Бацькоўскі дом — усяму пачатак


У бацькоўскім доме мы робім свае першыя крокі, спасцігаем жыццёвыя ўрокі. А становімся самастойнымі — вылятаем з роднага гнязда, абзаводзімся сваёй сям’ёй. Але ніколі не забываем таго месца, якое стала ўсяму пачаткам. Пра гэта карэспандэнту “Пастаўскага краю” Анне Анішкевіч расказалі:

Вайцех Фабіянавіч ВАРАШКЕВІЧ:

— Нарадзіўся ў Цешалаве. Бацькоўскі дом пакінуў рана — паступіў вучыцца. Час быў цяжкі. Але бацькі, як маглі, дапамагалі мне атрымаць адукацыю. Потым была вайсковая служба, якая “пакідала” па свеце. Толькі дзе б ні служыў, памятаў пра родных. Даўно няма мамы і таты, мне самому ўжо  70. Цяпер некаторы час жыву ў Маскве, некаторы — у Іспаніі. З сям’ёй нярэдка адпачываем на розных курортах. Але як толькі выдаецца магчымасць (звычайна два разы ў год), прыязджаю на ра­дзіму, дзе жыве сястра, наведваю магілы родных. Менавіта тут успамінаю дзяцінства, бацькоўскую навуку, чэрпаю сілы. У многім мой светапогляд памяняўся, але мудрыя наказы продкаў надзённыя і сёння, імі стараюся кіравацца ў жыцці.

Уладзіслаў Уладзіслававіч ЖУКЯН:

— Даўно маю ўласны прасторны дом, невялікі ўчастачак зямлі пры ім. Але ўсё роўна цягне ў Мольдзевічы, дзе з вясны да восені жыве мама (на зіму пераязджае ў добраўпарадкаваную кватэру ў Паставах). Я, мае дзеці, унук, уся вялікая радня любім бываць у гасцінным маміным доме, частавацца прысмакамі, якія яна гатуе ў печы. Кажуць, дрэва моцнае каранямі, рака — вытокамі, а сям’я — сваімі продкамі і па­кінутымі імі ў спадчыну рэчамі. Тата быў майстравым чалавекам. Вялікі дом і зручныя  гаспадарчыя пабудовы, прыгожая шалёўка, акуратныя вуллі — усё гэта праца яго рук і памяць для нас. Прытрымліваемся і тых традыцый, якія закладзены ў бацькоўскім доме, перадаём іх дзецям.

Уладзімір Іванавіч СОБАЛЬ:

— Усё дзяцінства прайшло ў дзядулі і бабулі ў невялікай вёсачцы на Глыбоччыне. Мы, малыя, умелі рабіць любую работу: жалі сярпамі жыта, касілі, садзілі і капалі бульбу, даглядалі жывёлу. Работа не дзялілася на жаночую і мужчынскую. Нароўні працавалі я, мае стрыечныя браты і сёстры. На той час нярэдка думаў: вырасту — “абсяду” ў горадзе, надакучыла гэта зямля. А адышлі ў свет іншы бабуля з дзядулем, і так шкада мне стала, што гэта прыгожае месца прыйдзе ў заняпад. Таму ўжо другі год, як там па-свойму наводжу парадкі: павысякаў хмызняк, пасадзіў яблынькі і слівы, зрабіў парнік, змайстраваў альтанку. З задавальненнем кожныя выхадныя спяшаюся туды з Пастаў.

Валянціна Ананьеўна ШАТКОЎСКАЯ:

— Мая маленькая радзіма — вёска Лотва, што ў Мядзельскім раёне. Нас у бацькоў былі дзве дачкі. Малодшая Ала жыве ў Мінску, я — у Паставах. Знаходзілася нямала жадаючых купіць наш вясковы дом, бо стаіць ён у прыгожым месцы, недалёка ад возера. Мы ж вырашылі захаваць спадчыну. Зрабілі рамонт і з вясны да восені любім там бываць. Дом для нас як жывая істота, повязь з бацькамі. Гэтак хораша сабрацца на панадворку вялікай раднёй і пасядзець ля вогнішча, пасмажыць шашлык, пагаварыць шчыра і адкрыта. Гэты дарагі і любы куточак мне часта сніцца, тут я адпачываю душой. Менавіта душой. Вяртаюся, напрыклад, з Турцыі, а сэрца рвецца на лотвінскае возера. Ступлю босымі нагамі на мяккую травіцу, удыхну водар бэзу і яблыневага цвету — і нейкім цуда­дзейным бальзамам напоўніцца сэрца.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.