Аддзячыў…


Як паказвае судовая практыка, прафілактычная работа па прадухіленні злачынных дзеянняў у адносінах да пажылых людзей, якіх у сельскай мясцовасці пераважная большасць, дае свае вынікі. Але і дастатковая інфармаванасць пра тое, што нельга пускаць у дом незнаёмцаў, пакідаць іх у пакоі адных, не саромецца прасіць прад’явіць дакументы, не спакушацца на прапанову ўжыць спіртныя напіткі і ўвогуле быць пільнымі, калі завітаў чужы чалавек, які нешта просіць ці прапануе, не заўсёды  спрацоўвае — промахі людзі дапускаюць. Таму адразу ж пасля візіту трэба праверыць, ці на месцы каштоўнасці, а калі што прапала — неадкладна паведаміць пра гэта ў праваахоўныя органы.

32-гадовы жыхар нашага раёна разам з сяброўкай вярталіся з Глыбокага ў Паставы на спадарожным транспарце. Даехалі да адной з прыдарожных вёсак раёна. Тут зноў сталі галасаваць, але спыняцца ніхто не хацеў. У чаканні выпілі бутэльку гарэлкі, якую прыхапілі з сабой. Час ішоў, вечарэла, а транспарту і грошай не было. Вырашылі пайсці ў вёску, пазваніць сябрам і папрасіць іх пад’ехаць.

На вуліцы сустрэлі мужчын, у якіх спыталі, у каго ў вёсцы ёсць тэлефон. Тыя паказалі на дом, дзе жылі састарэлыя муж і жонка. Пастукалі ў дзверы, зайшлі ў хату. Гаспадыня выслухала просьбу і прапанавала скарыстацца стацыянарным тэлефонам. Мужчына пазваніў, расказаў знаёмаму пра сітуацыю — той адмовіў.  Дзяўчына ў гэты час выйшла на вуліцу, а яе спадарожнік застаўся. Сказаў гаспадыні, што сябры не хочуць па яго ехаць, і папрасіў грошай на білет, на што таксама атрымаў адмову. Нецвярозы візіцёр ад свайго не адступаўся, прасіў­ся, а калі зноў адмовілі, спытаўся, ці дадуць яму што паесці. Гаспадыня пачала яго выправаджваць і рушыла да дзвярэй. Зразумеўшы, што нічога не атрымае, за ёй падаўся і мужчына. На кухні на тумбачцы ляжаў мабільны тэлефон, які нязваны госць непрыкметна і прыхапіў.

Тое, што прапаў падарунак зяця, 75-гадовая гаспадыня заўважыла праз 3-4 гадзіны, пра што і паведаміла ў міліцыю. За гэты час злодзей паспеў дабрацца ў Паставы, дзе таксама пакінуў крымінальны след, а потым і ў сваю вёску. Гэтай жа ноччу да яго ў хату пастукалі супрацоўнікі міліцыі і канфіскавалі тэлефон, які потым вярнулі гаспадыні. Была ўзбуджана крымінальная справа па ч. 2 арт. 205 (крадзеж) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Суд прызнаў фігуранта вінаватым у крадзяжы, здзейсненым паўторна, і сваім рашэннем па ч. 2 арт. 205 пазбавіў грамадзяніна волі тэрмінам на 1 год. На падставе ч. 5 арт. 72 Крымінальнага кодэкса па сукупнасці злачынстваў шляхам частковага складання нованазначанага пакарання і пакарання, назначанага прыгаворам суда Глыбоцкага раёна ад 1 снежня 2014 года, грамадзянін асуджаны да пазбаўлення волі на 1 год 9 месяцаў з адбыццём тэрміну ў  папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Па рашэнні суда, у адносінах да асуджанага прыменена прымусовае лячэнне ад алкагалізму па месцы адбыцця пакарання.

Н. МАКСІМОВІЧ, суддзя.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.