Хто карыстаецца, той і рамантуе


Дакладней, плаціць за рамонт. Размова ідзе пра меcцы агульнага карыстання, а менавіта — пад’езды шматпавярховых дамоў. Калі раней іх рамонт праводзіўся за кошт жыллёва-камунальнай службы, то зараз, у адпаведнасці з пастановай Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі №12 ад 4 чэрвеня 2014 года “Аб устанаўленні пераліку відаў работ па бягучым рамонце жыллёвага фонду і парадку вяртання затрат на бягучы рамонт жыллёвага фонду”, затраты на яго павінны несці ўласнікі і наймальнікі жылля.

Пра тое, як у сувязі з гэтым змяняюцца ўзаемаадносіны абслуговай арганізацыі і грамадзян, карэспандэнт “Пастаўскага краю” гутарыць з намеснікам дырэктара УП ЖКГ па жыллёва-эксплуатацыйнай службе А. У. Раманенкавым.

— Пачнём з таго, што тэхабслугоўванне аднаго квадратнага метра жылля абыхо­дзіцца камунальнікам у 2180 рублёў, а насельніцтва плаціць толькі 959 рублёў, — адзначыў Аляксандр Уладзіміравіч. — У цяперашніх складаных эканамічных умовах паступовае павышэнне платы за ўсе камунальныя паслугі непазбежнае. А разлік за такую паслугу, як рамонт пад’ездаў, цалкам кладзецца на плечы жыльцоў.

— А хто вызначае, патрабуе рамонту той ці іншы пад’езд або не?

— Кожныя вясну і восень камісія ЖЭУ праводзіць іх агляд і выносіць заключэнне. Калі ў пад’ездзе назіраюцца дэфекты аддзелачнага пакрыцця, сколы, выбоіны, трэшчыны, адслаенні фарбавальнага і абліцовачнага пакрыццяў, тынкоўкі, несанкцыянаваныя надпісы, то зразумела, што рамонт патрэбны. Неабходнасць яго правядзення бачаць і жыхары дома.

— І могуць самі адрамантаваць…

— Могуць. І такія прыклады ёсць. Але нямала і іншых фактаў, калі пад’езды знаходзяцца ў такім стане, што ў іх непрыемна зайсці. І не трэба за гэта ўзвальваць усю віну на камунальнікаў. Вельмі многія людзі адносяцца да агульнай уласнасці не па-гаспадарску, а асобныя нават па-варварску.

— І вось вы прымаеце рашэнне аб правядзенні рамонту…

— Але перад гэтым пастараемся знайсці паразуменне з жыхарамі. Зага­дзя праінфармуем грамадзян пра плануемыя тэрміны правядзення рамонту, асноўныя віды работ і іх кошт, арыенціровачную суму вяртання затрат для кожнай кватэры. Звяртаю ўвагу на тое, што размер платы за рамонт вылічваецца ў долях, суразмерных агульнай плошчы кватэр — чым большая плошча, тым большая і сума платы. Далей прапануем грамадзянам заключыць з ЖЭУ дагаворы на рамонт пад’езда.

— Скажам, адна частка жыхароў заключыла такія дагаворы, а другая адмовілася. Што тады?

— Калі пад’езд знаходзіцца ў нездавальняючым стане, яго рамонт будзе праведзены ўсё роўна. У адпаведнасці з загадам Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі №5 ад 4 лютага 2015 года, згоды жыльцоў на гэта не патрабуецца. У той жа час плата за такі рамонт прад’яўляецца ўсім спажыўцам. Пасля завяршэння рамонту складаецца акт выкананых работ і ўласнікам або наймальнікам кватэр выстаўляецца сума да аплаты. З кожнай кватэры яна будзе ў сярэднім 1-1,5 мільёна. Разумеем, што заплаціць такую суму адразу складана нават чалавеку з добрай зарплатай, таму бу­дзем размяркоўваць яе на некалькі месяцаў.

— А ўвогуле, з якой перыядычнасцю праводзяцца бягучыя рамонты пад’ездаў?

— Усё залежыць ад адносін жыхароў да гэтых месцаў агульнага карыстання. Калі яны беражлівыя, міжрамонтны тэрмін можа доўжыцца і больш за 10 гадоў. Але ж ёсць столькі фактаў, калі распісваюць сцены пад’ездаў, б’юць вокны, ламаюць уваходныя дзверы і г. д. А вось калі рамонт будзе зроблены не за дзяржаўныя, а за ўласныя грошы, то і адносіны да ўтрымання пад’ездаў павінны змяніцца.

Гутарыла Фаіна КАСАТКІНА.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.