Дзесяць залатых і адзін сярэбраны медалі

Спорт

Такі “ўлоў” прывезлі пастаўчане з абласнога фестывалю плавання “Залатая рыбка-2015” на прызы Аляксандры Герасімені.

Другі этап рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў па плаванні адбыўся 25 красавіка на спартыўнай базе Віцебскага кадэцкага вучылішча. У іх прынялі ўдзел каманды Віцебска, Наваполацка, Полацка, Оршы і Пастаў. Спаборніцтвы праводзіліся ў дзвюх узроставых групах і сярод сямейных эстафетных каманд. У праграму ўсіх этапаў уваходзілі індывідуальныя заплывы на дыстанцыі 25 м вольным стылем і эстафетнае плаванне сямейных каманд 3х25 м  вольным стылем.

У малодшай узроставай групе спартсменаў фізкультурна-аздараўленчага комплексу па вуліцы Станкевіча прадстаўлялі Лізавета Кліпа, Аляксей Гутар і Пётр Трава, у старэйшай  — Дар’я Дубовік, Яна Ігнатовіч, Раман Галазубец і Кірыл Гембіцкі. Усе паказалі добрыя вынікі, а Лізавета Кліпа заваявала залаты медаль, Дар’я Дубовік — сярэбраны.

Спаборніцтвы сярод сямейных эстафетных каманд (тата, мама і дзіця не старэй за 2005 год нараджэння) праводзіліся па чатырох узроставых групах. Іх фарміраванне ажыццяўлялася шляхам падсумоўвання ўзросту ўсіх трох удзельнікаў. У другой  групе ( сумарны ўзрост — 71-80 гадоў) выступалі Руслан Якубавіч, Святлана Ста­ніславаўна і Кірыл Гембіцкія. У сямейную эстафетную каманду трэцяй групы (да 90  гадоў) уваходзілі Павел Юр’евіч, Іна Уладзіміраўна і Пётр Трава. Юрый Яўгеньевіч, Вольга Альфонсаўна і Лізавета Кліпа стартавалі сярод удзельнікаў чацвёртай групы, дзе сумарны ўзрост каманды  перавышаў 90 гадоў. Пастаўчане выступілі выдатна: занялі тры першыя месцы, узнагаро­джаны Кубкамі і  Дыпломамі I  ступені ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама, а ўсе члены каманд —  залатымі медалямі.

Поспех пастаўскіх плыўцоў стаў вялікай нечаканасцю як для арганізатараў фестывалю, так і для каманд, якія займаюцца ў спецыялізаваных школах, з намнога лепшымі ўмовамі.

— Мы разлічвалі на некалькі медалёў рознай вартасці, а атрымалі ўпэўненую камандную перамогу, — адзначыў трэнер пастаўчан А. А. Бучнеў. — Дзякуй за гэта ўсім ­удзельнікам спаборніцтваў. Цяпер іх чакае яшчэ большае выпрабаванне.

Сёння ў Мінску праходзіць трэці, фінальны, этап “Залатой рыбкі” сярод зборных каманд шасці абласцей і г. Мінска. Віцебшчыну будуць прадстаўляць нашы плыўцы.

Пётр КУРЫЛОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.