Адны працавалі, іншыя — адпачывалі

Культура Общество

Пасля зімы і не вельмі цёплай і лагоднай ранняй вясны нарэшце засвяціла сонейка, адорваючы зямлю цяплом і святлом, выклікаючы дружны рост усяго жывога. Зацвілі цюльпаны, нарцысы, гіяцынты, прымулы і іншыя  веснавыя кветкі. А ў скверы, што ў цэнтры горада, нібы ўвабраўшы фарбы вясёлкі, радуюць вока сваёй шматколернасцю святочныя флажкі. Але ў пятніцу, 1 мая, большасць гара­джан аддалі перавагу не адпачынку, а працы на ўласных агародах і дачах. Не спыняліся палявыя работы і ў сельгаспрадпрыемствах.

У адкрытым акцыянерным таварыстве  “Навасёлкі-Лучай”  механізатары, як звычайна, вялі сяўбу кукурузы, пасадку бульбы, уносілі ўгнаенні, рыхтавалі глебу. Разам з імі ў першамайскай працоўнай вахце ўдзельнічала яшчэ 40 чалавек. Гэта намеснікі дырэктара, галоўныя спецыялісты, кадры сярэдняга звяна, работнікі бухгалтэрыі, падсобнай вытворчасці, жывёлагадоўлі, райветстанцыі і райсельгасхарчу.  Усе яны былі заняты ў асноўным добраўпарадкаваннем вуліц аграгарадка, тэрыторый каля ферм, ачышчалі ад рэшткаў кармоў сянажныя траншэі, выконвалі іншыя работы.

— У красавіку мы многае зрабілі па навядзенні парадку і чысціні не толькі на цэнтральнай сядзібе, але і ў сельскагаспадарчых аддзяленнях, — расказваў дырэктар прадпрыемства Ю. Ф. Шымчык. — Але як бы ні стараліся, работы яшчэ шмат, асабліва па знішчэнні хмызнякоў, пустазелля,  добраўпарадкаванні некаторых вытворчых тэрыторый. Людзі разумеюць важнасць такіх дзеянняў, таму і працуюць ахвотна.

З Юрыем Францішкавічам Шымчыкам пабывалі на тэрыторыі майстэрань, жывёлагадоўчага гарадка, на цэнтральнай вуліцы, дзе ўвішна працавала некалькі мужчын, а жанчыны з сельвыканкама фарбавалі агароджу. Сустрэлі і старшыню мясцовага сельскага Савета К. Э. Мядзведзева з бензапілой. У  бульбасховішчы дзяўчаты з бухгалтэрыі перабіралі бульбу.

Аб’ём работы  выкананы вялікі. У гэтай акцыі ёсць і другі бок медаля. Гледзячы на тое, як стараюцца навесці парадак у аграгарадку члены акцыянернага таварыства,  жаданне ўзяцца за рыдлёўку, граблі ці венік  павінна ўзнікнуць і ў іншых жыхароў.

А ў Доме культуры па вуліцы Станкевіча ў Паставах у дзень Першамая сабраліся сапраўдныя аматары духавой музыкі і эстрадных песень мінулых гадоў. Яны віталі ўдзельнікаў узорнага духавога аркестра прафтэхкаледжа і вакальна-інструментальнага ансамбля “Музей”.

За 22 гады сваёй творчай дзейнасці аркестр пад нязменным кіраўніцтвам Леаніда Косава стаў папулярным у горадзе, з’яўляецца лаўрэатам і дыпламантам розных конкурсаў і фестываляў. Вось і нядаўна юныя музыканты на абласным фестывалі-конкурсе «Арт-вакацыі-2015» сярод ўстаноў прафтэхадукацыі, прысвечаным 70-годдзю Вялікай Перамогі, заваявалі Дыплом I ступені. У святочны майскі дзень яны выканалі некалькі вядомых і новых твораў, якія ­нядаўна папоўнілі рэпертуар, і былі ўзнагароджаны шчырымі апладысментамі гледачоў.

Вельмі цёпла прысутныя віталі дэбютанта — ансамбль “Музей”. У яго складзе — вядомыя ў горадзе музыканты і салісты Пётр Кароль, Алена Кры­віцкая, Юрый Белік, Аляксандр Арлоўскі, Сяргей Гутар і маладая спявачка, выпускніца СШ №2 Ганна Бекіш. Яны аб’ядналіся разам, каб спяваць для свайго задавальнення, а потым зразумелі, што могуць парадаваць і гледачоў. Дэбют “Музея” ўдаўся. Слухачы ўпадабалі як добра вядомыя, але з часам забытыя песні, так і новыя.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.