Асабістым прыкладам

Спорт

Сёлета спаўняецца пяць гадоў, як пасля заканчэння Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці “Фізічная культура” Станіслаў Уладзіміравіч Чымбург па размеркаванні прыехаў працаваць у Паставы. Спачатку займаў пасаду намесніка дырэктара па асноўнай дзейнасці дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы, затым — дырэктара, а на працягу апошняга года ўзначальвае фізкультурна-спартыўны клуб.

Свет спорту вабіў Станіслава з дзяцінства. Не было ніводнага школьнага спаборніцтва, у якім бы ён не прымаў удзелу. Паказваў нядрэнныя вынікі ў лёгкай атлетыцы і футболе.

— Рэгулярна збіраліся з хлопцамі наводшыбе за гарадскім пасёлкам Лагішын, у якім я нарадзіўся і вырас. Самі скошвалі траву на полі, рабілі разметку, выкопвалі лініі, пасыпалі іх жоўтым пяском. Рабілі ўсё для таго, каб яно стала прыдатным для гульні ў футбол, — успамінае гады дзяцінства С. У. Чымбург. — Зараз, на жаль, зусім іншая рэальнасць: не дзеці бегаюць за мячом, а трэнеры з мячом — за дзецьмі. Калі прыязджаю на малую радзіму, з сумам гляджу на наша футбольнае поле. Там, дзе мы калісьці да знямогі гулялі ў футбол, растуць дрэвы.

У невялікім гарадскім пасёлку, дзе жыў Станіслаў, спартыўнай школы не было, адпаведна не было і магчымасці займацца якім-небудзь відам спорту на больш высокім узроўні. Пры такім раскладзе думаць пра вялікія спартыўныя дасягненні не даводзі­лася, таму пасля заканчэння школы вырашыў абраць прафесію выкладчыка фізічнай культуры. Ва ўніверсітэце сур’ёзна займаўся пешаходным турызмам і спартыўным арыентаваннем. Выканаў па гэтай тэхніцы першы разрад.

Месцам размеркавання Паставы сталі не выпадкова — гэта радзіма жонкі Станіслава, з якой пазнаёміўся падчас вучобы ва ўніверсітэце.

— Прызнаюся, некаторыя хваляванні спачатку былі. Але ўжо з першых дзён працы зразумеў, што не памыліўся ні з выбарам прафесіі, ні з першым рабочым месцам, — дзеліцца ўражаннямі ад першых прафесійных крокаў Станіслаў. — Праўда, як і многія маладыя спецыялісты, сутыкнуўся з тым, што тэарэтычныя веды не заўсёды супадаюць з практычнай дзейнасцю. Многаму давялося вучыцца. Ва ўсім дапамагалі В. А. Захарэвіч, С. М. Рамейка, Ю. Л. Дзядкоў, Л. С. Жук. Ніко­лі не чуў з іх боку адмовы.

Зараз у абавязкі С. У. Чымбурга ўваходзіць аргані­зацыя фізкультурна-аздараўленчых і спартыўна-масавых раённых мерапрыемстваў. Найбольш буйныя з іх праводзяцца сумесна з аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Гэта лыжня, лёгкаатлетычны крос, розныя спартакіяды. Бліжэйшая спартыўная падзея адбудзецца 23 мая. У райцэнтры збяруцца каманды рабят 2003—2004 і 2001—2002 гадоў нара­джэння з Глыбоцкага, Докшыцкага, Браслаўскага, Шаркаўшчынскага, Ушацкага і Пастаўскага раёнаў для ўдзелу ў абласных занальных спаборніцтвах па футболе «Скураны мяч». Акрамя асноўнай дзейнасці, Станіслаў Уладзіміравіч вядзе вучэбна-трэніровачную групу па валейболе.

— Я сам вяду здаровы лад жыцця і стараюся прывіць гэту норму паводзін сваім выхаванцам, — гаварыў С. У. Чымбург. — Па-першае, гэта адсутнасць шкодных звычак. Па-другое, імкнуся данесці да хлопцаў той факт, што калі яны і не стануць у будучым спартсменамі, то вырастуць фізічна моцнымі, а гэта таксама вельмі важна для гарманічнай асобы.

Пра тое, што заняткі спортам дапамагаюць знаходзіцца ў выдатнай спартыўнай форме, паляпшаюць настрой і надаюць сілы для асноўнай працы, Станіслаў Чымбург ведае па сабе: кожную сераду разам з калегамі і іншымі пастаўчанамі ў агульнай складанасці тры гадзіны аддае гульні ў валейбол і футбол.

Вераніка ФІЛАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.