Зрабіць правільны, усвядомлены выбар


В. Б. Лоўкіс сярод вучняў СШ №2 г. Паставы.

Кожны год сотні выпускнікоў сярэдніх і базавых школ раёна вырашаюць жыццёва важнае пытанне выбару сваёй будучай прафесіі. І калі адны даўно вызначыліся са спецыяльнасцю, то іншыя прадаўжаюць пошук, стаяць на раздарожжы. Дапамагчы ім зрабіць правільны, усвядомлены выбар у пэўнай меры дапамагаюць прафарыентацыйныя злёты, якія кожную вясну праводзіць раённы выканаўчы камітэт.  Такое мерапрыемства на базе  Пастаўскага прафтэхкаледжа адбылося і сёлета.  Праходзіла яно з аграрным ухілам, на сустрэчы прысутнічалі прадстаўнікі вядучых навучальных устаноў, якія рыхтуюць спецыялістаў для сельскагаспадарчай вытворчасці. Заманлівых прапаноў ад прадстаўнікоў каледжаў, ­універсітэта і акадэмій паступіла нямала.

Веру, што мы сустрэнемся

Злёт праходзіў у клубе прафтэхкаледжа і пачаўся з невялікага канцэрта.  Выступленне ўзорнага духавога аркестра, вакальных груп і салістаў паказала, што ў навучальнай установе нямала таленавітых, творчых навучэнцаў. А  яшчэ больш спартсменаў, аматараў іншых інтарэсаў, якія ўсё больш упэўнена праяўляюць сябе не толькі на раённым, але і на абласным і рэспубліканскім узроўнях.

— Для ўсебаковага развіцця маладых людзей у нас створаны ўсе ўмовы, —  падкрэсліла намеснік дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце Н. А. Шылько. — Першараднае значэнне надаецца прафесійнаму навучанню. На дзённай, вячэрняй і завочнай формах каледж рыхтуе вадзіцеляў, слесараў, трактарыстаў-машыністаў, агароднікаў, повараў, кантралёраў-касіраў, жывёлаводаў. На ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі ажыццяўляецца падрыхтоўка тэхнікаў-механікаў. Гэту спецыяльнасць могуць атрымаць выпускнікі з кваліфікацыяй “Слесар па рамонце аўтамабіляў”. Акрамя таго, паміж каледжам і Полацкім дзяржаўным універсітэтам заключаны дагавор, у адпаведнасці з якім найбольш паспяваючыя нашы выпускнікі могуць паступаць на трэці курс установы з вышэйшай адукацыяй. Кожны год навучэнцамі каледжа становяцца сотні юнакоў і дзяўчат з нашага і суседніх раёнаў. Каля трохсот чалавек атрымліваюць дыпломы аб яго заканчэнні. Веру, што ў новым навучальным годзе мы сустрэнемся з многімі школьнікамі, хто сёння прысутнічае ў зале.

Выпускнікі Дунілавіцкай СШ.

На пяці факультэтах

Сучасны ўзровень развіцця грамадскай жывёлагадоўлі, вытворчасці і перапрацоўкі малака і мяса прад’яўляе высокія патрабаванні да спецыялістаў гэтай галіны. Урачоў ветэрынарнай медыцыны, ветэрынарна-санітарных урачоў, правізараў і зоаінжынераў рыхтуе Віцебская ордэна “Знак Пашаны” дзяржаўная акадэмія ветэрынарнай медыцыны. У навучальнай установе 5 факультэтаў: ветэрынарнай медыцыны; біятэхналагічны; завочнага  навучання; давузаўскай падрыхтоўкі, прафесіянальнай арыентацыі і маркетынгу; факультэт павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў. У акадэміі займаецца каля 6000 тысяч студэнтаў з Беларусі і 15 краін бліжняга і далёкага замежжа.

Пра ўмовы вучобы, пражывання і адпачынку студэнтаў расказала на злёце выкладчык навучальнай установы В. М. Вінаградава.

У структуры акадэміі ёсць аграрны каледж, размешчаны ў Лужасне. Тут  на базе 9 і 11 класаў рыхтуюць аграномаў, фельчараў ветэрынарнай медыцыны і заатэхнікаў. Прыём у каледж ажыццяўляецца па конкурсе атэстатаў.

Акадэмія паспяховых людзей

Вядучай навучальнай установай нашай краіны і краін СНД з’яўляецца Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія, якой сёлета спаўняецца 175 гадоў. Старэйшая ў Еўропе навучальная ўстанова гарантуе высокую якасць ведаў на агранамічным, аграэкалагічным, зоаінжынерным, землеўпарадкавальным, меліярацыйна-будаўнічым і эканамічным факультэтах, а таксама механізацыі сельскай гаспадаркі, біз­несу і права, бухгалтарскага ўліку.

Акадэмія мае асаб­лівы статус і з’яўляецца сапраўднай кузняй кадраў для Беларусі. Прадстаўляючы яе ўдзельнікам прафзлёту, загадчык кафедры “Дзяржава і права” А. А. Герасімаў звярнуў увагу на тое, што ў свой час у акадэміі вучыліся Прэзідэнт Беларусі А. Р. Лукашэнка, многія дзеючыя міністры і іншыя дзяржаўныя асобы. Выпускнікамі навучальнай установы з’яўляюцца таксама старшыня Пастаўскага райвыканкама В. С. Гутараў, яго першы намеснік, начальнік райсельгасхарчу А. В. Чарвінскі, іншыя кіруючыя кадры і спецыялісты раёна.

