Забыць немагчыма


Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС мінула амаль трыццаць гадоў. Але з памяці людской падзеі той вясны не сціраюцца. Пра гэта гавораць:

Тамара Васільеўна ЯЦЭНКА, пенсіянерка, г. Паставы:

— У 1986 годзе я працавала кладаўшчыцай на базе ў “Ваенгандлі №609”. Што на станцыі здарылася і якая там была сітуацыя, я разумела. Таму, калі паведамілі, што на два тыдні мне трэба ехаць у камандзіроўку, асабліва не панікавала. Дзевяцігадовую дачку пакінула з Галінай Лявонцьеўнай Дзяхцяр — тады яна працавала ў нас намеснікам галоўнага бухгалтара. З нашай арганізацыі паехаў і  вадзі­цель Віктар Баранскі. І мы з ім на аўтамагазіне развозілі прадукты харчавання, абслугоўвалі кантынгент ваеннаслужачых, якія былі заняты на ліквідацыі наступстваў аварыі. Жылі ў Хойніках, камандзіроўка доўжылася з 25 чэрвеня па 7 ліпеня.

Памятаю, пабывалі ў вёсцы Піркі — гэта за дваццаць кіламетраў ад станцыі. Адразу адчула сябе вельмі кепска. Зразумела: гэта радыяцыя. Вярнулася  ў Хойнікі — стала лепш. Прыехаўшы дамоў, прайшла медкамісію. Ніякіх адхіленняў не было выяўлена. І цяпер таксама здаровая.

Увесь час жыць з успамінамі цяжка. Але ж і забыць пра тую камандзіроўку немагчыма. Заплюшчу вочы — і бачу бязлюдныя населеныя пункты, жах­лівую пустату на падвор’ях. Вайна, атамная вайна. Шкада, але многія з тых, хто ў чарнобыльскую зону ездзіў пасля мяне, пайшлі з жыцця дачасна.

Віктар Іосіфавіч ТРАХІМОВІЧ, сталяр АБП “Рассвет Пастаўскі”:

— У 1986 годзе я працаваў сталяром у будаўнічай арганізацыі. Пра тое, што на ліквідацыю наступстваў аварыі на ЧАЭС накіроўваюць прадстаўнікоў розных прафесій і спецыяльнасцей, чуў ад людзей. Прыйшла і мая чарга: 19 чэрвеня Пастаўскім райваенкаматам быў прызваны на зборы. Сфарміраваны ў Мінску полк накіраваўся на Гомельшчыну. Месцам нашай дыслакацыі стаў Брагін. Займаліся дэз­актывацыяй транспартных сродкаў — тэхнікі, якая перамяшчалася з забруджаных раёнаў у чыстыя.

Выконвалі і іншыя работы. Напрыклад, выязджалі ў вёску Церамцы. Яна знаходзілася ў 30-кіламетровай зоне, але дарога, па якой дабіраліся туды, была ў 10-кіламетровай. Адтуль вывозілі зямлю, кустарнікі. Некалькі дзён раніцай ехалі туды, а позна ўвечары вярталіся назад, у часць.

У мяне, будаўніка, чалавека мірнай прафесіі, сэрца сціскалася ад убачаных пустых дагледжаных дамоў і цэлых вёсак, якія ў адчаі пакідалі жыхары, уцякаючы ад радыяцыі. І толькі старыя людзі нікуды не збіраліся. Яны заставаліся на сваіх абжытых сядзібах.

Дамоў вярнуліся ў лістападзе. Акрамя мяне, на ліквідацыі наступстваў аварыі працавалі пастаўчане Юрый Смятанка, Віктар Мацкевіч, Уладзімір Кахно і Сяргей Лапцік, і ўсе мы былі ў адной роце. Цяпер сустракаемся, перазвоньваемся, успамінаем. Забыць, можа, і хацелася б, ды немагчыма: гэта ж было ў нашым жыцці. І дай бог, каб не паўтарылася ніколі.

Падрыхтавала Галіна ПІШЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.