Актыўны адпачынак — працы памочнік


І ўсё ж, які хуткаплынны час, падумалася мне, калі днямі пераглядаў свой архіў і натрапіў на гэты даўні фотаздымак. Амаль трыццаць гадоў прайшло з таго часу, калі мы, тады яшчэ ў сваёй большасці маладыя супрацоўнікі тагачаснай Пастаўскай узбуйненай друкарні, разам з некаторымі работнікамі раённай газеты “Звязда” адправіліся ў чарговую турыстычную паездку па памятных мясцінах Беларусі. За савецкім часам такія паездкі арганізоўваліся рэгулярна, а вось за граніцу можна было трапіць з правінцыі выключна арганізавана, калі прапаноўваліся групавыя калектыўныя пуцёўкі пераважна ў краіны так званага “сацыялістычнага лагера”.

На прафсаюзным сходзе вырашылі пабываць у Брэсце. Мясцовае аўтатранспартнае прадпрыемства выдзеліла новенькі аўтобус распаўсюджанай тады маркі “ЛАЗ” і двух маладых кіроўцаў, з якімі мы так пасябравалі, што і ў далейшым прасілі менавіта Генадзя Красоўскага і Тадэвуша Міхневіча быць з намі ў новых выездах. Удалося загадзя дамовіцца і з адміністрацыяй цэнтральнай гасцініцы Брэста, замовіць патрэбную колькасць нумароў. Пэўную частку расходаў на паездку выдаткавалі з прыбытку друкарні, нешта ўзялі з прафсаюзнай касы, выдзе­лілі асабістыя грошы.

У  такую далёкую паездку адправіліся маладыя супрацоўнікі, да якіх далучыўся паважаны ветэран журналістыкі Павел Парамонавіч Дзядзёнак (на здымку трэці справа). Побач з ім стаіць карэспандэнт Алесь Касцень. На жаль, абодва адышлі ў іншы свет, як і прыгожая і гарэзлівая ў маладосці наборшчыца машыннага набору Таццяна Жук’ян (на здымку яна стаіць побач з Касценем і Дзядзёнкам).

У той паездцы зрабіў шэраг здымкаў тагачасны фотакарэспандэнт Дзмітрый Курыловіч (крайні справа). Мы з ім здымалі нашу групу па чарзе, я асвоіў гэту справу падчас вучобы на журфаку Бел­дзяржуніверсітэта, дзе спецыяльны курс доўжыўся два гады. Гэты  здымак зроблены на ўваходзе ў музей прыроды з заапаркам Белавежскай пушчы, дзе мы  неўзабаве пабывалі на чарговай экскурсіі і пабачылі шмат жывёлін, уключаючы славутых беларускіх волатаў зуброў. Шмат уражанняў атрымалі ад знаёмства з крэпасцю-героем. Вельмі спадабаўся і сам Брэст. Падчас той памятнай паездкі наша група таксама пабывала на мемарыяльным комплексе “Хатынь”.

На зваротным шляху некалькі гадзін правялі ў беларускай сталіцы. Жанчыны зрабілі неабходныя пакупкі, а мужчыны пабывалі на чарговым футбольным матчы Усесаюзнага чэмпіянату, у якім адной з лепшых каманд з’яўлялася мінскае “Дынама”.

На здымку крайняя злева стаіць маладая інжынер-эканаміст друкарні На­дзея Іванова. Неўзабаве яе мужа-ваеннаслужачага перавядуць у іх родны Ленінград. Надзея Іванаўна праз пару гадоў вельмі дапамагла нам пры арга­нізацыі новай турыстычнай паездкі ў найпрыгажэйшы горад над Нявой.

Увогуле, цікавы і змястоўны адпачынак толькі дапамагаў нам паспяхова спраўляцца з вытворчымі справамі, а калектывы газеты і друкарні сябравалі, бо нездарма ж працавалі пад адным дахам, і некалі гэта была адна дзяржустанова.

Уладзімір ШЫК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.