Дэбютанты сталі пераможцамі

Личности

У красавіку ў Віцебску прайшло першынство вобласці па стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі, прысвечанае 70-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Пастаўчане сталі пераможцамі.

У спаборніцтвах удзельнічалі чатыры каманды абласной арганізацыйнай структуры ДТСААФ і па адной з Браслава, Верхня­дзвінска, Наваполацка, Талачына, Лепеля і Пастаў. Нашу  раённую арганізацыйную структуру ДТСААФ прадстаўлялі стралкі прафтэхкаледжа сельскагаспадарчай вытворчасці, якія  гэтай зімой упэўнена перамаглі ў раённых спаборніцтвах.

— На першынстве Віцебшчыны па стральбе наша каманда дэбютавала ў мінулым годзе і  была трэцяй, — расказваў старшыня раённай арганізацыйнай структуры ДТСААФ В. А. Лушчык. — Тады многія са спецыялістаў гэты поспех палічылі выпадковасцю, спартыўнай удачай. Сёлетняе выступленне пацвердзіла, што ў Паставах стральба з пнеўматычнай вінтоўкі набывае ўсё большую папулярнасць сярод школьнікаў і навучэнцаў прафтэхкаледжа. Ёсць і сапраўдныя трэнеры-энтузіясты. У іх ліку ў першую чаргу хацеў бы назваць выкладчыка фізічнага выхавання каледжа Юрыя Барысавіча Трафімава. Сярод дзясяткаў навучэнцаў ён здолеў выявіць і зацікавіць некалькі чалавек, якія сур’ёзна захапіліся стралковым спортам.

Права выступіць на абласных спаборніцтвах заваявалі Ілья Адамовіч, Канстанцін Шэршань і Таццяна Ждановіч. Але Таццяна па аб’ектыўных прычынах не змагла трэніравацца, таму яе замяніла сястра Надзея, якая таксама вучыцца ў каледжы і займаецца стральбой з пятага класа. Вопыту ўдзелу ў такіх спаборніцтвах у дзяўчыны не было. Нягледзячы на гэта, Надзя не разгубілася і пасля 20 выстралаў набрала 127 ачкоў, намнога апярэдзіўшы бліжэйшых саперніц. Сярод дзяўчат яна стала першай, сярод усіх удзельнікаў першынства паказала трэці вынік.  Выдатна выступілі таксама Ілья Адамовіч і Канстанцін Шэршань, якія занялі адпаведна трэцяе і чацвёртае месцы. А ўсе разам святкавалі камандную перамогу.

Як адзначыў Ю. Б. Трафімаў, у аснове гэтага поспеху настойлівыя трэніроўкі, сапраўдная захопленасць, вялікае жаданне ўдасканальваць майстэрства. Вельмі многае значаць падтрымка і асабістая зацікаўленасць старшыні раённай арганізацыйнай структуры ДТСААФ, былога кадравага афіцэра-“афганца” Валерыя Антонавіча Лушчыка. Дзякуючы яму ў раёне стралковы спорт знаходзіць сярод моладзі ўсё больш прыхільнікаў.

На цырымоніі ўшаноўвання стралкоў, якая праходзіла ў прафтэхкаледжы, да каманднага і асабістага кубкаў і дыпломаў, пнеўматычнай вінтоўкі, атрыманых ад  арганізатараў першынства,  дабавіліся Ганаровыя граматы, грашовыя прэміі і памятныя сувеніры  раённай арганізацыі ДТСААФ. Падзякаваўшы рабятам за выдатную перамогу, В. А. Лушчык і дырэктар навучальнай установы М. М. Лысёнак  пажадалі ім новых спартыўных перамог, выказалі надзею, што стралковы спорт захопіць і іншых маладых пастаўчан.

Тэкст і фота

Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.