“Дакладна ведала: хачу стать журналістам”


Пастаўчанка Дар’я Пронька — студэнтка Інстытута журналістыкі Белдзяржуніверсітэта. Пра свае мэты, мары і захапленні дзяўчына расказвае карэспандэнту “Пастаўскага краю”.

— Даша, як пачынаўся твой шлях у журналістыку?

— Мая мама, яна ж настаўніца беларускай мовы і літаратуры СШ №3 Наталія Алегаўна Пронька, бачыла мае задаткі, ведала, як я пішу сачыненні. Таму аднойчы прапанавала напісаць заметку пра адпачынак у АДРАЦ “Ветразь”. Я напісала і аднесла ў рэдакцыю раённай газеты. Пісьмо было надрукавана. Памятаю, перад гэтым мне пазванілі з рэдакцыі і азнаёмілі з унесенымі праўкамі. Я падумала: навошта мяне папярэджваюць, рэдактару ж лепш ведаць, што і як паправіць. Але пасля зразумела іншае: мяне ўспрынялі як сур’ёзнага аўтара і маё слова ацанілі.

І гэта прыдало ўпэўненасці, у мяне выраслі крылы. Потым было шмат іншых заметак, што дапамагло пры паступленні.

— І ты пасля заканчэння школы ўжо ведала, куды павязеш дакументы?

— Сярэднюю школу закончыла з залатым медалём. Я дакладна ведала: хачу стаць журналістам. А вось з навучальнай установай не вызначылася. Справа ў тым, што я вучылася на падрыхтоўчых курсах у Віцебскім дзяржаўным універсітэце, і як бы ўсё ішло да таго, што і паступаць паеду туды. Але мне вельмі хацелася ў БДУ, і мы з мамай адправіліся ў Мінск. Абмеркавалі ўсе нюансы. Калі ж засталася сам-насам перад выбарам спецыяльнасці, перавагу аддала міжнароднай журналістыцы, чым засмуціла маму: яна перажывала — а раптам балаў не хопіць. Хапіла! Я паступіла і ўжо вучуся на чацвёртым курсе.

— Па ўсім бачна: не шкадуеш, што выбрала журналістыку…

— Я шчаслівая тым, што паступіла менавіта ў Інстытут журна­лістыкі Белдзяржуніверсітэта. Гадзінамі магу расказваць, як мне падабаецца вучыцца, і якое гэта шчасце, што мая будучая спецыяльнасць — міжнародная журналістыка. Ва ўніверсітэце штогод праводзяцца фестывалі факультэтаў, і мне заўсёды даручаюць прэзентаваць сваю спецыяльнасць. Кожны раз раблю гэта з вялікім задавальненнем. Як і кожную раніцу прачынаюся з радасцю ад таго, што наступіў новы дзень і я пайду на заняткі, убачу любімых выкладчыкаў, сваіх сяброў-студэнтаў.

— Раскажы, што ты ўжо ведаеш пра сваю будучую спецыяльнасць.

— Я паставіла перад сабой мэту як мага больш даведацца пра міжнародную журналістыку. На трэцім курсе мы вызначаліся са спецыялізацыяй, і я выбрала міжнародную палітыку. З міжнароднай медыйнай прасторай знаёмлюся не толькі тэарэтычна. На практыцы ўсе работы выконваем на падставе англійскай і амерыканскай прэсы, прытым чытаем усё ў арыгінале. Акрамя таго, падчас штогадовай практыкі імкнуся выбіраць кірунак, звязаны з міжнароднай прасторай.

— Можа, ужо і навуковай работай займаешся?

— Так, і адводжу ёй шмат часу. 13—17 красавіка ў Маскве праходзіў Міжнародны маладзёжны форум “Ламаносаў-15”, а ў яго рамках — ХХІІ міжнародная навуковая канферэнцыя студэнтаў, аспірантаў і маладых вучоных. Па прадстаўнічасці форум не меў аналагаў у свеце — яго ўдзельнікамі сталі прадстаўнікі з 42 краін свету. І мне пашчасціла папрысутнічаць і выступіць з дзвюма працамі. Першая — “Магчымасці медыйнай інфармацыйнай рэалізацыі праграмы Еўрапейскага саюза “Беларусь — Літва — Латвія” ў рамках еўрапейскага інструмента добрасуседства і партнёрства”. Асвятляла некалькі праектаў, і адзін з іх прысвячаўся супрацоўніцтву двух раёнаў — Пастаўскага і Рокішскага. Да гэтага сустракалася з намеснікам старшыні райвыканкама Ю. М. Кісялёвым, які мне расказваў пра работу, што праводзіцца ў гэтым напрамку. Карысталася публікацыямі, змешчанымі ў “Пастаўскім краі”, іншымі крыніцамі. Другую працу — “Перспектывы працаўладкавання выпускнікоў прыродазнаўчых і інжынерна-тэхнічных спецыяльнасцей ВНУ на атамнай станцыі за мяжой” — пісала са студэнткай-аднакурсніцай. Разам і ў Маскву ездзілі.

Уявіце, упершыню выступала перад такой прадстаўнічай аўдыторыяй. Мне задавалі пытанні, і я на іх адказвала. Хвалявалася, але ўсё цудоўна! Абедзве працы ацэнены высока. Акрамя сертыфікатаў, дамоў прывезла дыскі з навуковымі працамі, сувеніры. Мяне запрашалі прыняць удзел у форуме і ў наступным годзе.

Разумею, што газетная пло­шча не дазволіць, а то можна было б падзяліцца ўражаннямі ад Масквы і масквічоў і, вядома ж, Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М. В. Ламаносава, дзе праходзіў форум і дзе я жыла, расказаць пра новыя знаёмствы.

Гутарыла Галіна ПІШЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.