Інфраструктура акадэміі дазваляе актыўна займацца навуковай, спартыўнай, культурнай  дзейнасцю. У ціхім і экалагічна чыстым акадэмічным гарадку камфартабельныя інтэрнаты, сталовая, спартыўныя залы, батанічны сад, дэндрапарк, лядовая арэна, кінатэатр і летні амфітэатр.

У акадэміі самы нізкі кошт платнага навучання, а памер стыпендыіі на 15% большы, чым у іншых вышэйшых навучальных установах краіны. Студэнты маюць магчымасць  атрымліваць паралельна другую вышэйшую адукацыю, прадоўжыць навучанне ў магістратуры, аспірантуры, ім гарантаваны працаўладкаванне, адкрываюцца іншыя магчымасці.

А. А. Герасімаў гутарыць з выпускніком сельскагаспадарчай акадэміі, маладым майстрам прафтэхкаледжа Сяргеем Шылёнкам.

Ёсць пэўныя асаблівасці

На працягу апошніх гадоў Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт школьнікам Пастаўшчыны прадстаўляе дэкан аграмеханічнага факультэта, кандыдат тэхнічных навук, дацэнт Віктар Баляслававіч Лоўкіс. І гэта невыпадкова. Ён наш зямляк, выпускнік СШ №2 і Пастаўскага прафтэхліцэя. Ва ўніверсітэце працуе больш за 30 гадоў.

Віктар Баляслававіч захоплена расказаў пра ўніверсітэт, які летась адзначыў 60-гадовы юбілей і з’яўляецца буйным навукова-адукацыйным цэнтрам Беларусі. На дзённай форме навучання дзейнічаюць аграмеханічны, аграэнергетычны, інжынерна-тэхналагічны, а таксама факультэты тэхнічнага сэрвісу ў аграпрамысловым комплексе і прадпрымальніцтва і кіравання. Усяго навучаецца каля 14 тысяч чалавек.

Універсітэт мае свае асаблівасці. Усе іншагароднія студэнты першага года дзённай формы навучання атрымліваюць месцы ў інтэрнаце. Для праходжання практыкі юнакі і дзяўчаты выяз­джаюць за мяжу. Яны маюць магчымасць атрымліваць паралельна другую вышэйшую адукацыю, рабочыя і грамадскія прафесіі.

Універсітэт забяспечаны электроннымі інфармацыйнымі рэсурсамі:  бібліятэкай і каталогамі, аўтаматызаванай базай даных, інтэрнэтам.

Будзе расці канкурэнцыя

— Каб атрымаць добрую, высокааплатную работу, канкурыраваць нараўне з іншымі прэтэндэнтамі, важна мець запатрабаваную прафесію, высокую кваліфікацыю, — адзначыла намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, начальнік аддзела па занятасці насельніцтва райвыканкама Т. А. Варабей. — Жадаю ўсім стаць навучэнцамі і студэнтамі сярэдніх і вышэйшых навучальных устаноў. Але жыццё ёсць жыццё, і не выключана, што некаторым давядзецца звярнуцца ў нашу службу, каб зарэгістравацца ў якасці беспрацоўнага, прайсці за дзяржаўны кошт навучанне і набыць патрэбныя для раёна спецыяльнасці. Магчымасці ў гэтым кірунку вялікія.

У 2014 годзе ў раёне найбольш запатрабаванымі былі прафесіі вадзіцеляў  аўтамабіля, прадаўцоў, жывёлаводаў, аператараў машыннага даення, электрагазазваршчыкаў, электраманцёраў, бухгалтараў, інжынераў, аграномаў і іншыя. На 1 сакавіка сёлетняга года са 176 вакансій больш за 80% складалі рабочыя прафесіі. На адну вакансію прэтэндавалі 6,2 чалавека, у той час як летась гэты паказчык складаў усяго 2,2 чалавека. За два месяцы новага года па пытаннях працаўладкавання колькасць зваротаў да нас узрасла на 60%.

Т. А. Варабей пажадала школьнікам набываць тыя прафесіі і спецыяльнасці, якія найбольш запатрабаваны на рынку працы.

Працаўладкаванне гарантавана

Вітаючы гаспадароў, гасцей і выпускнікоў школ, начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама У. З. Гутар падкрэсліў, што выпускнікам  аграрных навучальных устаноў не пагражае беспрацоўе, працаўладкаванне ім заўсёды гарантавана. І параіў будучым студэнтам і навучэнцам як мага хутчэй вызначыцца са сваім жыццёвым выбарам і скарыстацца магчымасцю мэтавай падрыхтоўкі кадраў. Для гэтага трэба звярнуцца ва ўпраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама і заключыць адпаведны дагавор. Ён дае пэўныя перавагі пры паступленні, гарантуе дадатковую даплату да стыпендыі, а пасля заканчэння вучобы  — абавязковае працаўладкаванне ў адной з арганізацый аграпрамысловага комплексу Пастаўшчыны.

Штогод у наш раён па размеркаванні прыбывае каля 150 маладых спецыялістаў розных прафесій. Амаль палова з іх пасля адпрацоўкі двух абавязковых гадоў вяртаюцца на сваю малую радзіму.  У маладых пастаўчан ёсць усе магчымасці прыносіць карысць гаспадарчаму комплексу роднага краю, ствараць у ім сваё сямейнае шчасце. У. З. Гутар пажадаў удзельнікам злёту поспехаў на экзаменах, тэсціраванні, правільнага выбару прафесіі, якая б стала справай усяго жыцця, прыносіла асабістае задавальненне і карысць грамадству.

На заканчэнне сустрэчы галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама С. У. Падгайская, якая вяла яе, пажадала выпускнікам поспехаў, ажыццяўлення ўсіх  мар.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.