоджанні супрацоўніку органаў унутраных спраў. Участковы інспектар міліцыі прыехаў дамоў да мужчыны для правядзення разбору па атрыманым паведамленні, і калі збіраўся затрымаць яго, той у адказ нанёс удары нагой па руцэ і кулаком у твар. У выніку ў міліцыянера закрыты пералом адной з костак кісці, кровападцёкі, сінякі і ўдараныя раны носа і верхняй губы. У адносінах да вяскоўца ўзбуджана крымінальная справа.

Абрабавалі суседа

17 сакавіка ў РАУС звярнуўся 63-гадовы жыхар Апідамаў, які паведаміў, што на яго напалі і ўкралі грошы. А зрабілі гэта суседзі — 36-гадовая жанчына, якая знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску, і яе сябры — муж з жонкай, якія працуюць у СВК “Янавіца-агра”. Дзейнічала тройца па папярэдняй дамоўленасці. Позна ўвечары, прымяніўшы сілу, прыціснула пенсіянера ў двары і забрала з шафы ў хаце 200 тысяч рублёў і 20 еўра. Па факце грабяжу ўзбуджана крымінальная справа.

Залез у дом па стрэльбу

22 сакавіка ў райаддзел міліцыі паступі­ла паведамленне ад жыхаркі Дамуцёў. Жанчына расказала, што ў адным з дамоў у іх вёсцы пабываў злодзей, які пранік туды, вырваўшы прабой на ўваходных дзвярах. Аказалася, гэта справа рук непрацуючага 51-гадовага дамуцёўца. З дома ён украў аднаствольную паляўнічую стрэльбу, якую збіраўся затым прадаць.

Па зводках РАУС падрыхтавала Алена ШАПАВАЛАВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.