Жыццё не песціла яе


Кожны год 23 красавіка я віншавала з днём нараджэння сваю матулю, а таксама калегу — настаўніцу музыкі і спеваў Ганну Віктараўну Мароз. Сёлета ёй споўнілася б 70 гадоў. На жаль, Ганны Віктараўны ўжо няма сярод нас.

Нарадзілася яна ў красавіку 45-га. Маці Ані была вывезена ў Германію, і дзяўчынка з’явілася на свет нявольніцай на чужой зямлі. Усе цяжкасці перанесла яе маці, бо немаўлятка яшчэ нічога не ўсведамляла. Невядома, як бы склаўся яе далейшы лёс, калі б праз паўмесяца пасля яе нараджэння не быў падпісаны Акт аб капітуляцыі фашысцкай Германіі. Маці з дзяўчынкай вярнуліся ў Паставы.

Дом быў амаль поўнасцю разбураны. Жылі на хутары Юхнава ў бабулі з дзядулем амаль у зямлянцы. Час быў цяжкі: хлеб пяклі напалову з мякінай. Толькі Ані як самай малодшай перападала паесці бульбы. Дзяўчынка любіла прыроду, а бярозавы гай падступаў амаль да хаты. Аднойчы разам з хутарскімі дзецьмі здалёк убачылі ваўка. Вялікі, светла-шэры, ён пераскочыў праз рэчку, нібы праз ручаёк.

У сямігадовым узросце разам з бацькамі трапіла на Сахалін. Доўга ехалі на цягніку, потым плылі на параходзе. Тата паказваў ёй японскія астравы. Жылі ў ваенным гарадку, у школу вазілі ў горад Аніву. Запомніліся моцныя вятры, снежныя заносы, сопкі, даўнейшы японскі раяль у ваенным клубе, на якім Аня навучылася граць. Пражылі там сем гадоў і зноў вярнуліся ў Беларусь, у Гомель. Тут Аня паступіла ў музычна-педагагічнае вучылішча, ёй купілі піяніна. А ў Палацы спорту сама запісалася ў секцыю фехтавання, неўзабаве нават атрымала юнацкі разрад. У 1963 годзе пасля вучылішча Ганна Віктараўна прыехала ў Паставы. У СШ №2 адпрацавала настаўніцай музыкі і спеваў 26 гадоў. Прафесія яе творчая: канцэрты, вечары, агляды мастацкай самадзейнасці. Цяжкасці пераадольваць дапамагалі родныя людзі і сябры. Ганна Віктараўна мела вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, была адзначана медалём “Ветэран працы”. Умела знайсці падыход да дзяцей, валодала тонкім пачуццём гумару, яе паважалі і любілі настаўнікі і вучні.

У той час я працавала ў СШ №2 намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце. І цяпер шчыра ўдзячна Ганне Віктараўне за яе дапамогу, ініцыятыву, адданасць справе. Заўсёды называла яе баявой сяброўкай. Жыццё не песціла Ганну Віктараўну, таму пасля цяжкай хваробы яна рана пайшла з жыцця, пакінуўшы часцінку сябе ў дзецях, унуках, вучнях і добрую памяць пра сябе як пра светлага, душэўнага чалавека.

Р. ЛАСТОЎСКАЯ, няштатны карэспандэнт.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.