“Дзяцінства ў нас не было”


Вёска скаланулася ад жаху — у яе ўвайшлі фашысты і першае, чым заявілі пра сябе, — расстралялі яўрэйскую сям’ю. Пагналі ў лес бацькоў і дзяцей, загадалі ўзяць з сабой лапаты (няшчасныя самі сабе капалі магілу). Абязножаную бабулю, якая не магла выйсці з хаты, закалолі штыком у ложку.

Гэта была адзіная яўрэйская сям’я ў Сямёнавічах (Шаркаўшчынскі раён). Ніхто з яе не зрабіў нічога дрэннага для суседзяў-беларусаў. Жылі ў згодзе і паразуменні. І вось такая жорсткая і несправядлівая пагібель…

Тая трагедыя назаўжды ўрэзалася ў памяць шасцігадовай Лілі Райчонак (зараз — Сычовай), як і ўсіх, ад старога да малога, жыхароў Сямёнавіч. Потым акупанты наведваліся ў вёску зноў і зноў, рабуючы дабро і наганяючы на лю­дзей страх. Нягледзячы на небяспеку, Лілін тата Мікалай падтрымліваў сувязь з партызанамі. А аднойчы ў іх хату пастукалі чырвонаармейцы. Адзін быў паранены ў галаву, другі — у нагу. Па прычыне ранення яны адсталі ад сваёй вайсковай часці. Гаспадар схаваў байцоў на гарышчы, а затым падвёз на кані да ракі, аддаў сваю лодку і адправіў да Дзісны, дзе ўжо стаялі савецкія войскі. Мікалай слухаў па радыёпрыёмніку, схаваным у садзе, зводкі Савінфармбюро і ведаў, што адбываецца на франтах. Аднойчы яго айчым данёс пра гэта немцам, і тыя вырашылі расстраляць Мікалая. Заступілася ўся вёска, і фашысты, злітаваўшыся, пасадзілі яго ў зямлянку.

На шчасце, удалося ўцячы. Але ўсё адно не мінаваў фашысцкіх рук, і не адзін, а з усёй сям’ёй. Яго з жонкай і шасцігадовай дачушкай і маці з айчымам, як і іншых вяскоўцаў, вывезлі на прымусовую працу ў Германію (не забіралі толькі зусім старых ды маці з груднічкамі). Перад дарогай загадалі запрэгчы коней і пагрузіць у павозкі ўсё дабро, што мелі людзі (якое потым перад адпраўкай з Шаркаўшчыны на станцыю ў Глыбокае і адабралі ў іх). А самі ўзяліся рэзаць кароў, свіней, курэй, іншую жыўнасць — папаўняць свае харчовыя запасы.

Вязні ж галадавалі. І ў таварных вагонах, куды іх загрузілі, нібы жывёлу, і пазней — у лагеры. Пасялілі ў даўжэзных дашчаных бараках, разбітых на “пакоі”, у кожным з якіх размяшчалі па 25 чалавек. Пасярод пакоя стаяла жалезная печка, але цяпла ад яе не хапала, заўсёды было холадна. Падушкі і матрацы — з драўнінных стружак, у якіх з часам распладзіліся клапы і даймалі людзей. Немцы сталі травіць насякомых газам, пасля чаго ў бараку не было чым дыхаць.

— А як хацелася есці! — працягвала свае горкія ўспаміны Лілія Мікалаеўна Сычова. — Увосень нехта прарваў унізе металічную сетку лагернай агароджы, і мы, малыя, прапаўзалі праз гэты лаз і збіралі ў полі, з якога ўжо была выкапана бульба, маленькія, з арэшак, клубні, а ў бараку мылі іх, рэзалі на скрылёчкі і “прылеплівалі” іх да сценкі печкі, каб спякліся. Пазней, калі лагер разбамбілі, раздабывалі са згарэлага млына кавалкі гарэлай зліплай мукі і на кастры варылі з яе ў бляшанках з-пад кансерваў кашу.

Фронт набліжаўся да іх гарадка, і фашысты сталі знішчаць нявольнікаў: спачатку заганялі ў лес і расстрэльвалі моладзь, у наступную чаргу — мужчын, а ўрэшце пагібель чакала ўсіх. Лагер нават збіраліся замініраваць… Але яго разбамбілі амерыканскія самалёты. Карціна была жахлівая — загінулі сотні чалавек.

Сям’і Райчонак пашанцавала: яны ўсе ўцалелі. У трамвайным дэпо, дзе працаваў Мікалай, меўся бункер. Майстар-немец параіў схавацца ў ім, папрасіўшы ўзамен заступіцца за яго, каб не расстралялі, як прыйдуць рускія.

— Больш за два тыдні прасе­дзелі там, аж пакуль не выявілі эсэсаўцы, — расказвала былая малалетняя вязень. — Уцяклі на могільнік. Горад быў разбіты ўшчэнт, літаральна над галовамі ляталі снарады. Было страшна і крыўдна: вось-вось Перамога, а смерць — яшчэ бліжэй.

Мінулі дзесяцігоддзі, а тыя жудасныя падзеі помняцца Ліліі Мікалаеўне Сычовай і сёння. Гэту жанчыну добра ведаюць у Паставах. 28 гадоў яна адпрацавала на малочным заводзе, мае нямала грамат і падзяк, удастоена ордэна “Знак Пашаны”. Мае дзвюх дачок, трох унучак і траіх праўнукаў. Самае вялікае яе жаданне — каб над імі заўсёды было мірнае неба.

— Не магу глядзець па тэлебачанні пра падзеі ва Украіне, — прызналася жанчына. — Адразу падымаецца ціск, збіваецца рытм сэрца. Як не разумеюць палітыкі, што мір — самае дарагое на зямлі?

Фаіна КАСАТКІНА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.